Общество
Алена Літвінава, Радыё Свабода

Беларускі мэдык — бацька 4 дзяцей — загінуў у вайне на Данбасе

Берасьцейскі добраахвотнік Алег Падароўскі, які служыў у батальёне «Гаспітальеры», загінуў ад хваробаў і траўмаў, атрыманых у часе баявых дзеяньняў на Данбасе.

Падчас пахаваньня яго нацыянальнасьць не афішавалася. Сёньня Свабода даведалася, што гаворка пра беларуса.

— Алег загінуў у кастрычніку (мінулага году — РС) і пахаваны ў Дняпры побач з нашымі байцамі-героямі, — паведаміла Радыё Свабода камандзір батальёну «Гаспітальеры» Ўкраінскай добраахвотніцкай арміі Яна Зінкевіч.

Паводле яе, Алег Падароўскі служыў у батальёне з 2014 году.

— Ён удавец, у яго засталіся чацьвёра дзетак, якіх цяпер даглядае ягоная маці ў Беларусі, — дадала яна. — Алег выратаваў не аднаго байца і транспартаваў дзясяткі, выконваў абавязкі парамэдыка і кіроўцы на пазыцыях у Шырокіным.

Камандзір батальёну «Гаспітальеры» таксама дадала, што Алег Падароўскі захварэў увосень 2015 году:

— Мы ўвесь гэты час змагаліся за ягонае жыцьцё, але, на жаль, хвароба аказалася мацнейшай.

Алег Падароўскі зь Берасьця стаў другім беларусам, які загінуў на Данбасе. Ён нарадзіўся 30 ліпеня 1984 году. Самаабвешчаныя ўлады гэтак званых народных рэспублік уключылі ягонае імя ў сьпіс свайго «Трыбуналу» — базы дадзеных людзей, якіх яны абвінавачаюць ў «злачынствах супраць мірных жыхароў Данбасу».

У жніўні 2015 года ў выніку цяжкага параненьня ў баі пад Белакаменкай на Данбасе пасьля некалькіх тыдняў комы памёр былы старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД Алесь Чаркашын. Ён ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правы сэктар» пад пазыўным «Тарас».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)