Банкет для душы
Гэты год быў адносна багаты на добрыя беларускія кнігі, прычым самых розных жанраў. На жаль, усе ўзгадаць мы ня ў стане. Таму вымушаны абмежавацца дзесяткам кніг з лiку тых, што патрапiлi ў рэдакцыю.
Вялiкае княства Лiтоўскае. Том 1. — Беларуская энцыклапедыя, 688 с.
Дзесяцігадовая праца каля 140 навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Гэта самае поўнае выданне, прысвечанае гісторыі і культуры Вялікага кіняства Літоўскага на працягу ўсяго перыяду яго існавання з ХІІІ па ХVІІІ ст. Унікальнасць кнігі найперш у шырыні ахопу матэрыялу: некаторыя факты, выкладзеныя на яе старонках, друкуюцца ўпершыню. На пачатку кнігі змешчаны абагульняльныя артыкулы пра гiсторыю ўзнiкнення старажытнабеларускай дзяржавы, яе культуру, навуку, дзяржаўны лад. Энцыклапедыя разлічана як на спецыялістаў, так і на шырокія чытацкія колы. Першы том складае больш за шэсцьсот старонак, багата аформлены каляровымі і чорна-белымі фота-здымкамі, малюнкамі, картамі і планамі. Выдатны адказ усім тым, хто схільны пачынаць адлік беларускай гісторыі ад 1917 года.
Рыгор Барадулін. Ксты. — Рымска-каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, 473 с.
Кніга вартая таго, каб яе прачытаць, хаця б таму, што ў хуткім часе мае быць вылучана на Нобелеўскую прэмію. У новы зборнік Рыгора Барадуліна ўвайшлі вершы духоўнага і філасофскага зместу, напісаныя ў розныя гады жыцця. “Ксты” — гэта своеасаблівы зварот паэта да Бога, ягоная малітва, споведзь і пакаянне. Адзін з апошніх цыклаў зборніка прысвечаны Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ, з якім Барадуліну давялося мець аўдыенцыю ў Ватыкане ў чэрвені 2004 года. Пераказваць паэзію — справа няўдзячная, тым больш калі гэта паэзія Рыгора Барадуліна. Варта толькі дадаць, што кніга атрымала бласлаўленне пробашча касцёла Святых Сымона і Алены ксяндза Уладзіслава Завальнюка, які выступіў навуковым кансультантам і адным з укладальнікаў зборніка.
Побач з намі на Зямлі. Том 1. — Тэхналогія, 292 с.
Выдатным падарункам для маленькіх чытачоў у гэтым годзе стала першая з трохтомнай анталогіі кніга вершаў, укладальнікам якой з’яўляецца Алег Мінкін. Адсутнасць савецкіх падыходаў пры яе фарміраванні і скіраванасць на рэальную практыку выхавання дзяцей у жывой беларускай мове робіць гэты зборнік не толькі карысным падручнікам, але і цікавым падарожным даведнікам па свеце жывёл — звяроў і птушак, рыб і насякомых, што насяляюць нашу зямлю. “Беларуская вершаванка-запамі-нанка для дзяцей” — так акрэсліў сам укладальнік скіраванасць гэтага зборніка. Выданне цалкам пазбаўленае ідэалагічнага налёту, таму ў ім вы не сустрэнеце згадак пра дажынкі і калгасы. Затое змешчаныя вершы надзвычай багатыя лексікай, цікавыя і прыдатныя для запамінання.
Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў, 162 с.
Доўгачаканае ўнармаваньне сучаснага беларускага клясычнага правапісу. Зборнік закліканы скасаваць разьбежнасьці ў практыцы “тарашкевіцы”. Адметна, што аўтары ўзьнімаюць і пытаньні, агульныя для ўсяго беларускага мовазнаўства — у Зборы нямала матэрыялу, які ўпершыню стаў аб’ектам унармаваньня. Заслуга аўтараў яшчэ і ў тым, што яны пазьбягаюць радыкалізму, ставячы сваёй задачай ня толькі захаваць традыцыю, але і максымальна палегчыць будучае зьбліжэньне клясычнага і афіцыйнага правапісу. Напісаньне некаторых словаў можа часам здасца нязвыклым, але тлумачыцца гэта найперш тым, што стваральнікі Правілаў кіраваліся прынцыпам пасьлядоўнасьці. Першапраходцам заўсёды цяжка, але вынік больш як дзесяцігадовай працы атрымаўся дастойным.
Быкаў на Свабодзе. — Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода, 662 с.
Імя Васіля Быкава пачало гучаць на хвалях “Свабоды” яшчэ ў 1960-я гады, а пасля выезду пісьменніка ў 1998 годзе за мяжу радыё стала для яго адзінай магчымасцю звярнуцца да беларусаў. Гэта ўжо другое выданне радыёпубліцыстыкі нашага славутага суайчынніка. Зборнік, які выйшаў у гэтым годзе, значна дапрацаваны і дапоўнены невядомымі раней інтэрв’ю, фота-здымкамі, лістамі і ўспамінамі пра пісьменніка ягоных сяброў і калег. Пад адной вокладкай таксама сабраныя рэпартажы і каментары карэспандэнтаў «Радыё Свабода», якія паказваюць стаўленне да Васіля Быкава ўлады і народа — як пры жыцці пісьменніка, так і ў жалобныя дні развітання. Гэтая кніга для ўсіх тых, каму недастаткова афіцыйнага погляду на асобу вялікага пісьменніка.
