Общество
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

«Бел-чырвона-белы — не палітычны, а нацыянальны сімвал»

Чэмпіянат свету па хакеі быў азмрочаны не толькі кепскімі вынікамі зборнай Беларусі, але інцыдэнтам з бел-чырвона-белым сцягам.

На першай гульні першынства з Чэхіяй група беларусаў разгарнула вялізны нацыянальны штандар на трыбунах. Ён быў добра бачны падчас трансляцыі. Некаму гэта не спадабалася. Ахоўнікі стакгольмскай «Глобен-Арэны» сталі патрабаваць згарнуць сцягі, тлумачачы, што гэта палітычная акцыя.

Арганізатары чэмпіянату нават забаранілі бел-чырвона-белыя сцягі на нейкі час. Аднак пасля акцыі пратэсту пайшлі на кампраміс — дазволі бчб-сцяжкі, але толькі маленькія.

Аляксей Бука з Глыбоччыны быў сярод тых, хто бараніў нацыянальны сцяг.

«Наша Ніва»: Вы першы раз падтрымлівалі нашых спартсменаў з бел-чырвона-белымі сцягамі?

Аляксей Бука: Другі. Некалі ў Варшаве праходзіў бой паміж нашымі кікбаксёрамі і польскімі. Тады ніякіх канфліктаў ні з паліцыяй, ні з аховай не было. У Польшчы людзі ставяцца з павагай да бел-чырвона-белага сцяга. Ведаюць, што ў Беларусі ён пад забаронай. Пасля баёў размаўлялі са спартсменамі, трэнерамі, яны выказвалі нам падтрымку. Сёлета Анатоль Міхнавец з «Беларускай нацыянальнай памяці» прапанаваў ехаць на чэмпіянат у Швецыю.

«НН»: Шмат было беларусаў?

АБ: Чацвёра. Але сцягоў было вельмі шмат. «Пагоня» таксама была адна.

«НН»: У капейку абышлася такая паездка на першынство?

АБ: Білеты на два матчы каштавалі 30 даляраў. Самалёт таксама 30 даляраў. Начавалі ў знаёмых. Харчаванне было даволі дарагім. Але мы бралі ежу з сабой. Толькі некалькі разоў елі ў кавярнях. Яшчэ дарагімі былі квіткі на транспарт да арэны.

«НН»: Чаму вы ўздымаеце бел-чырвона-белыя сцягі?

АБ: Можа, нехта бачыць у гэтым палітычныя акцыі. Але я лічу гэта не палітычным сімвалам, а нацыянальным, гістарычным. Нельга са сцяга рабіць палітыку. Я прызнаю сёння чырвона-зялёны сцяг як дзяржаўны, але ў мяне няма гонару, калі падымаецца гэты сцяг. Таму і ўздымаю бел-чырвона-белы.

«НН»: Кіраўнік федэрацыі Яўген Ворсін казаў, што пад бел-чырвона-белым сцягам стаялі негры і арабы.

АБ: Так, я недзе чытаў, што гэта была праплачаная акцыя. Людзі проста не ў тэме. Гэта мясцовыя заўзятары сталі на нашу абарону. Ніхто нікому не плаціў, ніхто не атрымліваў гранты, мы прыехалі на першынство за свае сродкі. Важна, што за нас заступіліся шведы. Наступны раз, спадзяюся, такога не паўторыцца.

«НН»: Здымак, дзе ў Вас вырываюць сцяг, з’явіўся ва ўсіх шведскіх і беларускіх СМІ. Супраць Вас ужывалі сілу?

АБ: Гэта была гульня са Славеніяй. У трэцім перыядзе мы вырашылі разгарнуць сцяг, тады да нас падбегла ахова. Вырывалі з рук, але не, не білі. Мы адмаўляліся аддаваць сцягі, тады нас выштурхалі з арэны.

«НН»: Гульцы неяк рэагавалі на вас?

АБ: Пасля матча з Чэхіяй адзін з хакеістаў пад’ехаў да нашай трыбуны і падзякаваў за падтрымку, але ён быў толькі адзін.

«НН»: Хакей — палітычны від спорту ў Беларусі, можа, не трэба яго падтрымліваць?

АБ: Я так не думаю. Мы пашыраем веды пра краіны. Заўзеем не за рэжым, а за краіну.

* * *

Аляксей Бука нарадзіўся ў 1989 ў вёсцы Валодзькава (Глыбоцкі раён). Навучаецца ў аспірантуры Варшаўскай акадэміі фізвыхавання па спецыяльнасці «турызм».

Также на эту тему:

«Запрет национального флага — плевок в душу белорусской истории»

«Запрет белорусского флага – это позор»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)