Беларускі пісьменнік атрымаў прэмію «Зроблена ў Расіі» і прысвяціў яе Шарамету

Саша Філіпенка ўганараваны прэміяй расейскага часопісу «Сноб» за свой трэці раман «Цкаваньне».

Падчас уганараваньня Саша Філіпенка выступіў з прамовай:

«Я хацеў бы падзякаваць тым, хто намінаваў мяне, падзякаваць тым, хто за мяне галасаваў. Мне сёньня паведамілі, што калі я раптам выйграю прэмію «Зроблена ў Расеі» — стану першым замежнікам, які яе атрымаў. Мне гэта не здаецца дзіўным, бо нягледзячы на тое, што кніга ў асноўным пісалася ў Францыі і пісалася ў асноўным беларусам, усё напісанае ў ёй, на жаль, сапраўды зроблена ў Расеі.

Я б хацеў сказаць асобны дзякуй часопісу «Сноб». Некалькі гадоў таму часопіс першы надрукаваў урывак тады яшчэ не апублікаванага раману «Былы сын». Прачытаўшы ўрывак, Павал Шарамет патэлефанаваў майму цяперашняму выдаўцу Барысу Пастэрнаку і сказаў: «Бора, трэба тэрмінова публікаваць»…

І вось праз тры гады Паўла з намі няма, а я атрымліваю прэмію «Сноба» за раман, у якім распавядаецца, як журналіста цкуюць за ягоную прафэсійную дзейнасьць. З вашага дазволу я хацеў бы прысьвяціць гэтую прэмію Паўлу Шарамету. Дзякуй».

***

Саша Філіпенка, пісьменьнік і журналіст, ляўрэат «Рускай прэміі» 2014 году, аўтар раманаў «Былы сын», «Задумы», «Цкаваньне».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)