Общество

БАЖ пратэстуе супраць грубых парушэнняў свабоды СМІ 9 і 16 верасня

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» пратэстуе ў сувязі з грубымі перашкодамі прафесійнай журналісцкай дзейнасці падчас акцый пратэсту 16 і 9 верасня і патрабуе прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Увечары 16 верасня супрацоўнікі праваахоўных органаў з ужываннем фізічнай сілы забаранялі журналістам беларускіх і замежных СМІ фіксаваць падзеі падчас акцыі памяці зніклых 10 гадоў таму палітыка Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага, – гаворыцца ў заяве ГА «БАЖ».

Людзі ў цывільным, якіх даводзілася па 2 чалавекі на кожнага журналіста, груба, з небяспекай пашкодзіць тэхніку і траўмаваць рэпарцёраў, захіналі іх відэа- і фотакамеры, адштурхоўвалі ад аб’ектаў падзей, нягледзячы на наяўнасць у журналістаў рэдакцыйных пасведчанняў.

Амаль тое самае адбывалася і 9 верасня, калі супрацоўнікі міліцыі перашкаджалі журналістам асвятляць пікет на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць уводу на тэрыторыю Беларусі расійскіх войск — удзельнікаў вайсковых манеўраў «Захад-2009».

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» лічыць недапушчальнымі і непрымальнымі перашкоды прафесійнай дзейнасці журналістаў, а значыць, і гарантаванаму Канстытуцыяй праву грамадства на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

БАЖ нагадвае супрацоўнікам праваахоўных органаў і іншых дзяржаўных органаў аб праве журналіста прысутнічаць «на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю» (п.2.2. арт. 34 дзейнага закона «Аб СМІ».

Арганізацыя «выказвае сур’ёзную заклапочаннасць тым, што падобныя факты падчас масавых акцый зноў робяцца сістэматычнымі і сведчаць пра адмысловыя загады, пры выкананні якіх супрацоўнікі сілавых структур парушаюць заканадаўства».

БАЖ заклікае органы пракуратуры і МУС даць належную ацэнку таму, што адбылося, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

– ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» зробіць усе магчымыя і неабходныя захады для таго, каб падобныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў не засталіся беспакаранымі і не паўтараліся надалей, – адзначаецца ў заяве арганизацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)