Беларус-прафесар фінансаў у ЗША: «Калі б прапанавалі стаць міністрам, прыехаў бы і паспрабаваў»
«У ЗША ў цэлым камфортна, але вельмі проста», — жартуе пра амерыканскі лад жыцця беларус Юрый Церлюкевіч. Ён прафесар фінансаў у Арызонскім універсітэце.
За мяжу эканаміст з’ехаў 20 гадоў таму, але часта бывае на радзіме: чытае лекцыі студэнтам, удзельнічае ў назіральнай радзе пры Нацбанку і міністэрствах. «Наша Ніва» заспела Юрыя падчас нядаўняга візіту ў Мінск і пагутарыла пра тое, як выглядае жыццё амерыканскага прафесара, што адрознівае нашых студэнтаў, пры якіх умовах ён вярнуўся б з эміграцыі і як бы ратаваў беларускую эканоміку, калі б стаў міністрам.
«Вучыўся на адным курсе з заснавальнікам Wargaming Віктарам Кіслым»
Юрый скончыў фізфак БДУ. Успамінае, што ў іх быў выбітны выпуск: некалькі чалавек сталі навукоўцамі ў Германіі, некалькі займаюцца паскаральнікамі ў Амерыцы, адзін у Канадзе спецыялізуецца на лячэнні раку лазерам. На тым жа курсе вучыліся кіраўнік ІТ-кампаніі Andersen Аляксандр Хоміч і заснавальнік Wargaming Віктар Кіслы.
Чаму Юрый не пайшоў у ІТ?
— Віктар займаўся праграмаваннем вельмі сур’ёзна ўжо на першых курсах універсітэта, а мне гэта было крыху далёка. Гэта раз. Па-другое, на той момант, у канцы 90-х, ніхто толкам не ведаў, што і як. Думаю, вялікая частка сакрэту, што мы дасягнулі розных вышынь, была ў тым, што мы не ўяўлялі, што будзем рабіць, і браліся за ўсё. У свой час усе змагаліся за прэмію Сораса — я два гады запар яе атрымліваў. Ездзілі па праграмах абмену, паступалі ў іншыя краіны.
У Беларусі з працай тады было напружана, і што рабіць выпускніку з тэарэтычнымі ведамі фізікі — незразумела. Юрый вырашыў паехаць вучыцца ў ЗША — ва Універсітэт Мінесоты. У аспірантуры ён займаўся навукай і выкладаў студэнтам.
— Мне было цікава, але я і блізка не бачыў, як можна стаць прафесарам. У галіне фізікі структура такая, што гэта займае велізарных высілкаў. Я б сказаў, што прафесарам становіцца адзін з 20—30 аспірантаў.
У той момант многія з калег Юрыя па аспірантуры сталі пераводзіцца з фізікі на эканоміку і фінансы. Там якраз былі патрэбны навукоўцы, здольныя разабрацца ў матэматычным складніку. Дый атрымаць званне прафесара было рэальней.
Пасля Мінесоты быў Каліфарнійскі ўніверсітэт у Бэрклі. Атрымаўшы адукацыю, эканаміст паспеў папрацаваць у Ганконгу, Італіі, але большасць часу — у Арызонскім універсітэце.
— Я заўсёды кіраваўся навуковымі інтарэсамі, і другасна ўжо — дзе жыць. Дзе быў попыт, туды і ехаў.
Агулам Юрый каля 15 гадоў пражыў у Амерыцы і 5 — у іншых краінах. У кожнай з іх ёсць свае плюсы і мінусы. Так, у Беларусі, мяркуе прафесар, вельмі нядрэнна быць маладым чалавекам. Бо многія рэчы бясплатныя ці амаль бясплатныя — спартыўныя секцыі, універсітэты. Але тут дастакова складана з працай, асабліва для людзей старэйшага ўзросту.
У Ганконгу прыемныя людзі і выдатная ежа. Праблема толькі, што геаграфічна далёка ад усяго.
— Што да ЗША, то штаты вельмі адрозніваюцца між сабой. Напрыклад, Арызона вядомая тым, што ва ўсіх ёсць зброя і грузавікі. Так склалася традыцыйна. Арызона атрымала статус штата толькі 100 гадоў таму, раней яна была часткай Мексікі, і кожны абараняў сваё ранча.