Вероника Черкасова. Красным по белому. — Престиж-бук, 262 с.
То, что мы включили этот сборник в число лучших книг уходящего года — это не просто дань памяти нашей коллеге, зверски убитой в конце октября прошлого года. Это заслуженное признание таланта и журналистского мастерства Вероники Черкасовой. Книга, в которую вошли лучшие статьи, очерки и эссе, написанные Вероникой для белорусских и российских изданий в период с 1991 по 2004 годы, по праву может стать хрестоматией по современной журналистике. Вопреки всем законам жанра, даже самые давние публикации по-прежнему сохраняют актуальность. Яркий стиль, тонкое чувство юмора и безупречно точный язык — вот то, что отличает статьи Вероники Черкасовой. Героями ее публикаций были самые различные люди — известные политики и уличные попрошайки, маститые художники и “челноки”, ездившие на закупки в Польшу, — их судьбы одинаково волновали и были значимы для Вероники.
Францішак Аляхновіч. Выбраныя творы. — Беларускі кнігазбор, 544 с.
Упершыню ў Беларусі асобнаю кнігаю выдадзеныя выбраныя творы Францішка Аляхновіча. У савецкія часы яго імя было на-дзейна схаванае ад шырокай грамадскасці, але шырока вядомае ў свеце, дзякуючы першаму ў гісторыі ўсясветнай літаратуры дакументальнаму антыгулагаўскаму твору “У капцюрох ГПУ”. У ім Аляхновіч задоўга да Салжаніцына распавёў пра жахі сталінскіх лагераў, у якіх яму давялося прабыць шэсць гадоў. У кнізе, якая выйшла ў серыі “Беларускі кнігазбор”, чытач мае магчымасць пазнаёміцца з усімі жанрамі творчай спадчыны пісьменніка — прозай, драматургіяй, публіцыстыкай, паэзіяй.
Уладзімер Арлоў. Сланы Ганібала. — І.П.Логвінаў, 396 с.
Выдатны ўзор сучаснай беларускай прозы. У зборнік увайшлі выбраныя эсэ Уладзіміра Арлова, напісаныя цягам апошніх пятнаццаці год. Пісьменнік у іранічным стылі распавядае пра свае падарожжы і здарэнні падчас іх: як, напрыклад, англійскія мытнiкі прынялі яго за ірландскага тэрарыста. У кнігу патрапіла і шмат новых твораў пісьменніка: эсэ “Мёртвыя не пацеюць” некалькі вылучаецца сярод іншых — у ім аўтар вандруе не ў часе і прасторы, а па клініках і бальнічных ложках. Зборнік пачынаецца вядомым эсэ “Незалежнасць — гэта...”, напісаным яшчэ ў 1990 годзе да чарговых угодкаў БНР і перакладзеным больш як на дваццаць моваў свету.
Валерий Дашкевич. Энергетическая зависимость Беларуси: последствия для экономики и общества. — И.П.Логвинов, 68 с.
Небольшая брошюра одного из ведущих экономистов Беларуси прекрасно иллюстрирует тезис, что хорошая книга — это необязательно объемное издание. Проблема, затронутая в этой работе, с каждым днем приобретает все большую актуальность и касается не только экономистов. Примечательно, что издание вышло как раз накануне российско-украинского газового конфликта. Автор не только анализирует особенности и глубину энергетической зависимости экономики нашей страны от российских энергопоставок, но и предлагает возможные пути преодоления ее с минимальными экономическими последствиями для Беларуси.
Артур Клінаў. Горад СОНца. — І.П.Логвінаў, 132 с.
Гэты фотаальбом зусім не ўкладаецца ў межы тых прэзентацыйных выданняў, якія звычайна прысвячаліся нашай сталіцы. “Ідэальны Горад камуністычнай Утопіі” — так ахарактарызаваў Артур Клінаў Мінск. На фотаздымках мастака ўсе тыя ж велічныя палацы і грандыёзныя плошчы, якія можна пабачыць у шматлікіх іншых альбомах. Адна толькі розніца — побач з гэтым багаццем архітэктуры ў Клімава раптам з’яўляецца і зусім іншая рэальнасць: шэрыя, неатынкаваныя сцены шматкватэрных дамоў з сіроцкага выгляду балконамі і чорнымі дзіркамі маленькіх вокнаў. Фатограф нібы раскрывае падман, разбурае ілюзію велічнасці архітэктурнай раскошы горада. Неўзабаве і сам пачынаеш успрымаць гэтыя пампезныя будынкі ў стылі сталінскага аміпіру са скульптурамі атлетаў, піянераў і жанчын з вёсламі як вялізную дэкарацыю, шырму, якой прыкрылі няспраўджаную ідэю утапічнага Горада Сонца савецкага шчасця.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное