Общество

Бардак пад бокам у Лукашэнкі (фота)

Закінуты аб’ект знаходзіцца паблізу ад рэзідэнцыі кіраўніка Беларусі.

«Народная воля» знайшла гэтую чатырохпавярховую цагляную будыніну на 150 метраў – без вокнаў і дзвярэй – пры дапамозе аднаго з тутэйшых. Каторы год стаіць яна сярод лесу.

Мясцовыя гадаюць: што за даўгабуд такі, і хто той багацей, што з такою лёгкасцю раскідваецца мільёнамі грошай? Адны мяркуюць, што аб’ект-халабудзіна – уласнасць Беларускага прафсаюза і што нібыта тут меліся адкрыць санаторый. Іншыя кпяць: маўляў, гэта філіял Беларускай кінастудыі, і здымаць тут будуць рэтра-кіно – гатовая ж натурздымачная пляцоўка...

Колішняя будаўнічая пляцоўка па ўсім перыметры зарасла падлескам – дрэўцамі па 5–6 гадоў мінімум, і яны літаральна ад самага падмурка аплялі ўсю будыніну. Шырокія праёмы ў нізавыя, цокальныя памяшканні – насцеж; дзверы дзе паламаныя, а дзе іх і ўвогуле няма. На першым паверсе адкрытыя траншэі з пракладзенымі камунікацыямі, некаторыя сцены паўразваленыя, вокны забіты дошкамі...

На знешнім баку сцяны фарбай напісаны інвентарны нумар аднаго з карпусоў. Значыцца, аб’ект у кагосьці на балансе. Цікава, што знаходзіцца ён у ждановіцкім ляску, пад бокам рэзідэнцыі Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)