Общество
Барыс Гарэцкі, baj.by

«БАЖынкі-2013» прайшлі з улікам «Году ашчаднасці»

У першыя выходныя жніўня пад Мінскам прайшоў традыцыйны карпаратыўны фэст ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» «БАЖынкі-2013».

Лейтматывам мерапрыемства ў гэтым годзе стаў абвешчаны уладамі “Год ашчаднасці”, у сувязі з чым жартаўліва трансфармавалася і назва фэсту – “БАмЖынкі”:))

Апроч вядучых, на пачатку імпрэзы ўсіх прысутных на "БАмЖынках" прывіталі казачныя госці фэсту – Кот Базіліе, Ліса Аліса ды Карабас-Барабас у выкананні вядомага беларускага музыкі Аляксандра Памідорава.

Аляксандр-Карабас-Памідораў "іменем тарабарскага караля" зачытвае ўказ старшыні БАЖ аб перайменаванні селетніх "БАЖынак" у "БАмЖынкі". Працэс суправаджаецца пагрозлівымі маланкамі з неба. "Гэта спецэфекты, не звяртайце ўвагі", – супакойвае Карабас.

Удзельнікі фэсту раскаладаюць наметы, упрыгожваюць тэрыторыю і вырашаюць розныя "гаспадарчыя пытанні".

Пакуль ішоў загадзя замоўлены арганізатарамі фэсту дождж, удзельнікі "БАМЖынак" здолелі падсілкавацца, паўдзельнічаць у юрыдычным майстар-класе на тэму фрылас-журналістыкі, а таксама паслухаць гісторыю месца, дзе абываўся фэст, з вуснаў гаспадара сядзібы Алеся Лася.

Як толькі па даху перасталі грукаць апошнія кроплі, праграма "БАмЖынак" была працягнутая: удзельнікі падзяліліся на каманды ды накіраваліся на Поле Цудаў – "шукаць" акрэдытацыю на фэст.

Атрымаўшы акрэдытацыю, каманды пазмагаліся ў футболе і эстафеце. У часе апошняй госці мусілі выканаць шэраг спартова-журналісцкіх заданняў: на хуткасць даставіць у рэдакцыю гарачую навіну, не расплескаць інфармацыю па дарозе, зацягнуць фрылансера ў штат рэдакцыі. А пасля ўдзельнікі паспрабавалі сябе ў майстэрстве кідаць косткі ў сметніцу гісторыі...

Наступным этапам адпачынку БАмЖурналістаў сталася падрыхтоўка і прэзентацыя ўласных камандаў, іх назвы, сцяга ды дэвізу.

Пазней жа, пасля смачнай вячэры, гасцей "БАмЖынак" запрасілі на майстар-клас па беларускіх народных танцах.

Пасля танцаў і спеваў ад капэлы Алеся Лася ўзяў гітару ў рукі Аляксандр Памідораў. Некалькі песень музыка выканаў пад акампанемент капэлы.

Другі ж дзень “БАЖынак” па традыцыі распачаўся з зарадкі і сняданку ды катання на коніках. Сам жа дзень быў прысвечаны ўзнагароджанню каманд-пераможцаў ды абранню містэра і міс "БАЖынкі". Імі селета сталі Андрэй Сыцін і Алена Юроўская.

А ў агульным камандным заліку перамагла каманда "Зяленыя чалавечкі". (Унізе на фота – каманда "зяленых" + Кот Базіліе, які гуляў за "сініх").

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)