Беларускага амбасадара ў Польшчы выклікалі «на дыван»

МЗС Польшчы выклікала беларускага амбасадара Віктара Гайсёнка з-за выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што палякі нібыта аспрэчваюць заходнюю мяжу Беларусі.

МЗС Польшчы зьвярнуў увагу беларускага амбасадара на тое, што заявы Лукашэнкі, у якіх ён прыпісвае польскім уладам намеры рэвізіі дзяржаўных межаў, «пазбаўленыя ўсялякіх падставаў».

Польскі бок нагадаў прадстаўніку афіцыйнага Менска, што «незалежная Польшча ніколі не ставіла пад сумнеў непарушны характар польска-беларускай мяжы, што было пацьверджана ў Дамове аб добрасуседзтве 1992 году».

Паводле МЗС Польшчы, выказваньні Лукашэнкі маюць «падбухторніцкі характар, зьяўляюцца безадказнымі і разьлічаныя на правакацыю непатрэбных праблем у дачыненьнях паміж суседзямі».

– Беларускае грамадзтва добра ведае, што Польшча ў сваёй палітыцы адносна Беларусі кіруецца эўрапейскімі вартасьцямі, жаданьнем абароны правоў чалавека і асноўных свабод і выступае за сапраўдны грамадзкі дыялёг як пачатак дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі, – паведамляе з гэтай нагоды МЗС Польшчы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)