Беларуская гісторыя Лізы Кудроў

Зорка папулярнага амэрыканскага тэлевізыйнага сэрыялу 90-х і пачатку гэтага стагодзьдзя "Сябры/Friends" Ліза Кудроў разам з тэлеканалам NBC і праэктам "Як думаеш, хто ты такі?" раскрыла гісторыю сваёй сям'і. Аказалася, што шляхі яе продкаў вядуць у Беларусь.

Вядомая гледачам сіткома "Сябры/Friends" як безбашанная Фібі Буфэ, галівудзкая зорка Ліза Кудроў вырашыла высьветліць гісторыю сваёй сям'і. Не проста для сябе - для бацькі, для ўсёй сваёй сям'і.

Большасьць амэрыканскіх габрэяў - выхадцы з Усходняй Эўропы. Бацька Лізы - Лі Кудроў - адзін з іх. Гады яго дзяцінства прайшлі ў Беларусі.

Гертруда Фарберман - маці Лі, бабуля Лізы. Аднойчы ўнучка, гуляючы з лялькамі, спытала яе ці сумуе тая па сваіх бацьках. Бабуля заплакала. Адказ на пытаньне быў кароткі: "Матулю забіў Гітлер нажом у сьпіну".

З гэтых дзіцячых успамінаў Лізы пачынаецца яе размова з бацькам. Лі ўзгадвае ўжо эпізод свайго юнацтва, калі ён апошні раз у жыцьці - у 1947 ці 1948-м годзе - бачыў свайго стрыечнага брата Юрыя Барудзіна, які нібыта бачыў як забівалі ўсіх жыхароў іх паселішча, у тым ліку і бабулю Лізы Гертруду - Меру Мардуховіч. Таксама Лі паведамляе, што да яго нейкім чынам дайшлі зьвесткі, што Юры памер.

Ведаючы толькі імя бабулі, назвы месца, дзе жыла сям'я - вёску Ілія, ды карабля, на якім служыў дзядзька Лізы Юры Барудзін, - "Баторы", актрыса накіроўваецца на пошукі ў Беларусь.



Ліза, па яе словах, была б вельмі рада, калі б знайшла хоць нейкія сьляды яе продкаў. Бо дакумэнты маглі быць зьнішчаны вайной. Ды і ці жыве яшчэ хто з людзей, якія памятаюць тыя часы ды маглі ведаць продкаў Лізы, - пытаньне.

На дапамогу Лізе прыходзіць Тамара Вяршыцкая, дасьледвальнік габрэйскай гісторыі. Разам з ёй яны едуць у Маладэчна, дзе даведваюцца, што прабабуля Лізы Мера была забіта і спалена разам з сотнямі сваіх савяскоўцаў.

Праз імгненьне Ліза даведаецца, што яе прабабуля з сотнямі сувяскоўцаў была спаленая

Шакіраваныя такімі падрабязнасьцямі, яны едуць у Ілію - вёску за 60 кілямэтраў ад Менску.

Ліза пазнае мясьціны, якія яна бачыла на бацькоўскіх здымках.

Сустрэча з жыхарамі паселішча пралівае новыя падрабязнасьці на тыя жудасныя падзеі, якія расказваюць жахлівыя дэталі таго чорнага для сям'і Лізы і дзесяткаў іншых сем'яў жыхароў Іліі дня.

Жыхары Іліі дапамагаюць Лізе Кудроў высьветліць падрабязнасьці таго жахлівага дня, калі забівалі яе прабабулю Меру Мардуховіч

Стоячы на рынкавай плошчы вёскі, чытаючы ўспаміны сабарных Тацьцянай сьведкаў, наведваючы помнік забітым жыхарам Іліі, у Лізы на вачах зьяўляюцца сьлёзы - ад болю, жаху і жалю ад таго, што адбывалася ў тыя часы.

Але наперадзе яе чакае амаль неверагоднае - тое, аб чым яна толькі марыла - сустрэча са сваякамі. Яна знаходзіць інфармацыю пра аднаго з жаўнэраў карабля "Баторы" Юрыя Барудзіна, які, пераехаўшы ў Польшчу, зьмяніў сваё імя і стаў Балеславам.

Па яго сьлядах Ліза едзе ў польскую Гдыню, дзе з супрацоўнікам музэю яны высьвятляюць, што ў горадзе сёньня жыве сям'я Барудзіных. А імя Балеслаў у тэлефоннай кнізе кажа, што брат бацькі Лізы жывы!

Сустрэўшы ў той жа дзень Балеслава, яго сына Анджэя і ўнука Томека, яна даведваецца цудоўную гісторыю выратаваньня Балеслава-Юрыя, які пазьбегнуў ссылкі ў Сібір, ды паведамляе гэтыя неверагодныя весткі свайму бацьку.

Ліза Кудроў на фоне беларускіх прастораў, якія яна пазнала па бацькоўскіх здымках

Шчасьлівая сустрэча сваякоў праз час і праз акіян прыносіць незабыўныя пачуцьці сем'ям Барудзіных і Кудроў, разлучаных самай страшэннай у гісторыі вайной.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)