Общество
Наста Ігнатовіч, Еўрарадыё

Беларусі “мазгі” не патрэбныя

Звольненых за мяжой беларускіх спецыялістаў на радзіме не чакаюць. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў буйных IT-кампаніях, што месцяцца ў Мінску. Нядаўна ў інтэрнэце разгарэлася дыскусія, што кваліфікаваныя беларусы, якія цяпер працуюць за мяжой пачнуць вяртацца ў Беларусь.

Маўляў, з-за крызісу вернуцца ў Беларусь не толькі гастарбайтэры з Расіі, але і "мазгі" з Захаду, якіх пачнуць там звальняць.

Больш за іншых занепакоіліся тыя, хто з Беларусі не з’язджаў. Што будзе, калі “амерыканцы”, як больш кваліфікаваныя і дасведчаныя, атрымаюць месцы тых, хто застаўся працаваць на радзіме?

Як даведалася Еўрарадыё, хвалявацца няма чаго. Мы абтэлефанавалі буйныя IT-кампаніі, якія, дарэчы, з’яўляюцца рэзідэнтамі новага беларускага цуду – сіліконавай даліны. Адказ быў адзін — “Мы ў гэтым не зацікаўленыя...”.

Так, да прыкладу, кампанія “Сістэмныя тэхналогіі” сама адчувае наступствы крызісу, таму ўсе вакансіі там ужо закрытыя:

“Ведаеце што, у дадзены момант у нас у сувязі з гэтым крызісам усе вакансіі закрытыя, мы іх усе знялі. Займацца наборам персаналу ў бліжэйшы час мы не плануем. У дадзены момант людзей мы не прымаем...”.

Цікава, што ў той жа час беларускія ўлады рапартуюць пра нястачу кваліфікаваных спецыялістаў у многіх сферах. І ў тым ліку – у сферы інфармацыйных тэхналогій. Пра гэта днямі казаў старшыня прэзідыўма Нацыянальнай Акадэміі Навук Міхаіл Мясніковіч.

“Беларусь ужо адчувае нястачу кваліфікаваных спецыялістаў у шмат якіх сферах. А дакладна – у сферы інфармацыйных тэхналогій, праектаванні, медыцыне”, — цытуе чыноўніка БелТА.

Паказальна, што і самі “мазгі” вяртацца з замежжа не спяшаюцца. Еўрарадыё датэлефанавалася ў Швейцарыю да беларускага праграміста Ігара Маханюка, які сёння працуе ў Google:

“Наконт усіх сказаць не магу, але ў нашай кампаніі ніякіх скарачэнняў не плануецца, таму праблемаў тут не бачу. Я пра гэта не думаю, бо праца ў мяне тут добрая. І я збіраюся тут працаваць і далей. Мае знаёмыя, якія працуюць тут, на захадзе, падаецца, таксама праблемаў не маюць”.

Парк высокіх тэхналогій у “мазгах” таксама не зацікаўлены. І хаця яны раней і казалі, што будуюцца з мэтай стрымаць адток спецыялістаў з Беларусі, калі Еўрарадыё патэлефанавала ў адміністрацыю ПВТ, там нам сказалі, што працаўладкаваннем не займаюцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)