Бел-чырвона-белыя сьцягі вярнуліся на цэнтральную вуліцу Магілёва

Адразу шэсьць пікетаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на цэнтральнай магілёўскай вуліцы Першамайскай арганізавала 23 кастрычніка ініцыятыўная група прэтэндэнта на прэзыдэнцтва ад партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Адзін ад аднаго яны былі за пяцьдзесят мэтраў.

Першамайская заўжды шматлюдная — тут галоўпаштамт, цэнтральны дом быту, дыягнастычны цэнтар, непадалёк унівэрмаг і мноства іншых крамаў. Месца, дзе фронтаўцы разьмясьцілі свае пікеты, акурат насупраць будынку гарвыканкаму.

Рыгор Кастусёў зазначаў, што пікеты арганізавалі ня толькі дзеля збору подпісаў:

– Мы вырашылі правесьці такі мэгапікет менавіта побач з гарвыканкамам, каб паказаць і ўладам і насельніцтву, што бел-чырвона-белы сьцяг жывы. Нацыянальныя сымбалі нікуды не падзеліся — яны жывыя. Маладое пакаленьне, якое вырасла за Лукашэнкам, ня ведае, што такое бел-чырвона-белы сьцяг. І мы ім тлумачым. Ажыятаж вакол бел-чырвона-белага сьцягу ўздымаецца. Аднаўляецца цікавасьць. Калі складзецца час, што Лукашэнка застанецца пры ўладзе, то, ясна, такіх публічных магчымасьцяў у нас ня будзе. Калі яшчэ ў Магілёве на цэнтральнай вуліцы можна будзе пабач дзясятак нашых сьцягоў? Мы паказваем, што ёсьць партыя БНФ, кандыдат ад партыі БНФ і бел-чырвона-белы сьцяг.

Міліцыі на месцы правядзеньня вялікага фронтаўскага пікету не было. Тым ня менш чалавек у цывільным здалёк здымаў пікетоўцаў на відэакамэру.

Апошні раз на вуліцы Першамайскай пікеты праводзіліся ў 2001 годзе. Імі грамадзкія актывісты нагадвалі магілёўцам пра зьніклых палітыкаў у Беларусі. Пікеты разганяліся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)