Общество
Змiцер Панкавец, Наша Ніва, фота mlyn.by

Батура пра рэстаран ля Курапат: «А што бачыць? Увесь свет такі. Жыццё ж працягваецца»

Iмя былога старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры ўсплыло ў сувязі з сітуацыяй з адкрыццём рэстарана ў Курапатах.

Высветлілася, што яшчэ ў 2012 годзе Генеральная пракуратура сумесна з Міністэрствам культуры прапаноўвала яму спыніць будаўніцтва так званага «Бульбаш-хола», які цяпер мае назву «Паедзем паядзім».

Тагачасны намеснік генеральнага пракурора Мікалай Кукліс дасылаў на імя Батуры прадстаўленне, дзе пісаў аб парушэннях пры будаўніцтве, а таксама заклікаў пакараць вінаватых і, магчыма, нават спыніць будаўніцтва. Аднак Батура гэтага не зрабіў. У 2018 годзе рэстаранны комплекс запрацаваў.

Мы датэлефанаваліся да былога чыноўніка, але надта шмат словаў з Барыса Батуры выцягнуць не атрымалася.

— Я не помню. Я не помню абсалютна. Можа быць іншыя людзі гэтым займаліся, а не я. Можа, і быў такі зварот ад генпракуратуры, але я гэтым не займаўся.

— А вы сочыце за сітуацыяй у Курапатах сёння?

— Ды не… Я ж цяпер пенсіянер.

— І не ведалі, што ваша імя цяпер сталі ўспамінаць у сувязі з гэтай гісторыяй?

— Не чуў [кажа па-беларуску — «НН»].

— Пра сам рэстаран помніце хоць нешта?

— Ды даўно гэта было. Шчыра кажучы, і ўспамінаць не хочацца.

— Як вы ставіцеся да Курапатаў? Што думаеце пра гэтае месца?

— Я б зрабіў там мемарыял, каб нармальна было ўсё.

— А тое, што побач рэстаран, нічога кепскага не бачыце?

— Я не бачу. А што бачыць? Увесь свет такі. Жыццё ж працягваецца. А вось комплекс у саміх Курапатах трэба нейкі зрабіць.

— Вы самі бывалі ў Курапатах?

— Быў, канечне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)