Лица
Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Беларускамоўны дэбют «Мумий Тролля» (відэа)

Гурт «Мумий Тролль», прызнаны на сёлетняй прэміі МУЗ-ТВ найлепшым рок-гуртом у Расеі, запісаў для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» беларускую вэрсію свайго гіта «Кантрабанды» з альбома «8».

Ільля Лагуценка кажа, што мае да нашае мовы пэўныя сымпатыі, — хоць бы таму, што яго дзядуля паходзіць з Магілёва. Тэкст для фінальнай песьні сумеснага праекту кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу «Тузін Гітоў» творча пераасэнсаваў Андрэй Хадановіч.

Ільля Лагуценка паставіўся да ідэі запісаць песьню па-беларуску выключна станоўча. Як прызнаецца выканаўца, яму заўжды было цікава, як яго песьні гучаць на іншых мовах: «Гэта мультыкультурны досьвед. Мы неаднаразова рабілі ў гэтым рэчышчы экспэрымэнты. Нават калі ў далёкія краіны езьдзім, як Кітай ці Японія, робім песьню на мове „гаспадароў становішча“». Зь перакладамі на кітайскую і ангельскую ў Ільлі не было праблемаў, на пачатку 90-х ён працаваў у Кітаі ды Лёндане дарадцам па камэрцыйных пытаньнях.

Да беларускай мовы ў лідэра «Мумий Тролля» стаўленьне асаблівае.

— Нядзіва, што мы ўзяліся за беларускамоўную песьню. Маю да гэтай мовы пэўныя сымпатыі, бо ў мяне беларускія карані. Адкуль жа гэтае „КО“ пры канцы прозьвішча? Дзядуля мой паходзіў з Магілёва, той самы, які забудаваў потым усю краіну хрушчоўкамі, — усьміхаецца музыка.

Яго дзед Віталь Паўлавіч Лагуценка быў вядомым савецкім архітэктарам. Нарадзіўся ён у 1904 годзе ў Магілёве, у 20-х гадах перабраўся ў Маскву. Менавіта яму належыць аўтарства праекту жылых дамоў сэріі К-7. Гэта былі першыя шматкватэрныя дамы ў СССР, пабудаваныя па індустрыяльнай тэхналёгіі. Іх нават часам завуць «лагуценкаўскімі дамамі», але найбольш прыжылася найменьне «хрушчоўка», бо іх масава будавалі за часамі кіраваньня Хрушчова.

За 28 гадоў існаваньня каманды, Ільля неаднаразова наведваў Беларусь. Ён сьцьвярджае, што менавіта ў Менску «Мумий Тролль» даў адзін зь першых сваіх канцэртаў. Прычым Лагуценка быў ня толькі ў Менску, але паезьдзіў па ўсёй краіне.

— Зь Беларусьсю ў мяне не зьвязана аніякага адмоўнага досьведу, — кажа сьпявак. — Выключна пазытыў, прыязнасьць, дабразычлівасьць і гасьцінасьць людзей, спакой і прыгажосьць наўкол… Натуральна, што мае ўражаньні павярховыя, зьвязаныя толькі з досьведам адносінаў з нашымі сябрамі адсюль. Углыб таго, што ў вас адбываецца я проста не зазіраў.

«Мумий Тролль» вырашыў паказаць ужывую свой беларускамоўны твор яшчэ напярэдадні прэзэнтацыі праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». 3 чэрвеня каманда была прызнаная «Лепшым рок-гуртом году» на расейскай прэміі МУЗ-ТВ, а 4 чэрвеня ўжо выступала пад Менскам — у якасьці хэдлайнэра фэсту «Рок за Баброў». Музыкі вырашылі прадставіць нашай публіцы беларускамоўны варыянт свайго гіта «Кантрабанды» з альбома «8» (2008).

Сярод варыянтаў песьні, якую меркавалася запісаць па-беларуску фігуравала яшчэ кампазыцыя «Ядерные станции», але выбар усё ж спынілі на «Кантрабандах». Песьню для «Мумий Тролля» пераасэнсаваў Андрэй Хадановіч, кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру.

— Мне прыйшлася даспадобы гэтая ідэя кантрабанды ва ўсіх пераносных пазытыўных значэньнях гэтага слова. Пачуваўся ў працы я камфортна, бо мог вольна абыходзіцца з тэкстам, напрыклад замяніць „Москву“ на „Беларусь“, — прызнаецца паэт.

У выніку выйшаў хутчэй не пераклад, а самастойны тэкст па матывах арыгіналу, але з захаваньнем таго бадзёрага настрою, уласьцівага расейскаму гурту.

— Гэта быў наш беларускамоўны дэбют. І заўжды не зусім проста, калі выконваеш твор упершыню. Але я пэўны, што зь цягам часу гэтая песьня выкрышталізуецца і сьпяваць яе будзе прасьцей, — зазначыў Ільля.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)