Общество

Ахоўнікі Лукашэнкі занялі 5-е месца на чэмпіянаце свету сярод целаахоўнікаў у Кіеве

Целаахоўнікі прэзыдэнтаў Украіны, Малдовы і Грузіі перамаглі на сёлетнім чэмпіянаце сьвету ў шматборстве Bodyguard-2019, які прайшоў у Кіеве 7-10 верасьня. Каманда Службы бясьпекі прэзыдэнта Беларусі заняла 5-е месца, паведамляе Радыё Свабода.

Каманда ахоўнікаў Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі адкрыцьця

Раней спаборніцтвы праводзіліся ў Ялце, але пасьля анэксіі Крыму Расеяй перамясьціліся ў Кіеў.

У чэмпіянаце ўдзельнічалі 24 каманды — органаў бясьпекі, праваахоўных і спэцыяльных службаў, а таксама службаў бясьпекі прэзыдэнтаў Украіны, Кітая, Беларусі, Малдовы, Баўгарыі, Грузіі, Румыніі, Ярданіі і Сэрбіі.

Усе віды спаборніцтваў грунтаваліся на легендзе аб нападзе на першую асобу дзяржавы ў розных умовах, а целаахоўнікі мусілі прадэманстраваць свае навыкі хуткага рэагаваньня на пагрозы жыцьцю і здароўю: абараніць, затрымаць нападніка, адстраляцца, аказаць першую дамэдыцынскую і мэдыцынскую дапамогу і ў выпадку раненьня вывезьці VIP-пэрсону ў бясьпечнае месца. На рэакцыю — усяго некалькі сэкундаў.

Спаборніцтва ў ахове асобы, на якую нападаюць падчас масавага мерапрыемства

Беларуская каманда стала другой у выкананьні заданьня па дамэдычнай дапамозе і экстранай эвакуацыі параненай ахоўнай асобы. Целаахоўнікі Лукашэнкі таксама ўвайшлі ў тройку лідэраў яшчэ ў двух відах спаборніцтваў — ахове пры пешым суправаджэньні ва ўмовах масавага мерапрыемства, калі на аб’екта іхнай аховы нападае зламысьнік, і выкарыстаньне прыёмаў рукапашнага бою ў выпадку нападу на іх саміх.

Судзьдзі высока ацанілі падрыхтоўку целаахоўнікаў Лукашэнкі ў рукапашным боі

Але памылкі, дапушчаныя ў трох іншых відах змаганьняў (пераадоленьне паласы перашкод на аўтамабілі, страляньне падчас пешага суправаджэньня і з аўтамабіля, пошук выбуховых прыладаў у аўтамабілі) не дазволілі беларускай камандзе ўтрымацца ў тройцы лідэраў у агульнакамандным заліку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(18)