Лица
Юлія Ружачка

Баба Броня — наш адказ Брыджыт Бардо і Шахерызадзе

У музеі Максіма Багдановіча адбылася літаратурная акцыя “Групавы партрэт з Караткевічам”. З нагоды конкурсу маладых літаратараў імя Уладзіміра Караткевіча, які адбыўся ў 2005 годзе, прайшла прэзентацыя зборніка з творамі пераможцаў літаратурнага спаборніцтва. А назвалі кнігу ў гонар прастой вясковай жанчыны і па сумяшчальніцтве вядомай літаратурнай гераіні Бабы Броні.

Некаторыя імёны аўтараў ужо стала асацыююцца з маладой беларускай літаратурай, у некаторых — усё яшчэ наперадзе. Але ўжо сама ідэя пра тое, што “хутка, можа, Пэн-цэнтр будзе вылучаць кандыдатуры маладых літаратараў на Нобелеўскую прэмію”, выказаная Андрэем Хадановічам, настройвае на аптымістычны лад і выклікае цікавасць і жаданне пачытаць хаця б некалькі радкоў у кожнага аўтара. Дзякуючы імпрэзе была магчымасць паслухаць выбраныя творы у чытанні саміх пісьменнікаў, пахвалявацца разам з маладымі літаратарамі і проста адпачыць у “вузкім сямейным коле”. Прычым гэтая сямейнасць адчувалася не толькі ў атмасферы вечарыны, а, відаць, і ў самім конкурсе.

Ганна Кісліцына, сувядучая спадара Хадановіча на прэзентацыі, аўтар прадмовы да зборніка і проста вядомы літаратурны крытык і абаяльны чалавек, прыадкрыла для прысутных і закулісны свет праекта: “За час правядзення конкурсаў усе паспелі перасябраваць паміж сабой, а я чакаю, калі ўсе яны яшчэ перажэняцца”. Тады, вывучаючы сучасную беларускую літаратуру, мы ўсё часцей зможам сустракаць знаёмыя прозвішчы побач з новымі імёнамі.

Па словах Ганны Кісліцынай, “кожны з удзельнікаў конкурсу паспеў напісаць тыя радкі, якія сталі любімымі”. Апрача гэтага, маладыя аўтары выклікалі шматлікія ўсмешкі і нават прыступы смеху ў гледачоў, як Павал Анціпаў падчас чытання свайго твора пра прыгоды Пыці Катлевай і Дусі Душчык.

Мазыранін Алесь Сушчэўскі пасвяціў нас у рэаліі і нават інтымнасці жыцця роднага горада. Гурт Band_A мужна выступіў у складзе трох чалавек з акустычнай праграмай, незважаючы на тое, што іх “вакалістка Ленка пабіла каленку”. Спецыяльны госць — Віка Трэнас — зрабіла праможцам падарунак у выглядзе прачытанага верша, а Алеся Башарымава прачытала пра “стварэнне свету”, прымусіўшы задумацца над тым, што заўсёды здавалася пэўным і бясспрэчным. З розных бакоў можна было ўбачыць Паўла Свярдлова: як чалавека з тонкім адчуваннем рэчаіснасці, закаханага хлопца, уважлівага назіральніка-філосафа, а ў канцы імпрэзы — яшчэ і як гандляра-кнігарніка.

За паўтары гадзіны выступілі ўсе прысутныя пераможцы, спецыяльныя госці, вядучыя прачыталі любімыя вершы тых літаратараў, якія, на жаль, не змаглі прысутнічаць на гэтым свяце. “І самы час зняць інтрыгу, — падводзіў да фіналу Андрэй Хадановіч. — ББ — гэта ў Францыі — Брыджыт Бардо, а ў нас — Баба Броня”. А ў параўнанні з творам пенсіянеркі “Дзвяць з палавінай начэй” Шахерызада нервова паліць у баку.

Але, як высветлілася, за асобай вядомай жанчыны хаваўся малады віцеблянін Макс Восіпаў, які прыклаў руку яшчэ да дызайну вокладкі зборніка...

Падчас усёй іспрэзы ў залі, акурат за выступоўцамі, стаяў бюст Максіма Багдановіча, нібы ацэньваючы тое, што адбываецца навокал. І па ўсім здаецца, што яму спадабалася. Што тады казаць пра гледачоў і саміх літаратараў...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)