Общество

Кацярына Батлейка

Арлоў: «Гісторыя зноў і зноў паўтараецца ў выглядзе трагедыі»

Літаратар і гісторык правёў сустрэчу ў Варшаве, прысвечаную 160-годдзю паўстання Каліноўскага. Некаторыя звесткі вельмi нагадваюць падзеі ў сучаснай Беларусі.

— Існуе безліч вызначэнняў, што такое гісторыя, — кажа Уладзімiр Арлоў. — Яшчэ ў антычным свеце было сказана, што яна настаўніца жыцця, хаця сама гісторыя вучыць, што яна нічому не вучыць і паўтараецца не ў выглядзе фарсу, як хацелася аднаму афарысту, а зноў і зноў у выглядзе трагедыі.

І мне ўяўляецца, што так адбываецца таму, што людзі, якія воляю лёсу прымаюць гістарычныя рашэнні, не валодаюць гістарычным мысленнем. І з усіх бясконцых вызначэнняў гісторыі, мне больш падабаецца вызначэнне Жуля Мішле, які сказаў, што гісторыя — гэта ўваскрашэнне.

Сапраўды, уваскрашаючы падзеі і герояў мінулага, мы — беларусы — уваскрасаем самі як еўрапейскі народ.

Нашы землі з часоў калыскі нашай дзяржаўнасці — Полацкага княства, з часоў ВКЛ, заўсёды знаходзіліся ў рэчышчы агульнай еўрапейскай цывілізацыі: нашы браты былі паводле Магдэбургскага права, нашы студэнты вучыліся ў заходніх еўрапейскіх універсітэтах, а потым і ў сваёй віленскай альма-матэр, нашы рамеснікі аб’ядноўваліся як рамеснікі ва ўсіх еўрапейскіх краінах у цэхі, у нас была эпоха Рэнесансу, эпоха Рэфармацыі, якія прадвызначалі рух еўрапейскай цывілізацыі.

Усяго гэтага не было на Усходзе ад ВКЛ, ад Беларусі. Там пачынаўся зусім іншы свет — свет азіяцкай сатрапіі, тыраніі.

Вызваленне ад Залатой Арды Маскоўскага княства было чыста знешнім, і цяпер дзейнічаюць у галовах крамлёўскіх уладароў ардынскія рэфлексы. У спадчыну ад Арды Масковія, потым Расія атрымала ідэю панавання над усім светам і пабудову ўсёй дзяржаўнай структуры. І гэтую сляпую падпарадкавасць нават самых знакамітых фамілій: баярскіх, дваранскіх, гасудару-імператару. І тактыку выпаленай зямлі на тых тэрыторыях, якія яны імкнуліся захапіць, нялюдскія расправы з насельніцтвам.

Гісторык адзначае ролю жанчын у паўстанні 1863-1864 года ў Беларусі. Яны былі сувязнымі, сёстрамі міласэрнасці, дастаўлялі прадукты, працавалі ў камітэтах салідарнасці:

— Вельмі шмат можна прывесці паралеляў, на жаль, з сучаснасцю.

Дакументы сведчаць, што яшчэ да паўстання былі створаныя тагачасныя вольныя хоры, якія спявалі патрыятычныя песні ў храмах па ўсёй Беларусі — ў Менскім Кафедральным касцёле, Навагрудку, Мазыры, Пінску, Рэчыцы, Полацку. Гэтыя хары былі вандроўныя, як і цяпер вандруе вольны беларускі хор.

Жанчын, якія кіравалі гэтымі харамі, спявалі — арыштоўвалі і каралі зняволеннем, высылалі.

Як і цяпер у Беларусі, тады каралі за адзенне непажаданых колераў, за фіранкі, за капялюшыкі. Каралі за тое, што дзяўчаты асаблівым чынам падстрыгалі сабе валасы.

Ёсць цытата з судовых спраў: «Шляхцянка Ванда ў Віцебскай губерні паклала ў труну мужу-паўстанцу сваё фота і была за гэта пакараная трохсот рублёвым штрафам». Столькі за год плацілі расійскаму турэмнаму наглядчыку, — адзначае Уладзімiр Арлоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(55)