Общество
Аліна Таранік

«Асаблівасці» рэстаўрацыі помнікаў у Беларусі (фота)

У другую нядзелю жніўня ў Беларусі адзначаецца Дзень будаўніка. Кожны год у краіне нешта руйнуецца, а на яго месцы вырастаюць новыя гмахі, пашыраюцца гарады. Але сёлета хочацца ўзгадаць пра працу над аднаўленнем аб’ектаў гістарычнай спадчыны. Кіраўнік таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч назваў «Салідарнасці» некаторыя «асаблівасці» рэстаўрацыі помнікаў у Беларусі.

Перадусім, мы пацікавіліся ў Антона Астаповіча, якія праекты па аднаўленні гістарычнай спадчыны ён лічыць удалымі, а якія – не.

– Пачну з жыццёвай гісторыі. 31 ліпеня былі з сябрамі на Смаргоншчыне ды Ашмяншчыне, спыніліся дзесьці ля прыдарожнай каплічкі і пачалі фатаграфавацца. Да нас падышлі мясцовыя бабулі ды запыталіся: «Што вы тут фатаграфуеце? Можа, рэстаўраваць збіраецеся?» Тады мы адказалі, што тое не выключана. «Ой, а можа ня трэба?» – пачулі недаверлівы адказ, – кажа суразмоўца.

А ўвогуле спадар Астаповіч даволі крытычна ацэньвае працэс рэстаўрацыі гістарычнай спадчыны. Прасцей для яго было назваць тыя працы па аднаўленні першапачатковага выгляду помнікаў гісторыі, якія можна лічыць удалымі. Па словах кіраўніка Дабрачыннага таварыства аховы помнікаў, някепска адрэстаўраваныя фасады палацу Козел-Паклеўскага ў Красным Беразе, бакавое крыло палацу ў Жылічах, у Ружанах спадабалася як зрабілі браму ды ўсходні флігель.

– Збольшага пра працы па гістарычных цэнтрах лепей прамаўчу, бо якасць нулявая, аўтэнтычныя матэрыялы замяняюцца на сучасныя, вельмі часта аб’емна-прасторавыя структуры парушаюцца яшчэ на стадыі планавання, – паведамляе ён.

Калі пашпацыраваць па Мінску, то ва ўсім комплексе Бернардынскага кляштару, нягледзячы на тое, што быў распрацаваны і прапанаваны граматны праект, якім шчыльна займаўся навуковы кіраўнік, знішчана аўтэнтыка: усе нішы і топачныя хады парушаныя, замененыя інтэр’ерныя элементы. У некаторых з будынкаў на плошчы Свабоды засталіся толькі вонкавыя сцены, а ўсе каштоўныя роспісы з іх зніклі.

І сапраўды, многае ў Верхнім горадзе папросту знішчаецца, а замест з’яўляюцца новыя будынкі, зробленыя пад старыну. Вось як пракаментавалі менчукі рэстаўрацыю ды рэканструкцыю, якая вядзецца ў цэнтры сталіцы:

– Знявечылі горад увогуле. Раней хоць нейкі выгляд быў, а цяпер незразумела, што да чаго. Адзінае, што падабаецца, гэта пляцоўка каля сабору Святога Духу. Можна адзначыць таксама музычнае вучылішча. Усё астатняе цяжка назваць рэстаўрацыяй. Проста перабудова ўсей гістарычнай спадчыны. Напэўна, у адпаведных чыноўнікаў вельмі кепскі густ, што да архітэктуры.

Дарэчы, мае сумоўцы падказалі спусціцца на набярэжную, дзе, на іх думку, замест планаваных пабудоваў ХІХ стагоддзя, набудавалі звычайных катэджаў. Вось яны:

– Новую краму будуюць, – заўважыў адзін з мінакоў, які пабачыў маю зацікаўленасць да ўзвядзення будынку замест паркоўкі (плошча Свабоды). Дарэчы, у ім праводзіцца «аднаўленне ўспаўняемай забудовы пад аб'екты грамадска-бытавога назначэння».

Спадар Астаповіч патлумачыў, як трэба разумець паняцце рэстаўрацыі.

– Разумееце, рэстаўрацыя – гэта ня толькі рэстаўрацыя будынку, але й аднаўленне страчанага. Для гістарычнага цэнтру Мінску існуюць якасныя праекты рэгенерацыі, ёсць дастаткова гістарычнага матэрыялу. Аднак, усе гэта чамусці ігнаруецца. Парушаюцца габарыты будынкаў, аб’емы, колькасць паверхаў змяняецца.

Гэтак праходзіць рэстаўрацыя Косаўскага палацу

Са сваіх назіранняў ведаю, што над рэстаўрацыяй шматлікіх помнікаў архітэктуры працуюць звычайныя будаўнікі. Да прыкладу, Нясвіжскім палацам, як мінімум, займаўся адзін з салігорскіх будтрэстаў. Таму пацікавілася ў спадара Астаповіча, ці сапраўды можна даверыць гэткую вытанчаную працу людзям, якія не маюць дастатковых ведаў у гістарычнай дойлідстве.

– Я лічу ненармальным тое, што ў Беларусі няма рэстаўрацыйных кампаній. То бок, некалькі з іх існуе, але гэта адзінкі. Таму працуюць яны выключна на спецпраектах, выконваюць інтэр’ерныя працы. Недапушчальна тое, што Мінскпраект, які займаецца сучасным гарадскім планаваннем, працуе і над гістарычнымі аб’ектамі. Сапраўдных спецыялістаў мала, але нават да іх ніхто не прыслухоўваецца, парушаецца парадак зацверджання праектаў, прадугледжаны законам, самыя якасныя з іх чамусьці не атрымоўваюць рэалізацыі. З-за гэтага многае псуецца, не бяруцца ў разлік гістарычныя ўласцівасці, усе менавіта перабудоўваецца, а не рэстаўруюцца. Магчыма, прычынай таму адсутнасць густу ў людзей, якія прымаюць рашэнні. У пэўным сэнсе, у нечым і добра, што зараз крызіс – не бяруцца рабіць новыя рэканструкцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)