БАЖ шукае ФотаPositive

“Беларуская асацыяцыя журналістаў” прапануе напомніць жыццё сэнсам і колерам. Дзеля гэтага абвешчана акцыя, якая адбудзецца 3 траўня.

Травень – надзвычай ураджайны месяц на прафесійныя святы журналістаў, нагадвае БАЖ. 3-га траўня адзначаецца Сусветны Дзень свабоды друку, які, на жаль, у нашай краіне праходзіць амаль незаўважна... Зрэшты, адпаведна стану са свабодай друку. 5-га траўня ў Беларусі на афіцыйным узроўні святкуюць Дзень друку, па-ранейшаму прымяркоўваючы яго да дня першага выхаду газеты “Правда”. 7-га траўня – Дзень радыё, якое ў нашай краіне даўно ўжо страціла права голасу...

Што ж рабіць, калі свята губляе сэнс? Варта напоўніць яго новым! 3 траўня, у Сусветны Дзень свабоды друку, БАЖ ладзіць акцыю пад назвай ФотаPositive

Гэта НЕ фотаконкурс, хаця пераможцы ў ім таксама будуць. Гэта НЕ палітычная акцыя, хаця яе стрыжнёвая ідэя – гэта свабода.

ФотаPositive – гэта наша супольная спроба сабраць АДЗІН ДЗЕНЬ З ЖЫЦЦЯ БЕЛАРУСІ Ў ПАЗІТЫВЕ.

Для ўдзелу ў акцыі трэба мець лічбавы фотаапарат, доступ да Інтэрнэт і пазітыўнае мысленне. Патэнцыйным удзельнікам акцыі прапануецца зрабіць на працягу сутак (03.05.2007) 5 каляровых фотаздымкаў і даслаць іх на наступны дзень на адрас press@baj.by, пазначыўшы ў лісце сваё імя, населены пункт і зваротны кантакт.

Шанцы стаць пераможцамі маюць яскравыя, інфарматыўныя, пазітыўныя фотаздымкі, зробленыя абавязкова 03.05.2007 (час павінен быць адлюстраваны на здымку.) Асобая парада: рабіць фотаздымкі, якія дапамогуць сабраць паўнавартасныя “суткі”: зробленыя на досвітку, удзень, позна ўвечары, ўначы, і г.д.

Фатографы-пераможцы атрымаюць магчымасць напоўніць гэты дзень сваім уласным бачаннем, сваёй уласнай свабодай, увасобленай у фотаздымку; шанец убачыць сваё фота на выставе ФотаPositive, якая будзе складацца з лепшых фотаздымкаў, дасланых на адрас press@baj.by (выстава будзе працаваць у Дзень вынаходніцтва каляровага фота – 17 траўня 2007 г. Пра месца правядзення будзе паведамлена пазней). А аўтары самых арыгінальных працаў будуць адзначаныя яшчэ й карыснымі фота-бонусамі.

“ТОЛЬКІ МЫ ЗМОЖАМ НАПОЎНІЦЬ СВАЁ ЖЫЦЦЁ СЭНСАМ І КОЛЕРАМ, -- нагадвае БАЖ. -- КАБ ЯНО НЕ БЫЛО ЧОРНА-БЕЛЫМ НЕГАТЫВАМ – ШУКАЕМ ПАЗІТЫЎ!”

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)