Политика
Алесь Гізун, intex-press

Бацька Статкевіча пасля сустрэчы з сынам ўсю ноч плакаў

Бацька экс-кандыдата ў прэзідэнты сустрэўся з сынам у калоніі. Дагэтуль ен некалькі месяцаў не атрымліваў ад яго лістоў.

— Я цяпер пачаў вельмі кепска чуць, таму чуў толькі палову ўсяго, што казаў мне Коля, — кажа Віктар Паўлавіч. — Праўда, я пра гэта яму ўжо не казаў — не хацеў расстройваць… Мы так увесь час і размаўлялі: ён не хацеў расстройваць мяне, а я — яго.

Па словах Віктара Статкевіча, іх спатканне з сынам доўжылася каля дзвух гадзінаў. Размаўлялі седзячы, праз шкляную перагародку.

— Адразу кінулася ў вочы: Коля такі змучаны, худы – цяжка на яго глядзець, — прыгадвае Віктар Паўлавіч. — Але я ўжо моцна не здзіўляўся, бо ведаю, у чыіх ён руках. Толькі пасля, як вярнуўся дадому, усю ноч плакаў… Ды я ўжо столькі выліў тых слёз, што ўсім маім крыўдзіцелям хабіла б, каб патапіцца.

Віктар Паўлавіч вельмі чакаў спаткання з сынам, бо апошнімі месяцамі зусім не атрымліваў ад яго лістоў.

— Коля прызнаўся мне, чаму ён не піша, – распавядае Статкевіч-старэйшы. – Калі ён напіша што не так, і там гэта прачытаюць, праз яго аднаго караюць усіх. А вы разумеце, якая гэта невыносная атмасфера…

Пры спатканні з бацькам Мікола Статкевіч таксама надта ні на што не скардзіўся, асцерагаўся, каб толькі лішне не растрывожыць старога. Усміхаўся нават тады, як паказваў пашкоджаную нядаўна на лесапільні, і сёння прыпухлую руку.

— Іхны доктар выпісаў майму сыну даведку, дзе спачатку напісаў, каб Колю выключылі нагрузкі на левую руку, а пасля прыпісаў, што ён… працаздольны, — распавядае Віктар Паўлавіч. — Я не ўяўляю, як ён адной рукою пілуе тыя дошкі... Як увогуле можа працаваць на лесапільні чалавек з незалечанай паламанай рукою і рабрынаю?.. І як гэта мог дазволіць чалавек, які даваў клятву Гіпакрата?! Гэта ж злачынства!

Сёння Статкевіч-старэйшы не спадзяецца ані на хуткае наступнае спатканне з сынам, ані на яго датэрміновае вызваленне:

— Можа, Колю і выпусцілі б раней, каб ён напісаў просьбу аб памілаванні, але ён не зробіць гэтага ніколі, бо ніколі не прызнае сябе злачынцам. Цяпер мне хацелася б хаця зрэдку бачыць яго. Проста каб ведаць, што мой сын жывы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)