Галоўная праблема цяперашняга месца жыхарства Юрыя — клімат. Поўнае сонца тут стаіць больш за 300 дзён на год, і ад мая да верасня неверагодна горача: днямі, напрыклад, было +46 градусаў! Затое ў Арызоне прыгожая і разнастайная прырода: горы, пустыні, каньёны. У некаторых месцах можаш ісці дзень-два і не ўбачыць ніводнага чалавека.
Па свеце Юрый ездіць разам з сям’ёй. Ён ажаніўся яшчэ студэнтам — з аднакурсніцай па фізфаку БДУ. Жонка цяпер таксама прафесар фінансаў, працуе з Юрыем ва ўніверсітэце. У пары трое дзяцей — 14, 11 і 4 гадоў. Малодшы сёлета пойдзе ў школу — аналаг падрыхтоўчага класа, які калісьці быў у беларускіх школах.
— Некаторыя баяцца ў гэтым узросце аддаваць, а мне здаецца, наадварот, добры варыянт: у малых столькі энергіі — лепш аддаць іх на разарванне іншым дзецям, — смяецца мужчына.
«Вядомыя прафесары атрымліваюць столькі ж, як зоркі эстрады»
Як выглядае жыццё амерыканскага прафесара? Юрый тлумачыць, што яно моцна залежыць ад таго, у якім універсітэце працуеш. Арызонскі — у ліку найлепшых, таму тут 70% свайго часу прафесары аддаюць навуцы, а ўжо ў астатні вучаць студэнтаў, удзельнічаюць у розных камісіях. На матэрыяльнае становішча таксама ўплывае рэйтынг ВНУ. Але заробкі вышэйшыя за сярэдні ўзровень.
— Асабліва ў эканамічных і фінансавых універсітэтах ёсць спецыяльныя кантракты для вядомых людзей (гэта я не пра сябе). Яны атрымліваюць вельмі шмат, столькі ж як зоркі эстрады, і могуць дыктаваць свае ўмовы. У прынцыпе, калі пытанне ў грошах, заўсёды можна зарабляць дадатковымі кансультацыйнымі паслугамі. Але, як правіла, у гэтым няма патрэбы.
Па словах эканаміста, у Амерыцы сістэма адукацыі — гэта бізнэс, дзе мэта — прыцягнуць найлепшых студэнтаў, даць ім магчымасці і пасля атрымаць з іх нейкую дапамогу і прэстыж для ўніверсітэта. А на глабальным узроўні — добрыя кадры для ўсіх ЗША.
— Канечне, у Беларусі вельмі не даплачваюць спецыялістам, прафесарам, дактарам, якім доўга вучыцца. Гэта ўсё адбіваецца і на якасці адукацыі, і на ўцечцы кадраў. На жаль, што з гэтым рабіць у кароткатэрміновай перспектыве, незразумела. Ясна, што трэба плаціць больш, але як, калі няма грошай у бюджэце? — задумваецца Юрый. — Калі б беларусы, якія дабіліся фінансавага поспеху, маглі заснаваць стыпендыі для тых, хто вучыцца добра, гэта б дапамагло.
Юрый выкладае ў студэнтаў з розных краін. Нашы, па яго назіраннях, адрозніваюцца добрай матэматычнай падрыхтоўкай, неардынарным мысленнем. З негатыву — звычайна наша адукацыя не вучыць камунікацыі, і беларускія студэнты адчуваюць праблемы з тым, каб напісаць сачыненне ці выступіць перад аўдыторыяй. А яшчэ яны горш арганізаваныя — не ўмеюць своечасова збіраць дакументы, рыхтавацца да іспытаў у пэўныя даты.
— Мяне заўсёды хвалявала, чаму так параўнальна нямнога беларусаў вучыцца за мяжой. Прытым што і ў Заходняй Еўропе, і ў Амерыцы вельмі зацікаўлены, каб прыцягнуць добрых студэнтаў. Напэўна, гэта наша памяркоўнасць. Беларусаў адрознівае нерашучасць, сціпласць.
