Общество

БАЖ: «Смерць Алега Бябеніна, як і смерці іншых нашых калег, пакідае больш пытанняў, чым адказаў»

8 верасня адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. Гэтую дату заснавала ў 1958 годзе Міжнародная арганізацыя журналістаў у памяць пра свайго чэшскага калегу Юліуса Фучыка, закатаванага гітлераўцамі 8 верасня 1943 года.

“Яго неўміручыя словы перасцярогі — «Людзі, будзьце пільныя!» — сёння гучаць для нас, беларускіх журналістаў, асабліва актуальна. Бо пагрозы, з якімі мы сутыкаемся, апошнім часам робяцца ўсё больш рэальнымі і жорсткімі”, — адзначаецца ў заяве ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

“Днямі мы страцілі Алега Бябеніна. Гэтая смерць, як і смерці нашых калег Дзмітрыя Завадскага, Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава, пакідае больш пытанняў, чым адказаў. А тыя, хто пачынае шукаць гэтыя адказы, самі рызыкуюць жыццём. Гэтак, пасля апублікавання артыкулу «Пятля» з версіямі наконт прычын гібелі Алега Бябеніна нашай калезе Святлане Калінкінай адразу ж сталі пагражаць расправай.

Мэта гэтых брутальных і беспакараных дзеянняў — задушыць любое іншадумства. “Спалохацца і замаўчаць — значыць пагадзіцца з роляй паслухмяных статыстаў, у якой хацелі б бачыць журналістаў цемрашалы і злачынцы. Але маўчанне не гарантуе бяспеку.

Быць пільнымі — значыць бачыць, што адбываецца, і не маўчаць. Быць салідарнымі — значыць быць неабыякавымі адзін да аднаго і гатовымі прыйсці на дапамогу.

Толькі так мы здолеем адстаяць сваё права на прафесію і на жыццё.

Будзем пільнымі. Будзем салідарнымі. Будзем разам!”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)