Лица

Беларускі музыкант упершыню намінуецца на «Грэмі»

Гэта бубнач гурту IQ48 Антон Мацулевіч, на музыку якога амерыканскі рэпер напісаў неадназначную песню пра наркагандляроў.

Беларускі музыкант і бітмэйкер, бубнач гурту IQ48 Антон Мацулевіч (Tony Fadd) выклаў сваю музыку ў вольны доступ у сеціве. Яна спадабалася маладому амэрыканскаму рэпэру Ўілі Максвэлу (Fetty Wap), які напісаў на яе словы.

Іх сумесны сынгл «Trap Queen» стрэліў неверагодна: дасягнуў 2-й пазыцыі ў Billboard, стаў плятынавым у Амэрыцы, Новай Зэляндыі і Даніі, залатым у Аўстраліі і Вялікабрытаніі.

Яго колькасьць праглядаў на Youtube імкнецца да 400 мільёнаў праглядаў (на Soundcloud яшчэ 127 мільёнаў праслухоўваньняў).

Трэк зацанілі Jay-Z і Біёнсэй ды перасьпявалі Эд Шыран і Тэйлар Сьвіфт, якія на сёньня ўваходзяць у тройку самых пасьпяховых выканаўцаў у сьвеце. Ролік на песьню прызнаны найлепшым відэа дэбютанта на MTV Video Music Awards.

На галоўнай гіп-гоп прэміі ў ЗША BET Hip Hop Awards гэтая праца прызнаная песьняй году, а сам Антон названы прадусарам году (прадусар у іх разуменьні — той, хто ўкладаецца ўменьнямі ды талентам у музыку, а не грашыма і сувязямі, як у паняцьці расейскім).

Ну і самы істотны і гістарычны факт, як для беларускай музыкі — упершыню беларус стаў намінантам прэміі «Грэмі». Трэк Антона Мацулевіча «Trap Queen» прэтэндуе на перамогу ў намінацыі «Найлепшая рэп-песьня» (у намінантах тут таксама «All Day» Канье Ўэста з Полам Макартні, «Alright» Кендрыка Ламара, «Energy» Дрэйка і «Glory» Common & John Legend). Выканаўца «Trap Queen» Fetty Wap мае яшчэ і намінацыю «Найлепшы рэп-выступ».

Антон Мацулевіч атрымаў ужо прапановы аб супрацы ад іншых артыстаў. Неўзабаве трэк на яго музыку прэзэнтуе Fall Out Boy. Пры гэтым працягвае граць у IQ48, а нядаўна паўдзельнічаў у запісе новай песьні гурту:B:N: «Хвалі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)