Общество
Ілля Горын

«Бацькаўшчына» звярнулася да беларусаў з нагоды спынення беларускамоўнага вяшчання на «Радыё Швецыі»

«Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» зрабіла зварот з нагоды спынення з 1 верасня беларускамоўнага вяшчання на «Радыё Швецыі». Па словах кіраўніка Міжнароднага канала Шведскага нацыянальнага радыё Інгемара Лёфгрэна, зроблены выбар «на карысць вяшчання на адной з вялікіх еўрапейскіх моваў, а менавіта — рускай, тым больш, што гэта мова, якую разумеюць і ў Беларусі».

«Перадачы па-беларуску гучалі ў эфіры «Радыё Швецыя» ад 2004 года. Журналісты беларускай рэдакцыі расказвалі ў сваіх перадачах пра Швецыю як пра дэмакратычную краіну і тым самым садзейнічалі дэмакратычнаму развіццю Беларусі. Вялікая ўвага надзялялася асвятленню беларускай культуры, шведска-беларускіх адносінаў. Слухачамі перадачы былі таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Швецыі ды іншых еўрапейскіх краінаў.

Спыненне перадач па-беларуску не толькі перавядзе да змены моўнага асяроддзя, але і паўплывае на змест праграмы: натуральна, што руская служба будзе надзяляць болей увагі расійска-шведскім адносінам. Больш за тое, спыненне вяшчання па-беларуску зменшыць прысутнасць беларускай мовы ў свеце, што нельга дапусціць, улічваючы сённяшнюю сітуацыю з мовай у Беларусі і пагражальныя асімілятыўныя працэсы сярод беларусаў замежжа.

Падобна на тое, што ў сувязі з пацяпленнем адносін паміж Беларуссю і Еўразвязам, праца беларускай рэдакцыі, што спрыяла дэмакратызацыі Беларусі, падаецца кіраўніцтву Шведскай радыёкампаніі непатрэбнай.

МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» вітае пазітыўныя тэндэнцыі апошняга часу па збліжэнні Беларусі з ЕС. Аднак пакуль наша краіна не стала незваротна на шлях дэмакратызацыі, пакуль існуе небяспека знікнення роднай мовы тытульнай нацыі, нельга пазбаўляць беларусаў адной з нешматлікіх магчымасцяў атрымліваць праўдзівую інфармацыю па-беларуску.

«Бацькаўшчына» выказвае падтрымку беларускай рэдакцыі Шведскага радыё і спадзяецца, што рашэнне пра спыненне вяшчання па-беларуску будзе адменена», — паведамляецца ў звароце.

— Мы моцна занепакоеныя сітуацыяй з закрыццём беларускамоўнага вяшчання на «Радыё Швецыя», — паведаміла «Салідарнасці» намесніца старшыні Рады МГА ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская. — Так, відавочна, можна спрачацца пра эфектыўнасць працы беларускай службы гэтага радыё. Але, па-першае, інфармацыю па-беларуску мелі магчымасць слухаць не толькі беларусы (ці тыя, хто цікавяцца Беларуссю) у Швецыі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах. Па-другое, існаванне беларускамоўнага вяшчання па-за межамі Беларусі – магчымасць уплываць на спыненне імклівых асіміляцыйных працэсаў сярод беларусаў, якія выязджаюць за мяжу. Гэтае пытанне не было б такім вострым, калі б праблема пашырэння і развіцця беларускай мовай у самой нашай краіне была б вырашаная. Моцна хвалюе, каб закрыццё беларускамоўнай праграмы на «Радыё Швецыя» не стала агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй у сувязі з пацяпленнем адносінаў Беларусі з Еўразвязам. Маўляў, дэмакратычныя працэсы пачаліся, то няма неабходнасці адмыслова ў беларускамоўным вяшчанні. На вялікі жаль, пры існуючай дзяржаўнай палітыцы адносна беларускай мовы, яна ўвогуле хутка можа з’явіцца ў пераліку выміруючых. І ёсць небяспека, што гэта не ўлічваецца краінамі Еўропы пры рашэнні аб закрыцці беларускамоўных праграмаў.

У сваім звароце Управа МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» заклікае беларусаў на Радзіме і ў замежжы, усіх, каму неабыякавы лёс роднай мовы і беларускай рэдакцыі Шведскага радыё, далучыцца да кампаніі па падтрымцы і накіраваць лісты з патрабаваннем працягнуць вяшчанне па-беларуску пасля 1 верасня 2009 года ў наступныя інстанцыі:

Генеральны дырэктар Шведскага радыё, Mr. Mats Svegfors mats.svegfors@sr.se

Намесніца гендырэктара Ms. Cilla Benkö, cilla.benko@sr.se

Кіраўнік Міжнароднага каналу Mr. Ingemar Löfgren, ingemar.lofgren@sr.se

Кіраўніца «Радыё Швецыя» Ms. Gundula Adolfsson, gundula.adolfsson@sr.se

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)