Беларуска з Канады наведала радзіму: «Крутая моладзь, але ў галовах старэйшых людзей каша»
Беларуска Наталля Петрушкевіч родам з Брэста. Але ўжо 27 гадоў яна жыве ў Канадзе, піша Наша ніва.
Наталля Петрушкевіч
Апошні раз Наталля была на радзіме аж 8 гадоў таму, у 2011 годзе. Сёлета Наталля наведала Беларусь — і, на яе думку, у нашай краіне шмат што змянілася ў лепшы бок. Сваімі ўражаннямі Наталля падзялілася з «Нашай Нівай».
«Першае, што мяне парадавала, — гэта пакаленне людзей, маладзейшых за мяне гадоў на 10 і больш. Яны актыўна трансфармаваліся з саўкоў у нармальных выхаваных цывілізаваных людзей.
Чаго не скажаш пра маё пакаленне і старэйшых за мяне [Наталлі 46 гадоў. — НН], але ж звяртаць увагу трэба на будучыню, а не на старызну.
У маю папярэднюю паездку 8 гадоў таму я сустрэла значна менш проста прыязных, мілых людзей. У гэты раз я нават часам сябе адчувала як дома.
Яшчэ адно, што заўважыла, — гэта проста каласальны рывок у сферы абслугоўвання. Ну супер проста! Таксісты, афіцыянты, манікюршы, прадаўшчыцы — усіх проста хацелася абняць. Трапіўся нам адзін прыдурак-таксіст у Мінску, але нават гэты далбадзяцел-хам не сапсаваў агульнай карціны.
Трэцяе — якасць і кошт мабільнай сувязі. Без перабольшання, у 10 разоў таннейшая, чым у нас у Канадзе, і сігнал быў фактычна ўсюды, за вельмі малым выключэннем.
Чацвёртае — некаторыя маркі піва.
Я люблю добрае піва, і раней беларускае піва мне вельмі не падабалася, у яго быў непрыемны прысмак, шмат горычы. А цяпер некаторыя гатункі мясцовых кампаній мне вельмі спадабаліся.
Пятае — Заходні абыход у Брэсце. Лагічна, гарманічна, ужо 30 гадоў таму трэба было, але нарэшце пабудавалі. Прыгажуны!
Далей — Белавежская пушча. У далёкай маладосці мы з мужам ездзілі туды даволі часта пакарміць зуброў хлебам. Такія ў нас забавы рамантычныя былі. І як у савецкі час, так і ў наступныя мае прыезды, я заўсёды памятала аблезлых, закатаваных звяроў у вальерах.
А тут прыязджаю — усе жывёлы дагледжаныя, мядзведзі аж ільсняцца, зубры вычасаныя, тарпаны наогул фантастычныя, як аднарогі, алені ідэальныя.
Майму захапленню не было канца! Вось гэта малайцы! Вось гэта здолелі! Павага, адным словам.
Сёмае: ў Беларусі паўстаў нейкі сюррэалістычны культ правіл дарожнага руху, якому пакланяюцца з фанатычнай дысцыплінаванасцю як кіроўцы, так і пешаходы. Я памятаю, у 90-я прыязджала ў Брэст — дарогу пераходзіць было страшна. А цяпер — прыгажосць.
Вось такія сем цудаў парадавалі мяне да глыбіні душы».
Але заўважыла Наталля і негатыўныя моманты.
«Мне не спадабалася алкагалізацыя, якая відавочная.
Раніцай я прадукты на сняданак ў 9 гадзін купляла, а перада мной у чарзе 3—4 чалавекі — гарэлку. Я была ў шоку.
Не спадабалася нерэальная колькасць сэканд-хэндаў, літаральна на кожным рагу. Гэта паказвае падзенне ўзроўню жыцця.
У Беларусі я пераважна мела зносіны з прадстаўнікамі узроставай групы 40—90, таму што мне самой добра за 40. На падставе гэтых зносін я зрабіла для сябе некалькі назіранняў.
У галовах большасці гэтых людзей поўная каша, засілле містыкі і цемрашальства ды стакгольмскі сіндром.
Маім дочкам разоў 7 казалі: «Будзеце ў царкве, спытаеце ў бацюшкі, ён вам растлумачыць…» Праваслаўная прапаганда проста лезла з усіх дзірак і была непрыемна дакучлівай.
Скаргі на несправядлівасць з падлікам працоўнага стажу проста ліліся ракой. Людзі мне распавядалі, як іх абрабавалі, як падманулі.
Пенсіянеры, якія зарабілі стаж, скардзіліся, што вымушаныя працаваць, каб выжываць. Гэтыя ж людзі потым задавалі мне пытанне: «Не хочаш вярнуцца?».
Інтэрнэтам гэтыя людзі карыстаюцца не каб быць інфармаванымі аб сітуацыі ў свеце, а каб дзяліцца рэцэптамі і перасылаць «лісты шчасця» ў электронным фармаце.
У параўнанні з маёй паездкай у Беларусь у 2011-м годзе узровень палітычнай і тэхнічнай інфармаванасці нават сярод маіх аднагодкаў упаў. І гэта не кажучы ўжо пра тых, каму за 60. Часцей за ўсё гэта тлумачыцца так: «нас гэта не датычыць усё адно», «мы нічога не вырашаем», «дзяржаўным людзям лепш відаць».
Пры гэтым мне было прачытана не менш за тузін палітінфармацый на тэму «не ўсё так адназначна з Украінай». Гэтыя рандомныя палітінфармацыі пачыналіся без аніякай нагоды, як правіла ў сярэдзіне застолля, як быццам выконвалася нейкая загадзя закладзеная абавязковая праграма, каб не дай бог не забыцца мяне адукаваць на гэтую тэму.
Асабліва інфарматыўным быў аповед пра тое, што «там у вас» (у Канадзе), аказваецца, нават калі перадаюцца па інтэрнэце расійскія перадачы, яны адрозніваюцца. Перадачы нібыта мадыфікаваны заходняй прапагандай і ўключаюць у сябе запаветны «25-ы кадр».
«Толькі ў Беларусі ідзе нармальная інфармацыя, у нас паказваюць усё як ёсць на самай справе», — казалі мне. Тыпу апошні астравок рэальнасці на нашай планеце.
Яшчэ мне распавялі, што з Крымам у Пуціна тыпу выйсця не было, «інакш там бы ўжо стаяў флот ВМС ЗША».
У размовах мяне шматкроць спрабавалі называць «рускай». Я за такое заўсёды, усім і ўсюды выношу мазгі, ніколі не прапускаю такое міма вушэй і ні за што не пакідаю па-за ўвагай.
Беларусы мне казалі: «не прыдзірайся да слоў», «не нагнятай», «якая розніца», «ты ж не будзеш усім тлумачыць!». Я — буду! Усім і кожнаму і столькі, колькі трэба, пакуль не дойдзе!
Было некалькі адэкватных і сярод маіх аднагодкаў, але іх неяк жахліва мала, нашмат менш, чым 8 гадоў таму.
На мой погляд, у галовах беларусаў, старэйшых за 40, у апошнія гады адбыўся фундаментальны зрух, і ён не менш маштабны, чым перакос у мазгах расейцаў».
Читайте еще
Избранное