Беларускую дэлегацыю на саміт у Празе ачоліць Уладзімір Сямашка

Віцэ-прэм'ер беларускага ўраду Ўладзімір Сямашка можа ачоліць беларускую дэлегацыю на саміт ЕС у Празе. Пра гэта Еўрарадыё стала вядома са сваіх крыніц у Чэхіі.

Нагадаем, саміт "Усходняга партнёрства" распачнецца ў чэшскай сталіцы 7 траўня. Запрашэнне на яго атрымаў і Аляксандр Лукашэнка, аднак у ЕС узніклі спрэчкі наконт яго прыезду ў Прагу. Многія еўрапейскія палітыкі спадзяюцца, што беларускую дэлегацыю ачоліць хтосьці іншы. У прыватнасці, называліся міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў альбо кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей.

Палітолаг Юрый Шаўцоў мяркуе, што прызначэнне Сямашкі кіраўніком дэлегацыі малаверагодна. Аднак, калі гэта сапраўды адбудзецца, то будзе азначаць, што Сямашка разглядаецца, як будучы прэм'ер-міністр.

Юрый Шаўцоў: “Безумоўна, гэта нечаканасць, калі яно сапраўды так будзе. Калі казаць пра Сямашку, гэта ёсць ключавы намеснік прэм’ер-міністра, які курыруе энергетычныя пытанні. І ў прынцыпе, гэта ёсць фігура нумар 2 у нашым гаспадарчым блоку. Калі ён паедзе туды, ну гэта агледзіны яго як будучага прэм’ера, і досыць хутка будучага".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)