Общество
Аліна Таранік

Арлоў прэзентаваў кнігу пра ВКЛ, якая не спыняецца на 1795 годзе (фота)

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя выдання Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя». «Кожны паважаючы сябе чыноўнік павінен набыць сабе гэтую кнігу», – лічыць навуковы рэцэнзент выдання.

– Дзень для нашай прэзентацыі выбраны невыпадкова. 495 гадоў таму Францішак Скарына выдаў у Празе першую друкаваную кнігу «Псалтыр». Я ўпэўнены, што прыйдзе час, калі ў Беларусі гэты дзень будзе святкавацца, як Дзень друку, – пачаў імпрэзу пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Пісьменнік адзначыў, што на прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычных корпусаў, якія самі даведаліся пра імпрэзу – адмыслова на прэзентацыю іх не запрашалі,бо ўвосень кнігу ў перакладзе на іншыя мовы прадставяць у Нацыянальным гістарычным музеі.

Зміцер Герасімовіч і Уладзімір Арлоў

Вядомы гісторык Уладзімір Ляхоўскі, аўтар шэрагу кніг, прысвечаных нацыянальнаму руху канца ХІХ–пачатку ХХ стагоддзяў, стаў навуковым рэцэнзентам кнігі.

– Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка для ўзняцця пачуцця патрыятызму параіў набыць кожнай сям’і слуцкі пояс. Я асмелюся параіць больш танны праект – каб дзяржава парупілася, каб у кожнай сям’і была кніга Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча. Гэтая кніга паменшыла б дзяржаўныя выдаткі і скараціла б штат ідэалагічных працаўнікоў, – адзначыў навуковец. – Кожны паважаючы сябе чыноўнік павінен набыць сабе гэтую кнігу, якая будзе сродкам для ўмацавання беларускага патрыятызму, фармавання беларускай палітычнай эліты.

Як адзначыў рэдактар выдання Зміцер Санько, «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя» гэта не толькі сістэматызаваны сбор агульнавядомых звестак у папулярным выкладзе, але і піянерская праца аўтараў у шмат якіх аспектах. У кнізе сабраныя каля 2000 ілюстрацый – вынік цяжкай пошукавай працы Змітра Герасімовіча. Сам пісьменнік строга, па-навуковаму, падыходзіць да гісторыі – «няма пустога пафасу і слоўнай траскатні»

Паводле Арлова, задача кнігі, у якой беларусы разглядаюцца, як народ, які ментальна, гістарычна, культурна належыць да еўрапейскай цывілізацыі, – сканцэнтравацца на эпосе Вялікага Княства Літоўскага, у якім кансалідаваўся беларускі народ.

– Адна з галоўных асаблівасцей кнігі ў тым, што мы не спыніліся на 1795 годзе, на тым годзе, калі апошні раз прабіў гістарычны гадзіннік Вялікага Княства. Мы зыходзілі з таго, што хоць гэтая дзяржава спыніла сваё існаванне, ідэя Вялікага Княства працягвала жыць, натхняла новыя і новыя пакаленні патрыётаў, і зноў, і зноў рабіліся спробы адраджэння дзяржаўнасці. У 1811 годзе група нашых літвінскіх магнатаў на чале з Клеафасам Агінскім падавала першы значны праект аднаўлення Вялікага Княства з будучай канстытуцыяй, які, на жаль, не здзейсніўся. Ідэя аднаўлення ВКЛ натхняла паўстанцаў 1831 года, натхняла ўдзельнікаў таемных таварыстваў ад філаматаў і філарэтаў да ўдзельнікаў масонскіх ложаў. Гэтая ідэя дажыла і да ХХ стагоддзя, – распавёў пісьменнік.

Падзеям, якія адбыліся пасля 1795 года, прысвечаныя 16 раздзелаў з 70, якія склалі кнігу.

У кнізе вядзецца і пра сучасных беларусаў, якія прысутнічаюць у гістарычныя моманты на Віленшчыне. Так, на старонцы 396 размешчаны фотаздымак былога міністра культуры Пятра Краўчанкі, які, дарэчы, не паленаваўся прыйсці на прэзентацыю.

– Выхад кнігі мае дуалістычнае значэнне для нашай нацыянальнай гісторыі. Па-першае, гэта кніга будзе адыгрываць велізарную ролю ў выхаванні маладога пакалення. Я даўно перакананы, што без стварэння адпаведных легенд, гістарычных міфаў, мы не зможам выхаваць сапраўдных беларусаў. Па-другое, гэта кніга працуе на беларускую дзяржаву: цікавейшае, фундаментальнае выданне не проста цаглінка, а моцны падмурак у нашу беларускую дзяржаўнасць, – падсумаваў Пётр Краўчанка.

Былы міністр замежных спраў Пётр Краўчанка

Ён заўважыў, што беларусам і ў нашыя часы не стае інфармаванасці. Напрыклад, на адным з нядаўніх аўкцыёнаў, былы міністр культуры пабачыў, як прадаецца выданне Канстанціна Тышкевіча «Замкі Вялікага Княства Літоўскага», якое складалася з 12 акварэляў замкаў Беларусі, Польшчы і Літвы.

– Выданне, у рэшце рэшт, набываюць палякі, якія робяць «прыгожую камерцыю»: 4 лісты выдзіраюць з альбому і прадаюць летувісам, чатыры акварэлі з беларускімі замкамі невядома куды адыходзяць, і чатыры яны пакідаюць сабе, – расказаў пра здарэнне Пётр Краўчанка.

Ён заклікаў сабрацца грамадой і ўслед за Статутам ВКЛ, выкупіць і ўнікальную «Малую падарожную кніжыцу», якая цяпер знаходзіцца ў аднаго з мінскіх міліянераў. Той запрасіў даволі вялікія грошы, таму дзяржава не варушыцца. Каб кніга не знікла, Краўчанка заклікае пачаць збіраць грошы ўсёй грамадой, каб паступова выкупіць кнігу і перадаць у тую бібліятэку, якую абярэ большасць.

– Такія акалічнасці і падыходы будуць адыгрываць велізарную ролю ў фарміраванні нашай нацыі, якая, на мой погляд, яшчэ ў поўным аб’ёме не склалася, – адзначыў напрыканцы сустрэчы Пётр Краўчанка.

Сустрэчы з нагоды выхаду новай кнігі сабрала ў бібліятэцы больш за 100 чалавек, якія ахвотна набывалі кнігі і стаялі ў доўгай чарзе па аўтограф аўтараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)