Баварскія эколагі засцерагаюць ад беларускіх лісічак

Інстытут навакольнага асяродзьдзя ў Мюнхене (Umweltinstitut München) распаўсюдзіў заяву адносна чарговай партыі радыеактыўных лісічак, якія трапілі ў гандаль нямецкай фэдэральнай зямлі Баварыя і, мяркуючы па ўсім, таксама прадаюцца ў самых розных краінах ЭЗ.

"Відавочна, што гэтыя грыбы паходзяць зь Беларусі ды Ўкраіны"

Як сьцьвярджае навуковая супрацоўніца мюнхенскага інстытуту, фізык Карын Вурцбахер, "апошнім часам пры праверцы ўсходнеэўрапейскіх грыбоў павелічэньне цэзію проста кідаецца ў вочы. Відавочна, што гэтыя грыбы паходзяць з пацярпелых ад чарнобыльскай радыяцыі рэгіёнаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, хоць у якасьці пастаўшчыка можа значыцца Літва ці іншыя не забруджаныя радыяцыяй ўсходнія краіны ЭЗ. Нярэдка гандляры ідуць і на іншыя трукі. Яны, напрыклад, зьмешваюць лісічкі, сабраныя на моцна забруджаных тэрыторыях з такімі ж грыбамі, але зь нізказабруджаных раёнаў".

"Гэта падман спажыўца. У выніку яму навязваюцца грыбы, якіх не чакаюць на рынку, - заяўляе доктар Хрысьціна Хакер, выканаўчы дырэктар Інстытуту навакольнага асяроддзя. - Наш інстытут патрабуе, каб грыбы правяраліся ня проста на выпадковай аснове, як цяпер, а грунтоўна і рэгулярна".

Паводле навукоўцаў, радыеактыўны цэзій-137, чый распад доўжыцца 30 гадоў, зьяўляецца адным з самых небясьпечных радыенуклідаў для чалавека. Трапляючы зь ежай у арганізм, ён хутка ўсмоктваецца страўнікава-кішачным трактам і ў выніку трапляе ў кроў. З арганізму выводзіцца толькі 10% гэтага радыеактыўнага рэчыва. Усё астатняе назапашваецца ў мышцах, нырках, сэрцы, селязёнцы, лёгкіх, пячонцы.

Як сьцьвярджаюць дасьледчыкі зь Мюнхену, выпадковая праверка лісічак чарговым разам даказала, што чарнобыльскія наступствы нават цяпер, праз 24 гады пасьля катастрофы, па-ранейшаму застаюцца актуальнымі для ўсёй Эўропы. Зразумела, што найбольш небясьпечная сытуацыя назіраецца непасрэдна ў Беларусі і Ўкраіне, дзе забруджаныя радыяцыяй "дары лесу" і прадукты сельскай гаспадаркі могуць бескантрольна прадавацца як на стыхійных, так і на арганізаваных рынках. І гэта нягледзячы на тое, што ў краінах афіцыйна забаронены распаўсюд забруджаных радыяцыяй прадуктаў. Ва Ўкраіне, напрыклад, за парушэньне прадугледжана крымінальная адказнасьць ад 3 да 10 гадоў зьняволеньня. Праўда, канкрэтныя выпадкі падобных пакараньняў невядомыя.

"Нават малая доза радыяцыі можа прывесьці зусім не да малога раку"

Паводле навукоўцаў-радыёлягаў, самыя небясьпечныя з дароў лесу па назапашваньні радыеактыўнага цэзію - ягады чарніцы, буякі і брусьніцы. З грыбоў да моцных назапашвальнікаў цэзію належаць махавікі, масьлякі, усе віды груздоў, рыжыкі, так званыя позьнія грыбы лясоў зелянюшкі.

Лісічкі разам зь белымі грыбамі, сыраежкамі належаць да памяркоўных назапашвальнікаў радыяцыі. Самыя ж слабыя назапашвальнікі - апенькі, шампіньёны, дажджавікі, вешанкі.

Як сьведчыць кіеўскі мэдык Вольга Бурмахіна, мясцовыя грыбы і ягады ўвогуле павінны стаць табу для ўкраінскіх і беларускіх жанчын на момант іх цяжарнасьці. Яна не выключае магчымых генэтычных захворваньняў, мутацыі плода. Прычым, праявіцца гэта можа не адразу, а праз пэўны час. "Не бывае так, малая доза - маленькі рак, вялікая доза - вялікі рак, - лічыць Бурмахіна. - Малыя дозы радыяцыі могуць выклікаць мутацыі генаў, якія перадаюцца ў спадчыну іншым пакаленьням".

Прыкладна такога ж меркаваньня прытрымліваецца і член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, старшыня праўленьня сацыяльна-экалягічнага грамадзкага аб’яднаньня "Цэнтар падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў" Іван Нікітчанка. Яго арганізацыя неаднойчы заяўляла пра масавыя парушэньні ў сфэры гандлю пры рэалізацыі прадуктаў харчаваньня. Паводле навукоўца, вельмі нямногія гандляры на гарадзкіх рынках Менску маюць сэртыфікаты адносна чысьціні прадукцыі, якую рэалізуюць.

Толькі летась у забруджаных раёнах вырасьцілі 200 тысяч тон зерня, і толькі ў Хойніцкім раёне вырабілі 33 тысячы тон цукру, якія былі распрададзеныя па ўсёй Беларусі. Як сьведчыць Іван Нікітчанка, "кожны радыеактыўны ізатоп, які трапляе ў наш арганізм, няспынна разбурае важныя органы. Гэта сэрца, сардэчная мышца. Ізатопы ўвесь час б’юць гэтую мышцу. У выніку мышца зношваецца, губляе сваю абарону і рвецца. Інфаркт. Калі ізатоп трапіць у сасуд, рвуцца сасуды".

Паводле Івана Нікітчанкі, "жыхары Беларусі маюць крытычную радыеактыўнасьць… Мы правяралі адну вёску ў Валожынскім раёне. З 44 чалавек ніводнага няма чыстага, усе носьбіты радыяцыі. У аднаго чалавека было нават 77 бэкерэляў на кіляграм, а гэта ў 1,5 разу больш за крытычны паказчык".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)