Политика
Анастасія Зелянкова

Беларускія ўлады збіраюцца адпускаць палітзняволеных?

Кіраўніцтва Наваполацкай спецкамендатуры прыняла рашэнне рэкамендаваць да ўмоўна-датэрміновага вызвалення Паўла Севярынца. Пасяджэнне суда, дзе будзе вырашацца гэтае пытанне, адбудзецца 22 траўня. Разам з тым Вярхоўны суд адтэрмінаваў адказ на скаргу адвакатаў Казуліна адмяніць прыгавор. Можна падумаць, што ўлады збіраюцца выконваць патрабаванні еўрапейскай супольнасці аб вызваленні палітзняволеных і шукаюць найбольш прыдатныя для гэтага спосабы і фармулёўкі.

Як паведамілі былому адвакату Казуліна Ігару Рынкевічу ў Вярхоўным судзе, нягледзячы на заканчэнне 19 траўня тэрміну для адказу на скаргі адвакатаў, ніводзін з намеснікаў старшыняў суда яшчэ не падпісаў адпаведнае рашэнне. У судзе спасылаюцца на тое, што “не паспяваюць разгледзець справу, а з намеснікаў старшынь нікога няма”.

— Думаю, што такое адтэрмінаванне адносна крымінальнай справы супраць Казуліна выклікана неабходнасцю пошуку ўладай “прыгожай формы” яго поўнага вызвалення, — адзначае Ігар Рынкевіч. — Матэрыялы справы, яе сутнасць не з’яўляюцца складанымі для аб’ектыўнага вырашэння высокапрафесійнымі суддзямі Вярхоўнага суда, і пэўны суддзя мог ужо падрыхтаваць праект адказу для падпісу аднаго з замаў старшыні суда Валянціна Сукалы.

У сваіх скаргах абаронцы Казуліна патрабуюць ад старшыні Вярхоўнага суда прынесці пратэст на прадмет адмены прысуду, спынення справы за адсутнасцю ў дзеяннях Казуліна составу злачынства і вызвалення палітыка.

Таксама стала вядома, што другога палітзняволенага — Паўла Севярынца — у бліжэйшы могуць вызваліць умоўна-датэрмінова. Заўтра ў Наваполацке адбудзецца пасяджэнне суду па УДВ.

Нагадаем, заснавальнік “Маладога фронта” Павел Севярынец з 2005 года адбывае пакаранне за арганізацыю моладзевых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму аб трэцім прэзідэнцкім тэрміне Аляксандра Лукашэнкі. Суд прыгаварыў яго да папраўчых прац, Севярынец адбывае пакаранне на поўначы Віцебшчыны ў вёсцы Малое Сітна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)