Нашы людзі не любяць моцных перамен, узрушэнняў, нечаканых высілкаў. Кітайскія студэнты, напрыклад, нацэлены, каб любымі шляхамі дамагчыся поспеху. У маіх кітайскіх калег дзецям па 7 гадоў, а яны ўжо ходзяць на лекцыі паслухаць, як паступіць у Гарвард.
Беларускія працадаўцы часта кажуць, што дыплом на мае значэння. У заходніх краінах жа, дзеліцца прафесар, важна, адкуль ты выйшаў. У тых жа ЗША ёсць спіс добрых каледжаў: калі ты іх заканчваеш, табе амаль гарантавана добрая пачатковая праца. У Парыжы таксама ёсць некалькі школ, выпускнікі якіх могуць пахваліцца добрымі сувязямі — для іх усе дзверы адчынены. Калі не заканчваеш гэтыя школы, то твае шанцы добра ўладкавацца па жыцці блізкія да нуля.
«Я б пачаў усё спрашчаць — у нас занадта бюракратычна»
У Беларусі эканаміст бывае часта. Заўважае, што краіна змянілася ў лепшы бок і хутка працягвае мяняцца.
— Апошні раз я быў у канцы кастрычніка і цяпер прыехаў — ужо бачыў, што вакол месца, дзе мы жывём, адкрыты новыя кавярні з добрымі дэсертамі і кавай, ёсць крамкі — такія дробязі, якія радуюць. Мне вельмі ў Мінску падабаецца. Ёсць шмат месцаў, куды хочацца схадзіць. Вяртаемся да пытання, што трэба добрую працу мець, але знаходзіцца тут вельмі прыемна.
Са стаўноўчых змен — спрашчэнне падаткаабкладання, развіццё электронных зваротаў. А вось канкурэнтаздольнасць нашых вытворчасцяў пакідае жадаць лепшага.
— Кітай, дзе сярэдні заробак $ 1000 і працоўная сіла даражэйшая, умудраецца рабіць рэчы больш якасныя і танныя, чым многія нашы прадукты. Чаму так адбываецца? Напэўна, не наша віна — тое ж адбываецца ў Заходняй Еўропе і ЗША. У Кітаі шмат працоўных рук, яны здольныя значна больш працаваць. Можа, справа ў нейкай ментальнай асаблівасці? Напрыклад, калі кітайскім студэнтам патрэбна праца, яны пойдуць на завод і будуць 10 гадзін стаяць на змене. Яны пра гэта кажуць з вялікай доляй энтузіязму: «Гэта ўсё пойдзе на карысць Кітая, майго прафесійнага росту».
І я вось слухаю і думаю: узяць якую-небудзь беларускую дзяўчыну і сказаць ёй пайсці на завод. Амаль упэўнены, што са 100 адмовяцца 98, нават калі гэта дасць ім добры заробак. Для іх ён падасца другасным, бо такая праца абмяжоўвае іх правы, лад жыцця.
Цікавімся, пры якіх умовах эканаміст мог бы вярнуцца ў Беларусь і стаць, напрыклад, міністрам фінансаў.
— Мне такія магчымасці не даваліся. Але, калі б была прапанова стаць міністрам ці намеснікам і прыносіць карысць грамадству, я б, канечне, узяў неаплатны адпачынак і прыехаў бы паспрабаваў. Я шмат чаго ведаю, што спатрэбілася б. Было б цікава. Мы, дарэчы, з намеснікамі міністра часта працуем. Склалася ўражанне, што работа ў іх вельмі цяжкая і малааплатная.
Юрый разважае, што, нават атрымаўшы ўладу, немагчыма хутка змяніць сітуацыю.
— Я б пачаў з таго, што спрашчаў усё. У нас неабгрунтавана цяжка, занадта бюракратычна. Я пастаянна чую скаргі, што людзі хацелі адкрыць рэстаран, але ўзгаднялі меню паўгода, хацелі запусціць бізнэс, але вельмі складана было з падаткамі, — дзеліцца мужчына.
І расказвае пра парадоксы амерыканскай эканомікі.
