Азараў: «Дыктатар разумее толькі сілу»

Прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў расказаў, чым плануе заняцца ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Прадстаўнік ініцыятывы беларускіх экс-сілавікоў і Аб’яднанага пераходнага кабінету па пытаннях аднаўлення правапарадку Аляксандр Азараў распавёў, у чым бачыць свае задачы на новай пасадзе, і якім можа быць «сілавы варыянт» пераменаў у Беларусі.

— Мы ўжо правялі кансультацыі з некаторымі прадстаўнікамі кабінету, каб размеркаваць абавязкі і не рабіць адно і тое, — сказаў Азараў на канале Св*бода Premium. — Асноўнай працай будзе працяг плану «Перамога», з удзелам Валера Сахашчыка яго трэба будзе трошкі перафарматаваць, але ён будзе прыняты за аснову.

Аляксандр Азараў

Паводле Азарава, цягам больш як шасці месяцаў ідзе падрыхтоўка беларусаў за мяжой для ўдзелу ў спецыяльных аперацыях плану «Перамога» ў Беларусі — гэтым займаюцца тыя ж інструктары, якія рыхтуюць байцоў палка «Пагоня». Больш за сто чалавек прайшлі такую падрыхтоўку толькі праз аб’яднанне былых сілавікоў, але агульная лічба больш, адзначае ён.

У наступныя паўгады прадстаўнік кабінету па пытаннях аховы правапарадку бачыць сваімі асноўнымі задачамі працу з беларусамі ўнутры краіны, а таксама з сілавым блокам — праваахоўнымі органамі, «каб яны пераходзілі на бок грамадства»:

— Цяпер Лукашэнка іх рыхтуе да вайны, а наша праца будзе — пераводзіць іх на наш бок, каб, як казаў Валер Сахашчык, мы не сустрэліся і не былі ворагамі і, не дай Божа, каб прымянілі зброю адзін супраць другога… Таксама застаецца распрацоўка рэформы МУС, трэба аб’ядноўваць усіх людзей, якія над гэтым працуюць, і ствараць, можа, аддзел, які будзе займацца рэформамі.

Плюс кадравае пытанне: трэба знайсці яшчэ з дзясятак людзей, якія ў гэтым дапамагалі б — я абзвоньваю былых сілавікоў, якія зараз за мяжой, і пытаюся, ці могуць яны ўзяць удзел у новым кабінеце. Але агулам мы дамаўляліся яшчэ 60 дзён не расказваць пра свае планы.

Паводле меркавання Азарава, на канферэнцыі «ўсе разумелі, што трэба рыхтавацца да сілавога метаду, бо Лукашэнка добраахвотна нікому ўладу не здасць». Аднак гэта не азначае радыкалізацыі пратэстаў:

— Наша асноўная мэта — каб сілавікі перайшлі на наш бок, сталі ў нашы шэрагі і змагаліся з Лукашэнкам. Але мы не хочам сутычак. Будуць і іншыя метады ўздзеяння (у прыватнасці, санкцыі), гэтым займаецца Кавалеўскі і Латушка. Усе палітычныя і эканамічныя метады будуць прымяняцца і далей. Але да сілавога мы таксама павінны быць падрыхтаваныя. Бо дыктатар разумее толькі сілу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(22)