БАЖ абвясціла лаўрэатаў прэміі імя Дзмітрыя Завадскага

8 верасня нашы калегі ва ўсім свеце адзначаюць Дзень міжнароднай салідарнасці журналістаў. Гэтую дату заснавала ў 1958 годзе Міжнародная арганізацыя журналістаў у памяць аб сваім чэшскім калегу Юліусе Фучыку, закатаваным гітлераўцамі 8 верасня 1943 года. Кожны год журналісцкая супольнасць усяго свету ўзгадвае яго неўміручыя словы перасцярогі: «Людзі, будзьце пільныя!».

У Беларусі ў гэты дзень традыцыйна ўзгадваюць імя Дзмітрыя Завадскага, трагічны лёс якога таксама заклікае нас да пільнасці і салідарнасці. Традыцыйна ГА «БАЖ» прымяркоўвае да гэтай даты ўручэнне дыпломаў імя Завадскага «За мужнасць і прафесіяналізм». Напярэдадні 8 верасня праўленне арганізацыі вызначыла сёлетніх лаўрэатаў: імі сталі фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Андрэй Лянкевіч, радыёжурналіст Генадзь Кеснер і фатограф Юрый Дзядзінкін.

Плануецца, што ўручэнне дыпломаў адбудзецца ў канцы верасня. А пакуль прэс-служба БАЖ запытала ў лаўрэатаў, што на іх думку, з’яўляецца праявай журналісцкай салідарнасці.

Андрэй Лянкевіч: «Салідарнасць найбольш яскрава праяўляецца ў экстрэмальных сітуацыях — кшталту такой, у якую я патрапіў у сакавіку г.г. (А. Лянкевіч быў збіты міліцыяй падчас вулічнай акцыі ў Мінску 25 сакавіка. У выніку журналісту ўдалося давесці суду, што ён выконваў на акцыі свае прафесійныя абавязкі — заўв. рэд.). Я быў літаральна агаломшаны рэакцыяй беларускіх і замежных журналістаў на гэтыя падзеі. Калі бачыш, як твае калегі запаўняюць усю прастору ў зале суда, дзе слухаецца твая справа; калі атрымліваеш сотні тэлефанаванняў і электронных лістоў з пытаннямі, чым можна дапамагчы; калі ведаеш, што ў беларускае МЗС прыходзяць дзесяткі лістоў ад міжнародных арганізацый; калі бачыш, колькі матэрыялаў робяць на гэтую тэму беларускія СМІ, ведаючы, чым гэта можа для іх скончыцца, — гэта ў маім разуменні і ёсць прафесійная салідарнасць — максімальная, якую толькі можна атрымаць…»

Генадзь Кеснер: «У агульнанацыянальным маштабе журналісцкая салідарнасць у Беларусі не вельмі адчувальная. Нас штучна падзялілі на “чэсных” і “нячэсных”, і спачувальнага стаўлення да калег, якія знаходзяцца “па іншы бок барыкад”, асабліва з боку дзяржаўных СМІ, не назіраецца. Але што тычыцца незалежных журналістаў — тут сітуацыя выглядае інакш. Мы ўсё ж падтрымліваем адзін аднаго — і ў паўсядзённай працы, і калі ўзнікаюць пэўныя праблемы — напрыклад, калі нехта з журналістаў трапляе ў суд. Так што можна сказаць, што незалежныя журналісты сапраўды “адчуваюць плячо” сваіх калег».

Юрый Дзядзінкін: “Безумоўна, журналістам у Беларусі жывецца зараз нялёгка. Але адчуванне прыналежнасці да прафесійнай супольнасці, да кола блізкіх табе па духу людзей, падтрымлівае і стымулюе ў працы… Я асабіста ведаў Дзмітрыя Завадскага. Гэта быў прафесійны і мужны чалавек, і я лічу за вялікі гонар атрымаць дыплом, які носіць яго імя”.

Прэмія Дзмітрыя Завадскага ўручаецца з 2002 года. У папярэднія гады яе лаўрэатамі былі тэлеаператары Сяргей Гельбах, Сяргей Пушкін, Канстанцін Марозаў, Уладзімір Андронаў, Уладзімір Бабарыка, Уладзімір Косцін, фотакарэспандэнты Сяргей Грыц, Васіль Фядосенка і Юлія Дарашкевіч, журналісты Андрэй Дынько, Ірына Халіп, Любоў Лунёва, Леанід Міндлін, Марына Коктыш, Алена Слаў, Алесь Ліпай, Анжэй Пісальнік, Сяргей Сацук, Алег Улевіч, Генадзь Барбарыч, Анатоль Гатоўчыц, Наталля Макушына.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)