— Многія рэчы працягваюць рухаць яе, не ствараючы нічога карыснага. Пару прыкладаў. Абывацель выйграе ў латарэі, з выгрышу адразу плаціць падатак, адвакату, каб распарадзіцца грашыма, укладае іх у рынак… Здаецца, нічога не здараецца, нейкае пераразмеркаванне сродкаў, але гэта дазваляе развівацца эканоміцы. Ці суды. Абсалютна бессэнсоўна засуджваюць вялікія кампаніі. Адвакаты атрымліваюць 30% ад здзелкі і плацяць падатак, суд таксама мае з гэтага нейкую суму, прысяжныя нарэшце прыехалі паелі і пажылі ў гатэлі.
Калі не памыляюся, каля 10% усёй эканомікі ЗША — проста фінансавыя рынкі, укладанні, венчурныя фонды. У Беларусі, напрыклад, няма нават такога. Ніхто ў акцыі прадпрыемстваў не ўкладае, толькі ў дэпазіты ў банку.
«Усе стратныя заводы нельга закрыць»
Вялікія сумы з беларускага бюджэту выдаткоўваюцца на падтрымку стратных прадпрыемстваў. Як быць з гэтымі заводамі, для прафесара складанае пытанне.
— З аднаго боку, капіталістычная эканоміка заснавана на тым, што больш слабая вытворчасць мусіць памерці, а на яе месцы вырасці новая. Але ўзяць расійскі прыклад — большасць прадпрыемстваў, якія памерлі, нічому рост не далі. Тое ж і ў Беларусі. Вы ж бачыце, што, калі недзе спыняе сваё існаванне калгас, на яго месцы не ўзнікае 10 фермерскіх гаспадарак. У нас няма для гэтага структуры, магчымасці тым жа фермерам заняць грошы.
Гістарычна Беларусь захавала шмат стратных прадпрыемстваў. Але з пляча нельга рубіць. Усе заводы нельга закрыць — трэба разбірацца ў сітуацыі. Напрыклад, БелАЗ мог збанкрутаваць шмат разоў. Але ж гэта гонар. Там вырабляюць самы цяжкі грузавік у свеце. Гэтага можна было б пазбавіцца, калі б праз фінансавыя цяжкасці завод проста закрылі, і ў Жодзіне, і ў Барысаве велізарная колькасць людзей засталася б без працы.
Другі прыклад — «Гарызонт». На маёй памяці ён дрэнна працаваў гадамі. І згарнуць яго вытворчасць было добрым рашэннем, бо тыя тэлевізары, электроніка, якую выпускаў «Гарызонт», — фактычна зборка з імпартных частак. Мы б не змаглі канкураваць.
Што можа выратаваць беларускую эканоміку?
— Я б прыбраў з вашага пытання слова «выратаваць» і замяніў на «палепшыць». Выратаваць — гэта неяк вельмі шмат, амаль немагчыма. Палепшыць можна было б канкурэнтаздольнасць эканомікі, даць вытворцам больш свабоды, і ўрад шмат чаго зрабіў для гэтага: і эканамічныя зоны стварылі, і знізілі колькасць праверак і папер, якія трэба афармляць. Але можна было б яшчэ больш.
Лягчэй за ўсё працаваць па прыкладзе. Калі ІТ добра развіліся — я б сказаў, што мы абышлі расійскі рынак, — трэба развіваць гэта далей: даваць ім больш месца, спрашчаць іх працу, змяншаць падатковую нагрузку.
Ці не варта было б адпраўляць чыноўнікаў вучыцца за мяжу, каб яны прывозілі адтуль досвед і пераймалі найлепшыя практыкі? Юрый заўважае, што такое пытанне неяк уздымалі ў Нацбанку.
— Некалькі гадоў таму там падумалі пра тое, каб паслаць некаторых супрацоўнікаў на навучанне ў іншыя краіны, і абмяркоўвалася, наколькі мэтазгодна плаціць за адукацыю ў заходніх універсітэтах ці за тое, каб прывозіць сюды замежных прафесараў. Мы сышліся на тым, што няма сэнсу, бо ў выніку спецыялісты апынуцца не ў самых лепшых універсітэтах і гэта будзе занадта дорага.
Напэўна, найлепшае, што можам зрабіць, — прыцягваць працаваць таленавітую моладзь і заахвочваць яе вучыцца за мяжой са спадзевам, што людзі вярнуцца. Для іх гэта добрая прыступка. Так, многія пасля застануцца за мяжой. Але тыя, хто прыедзе, будуць незаменнымі спецыялістамі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное