Общество

Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» звярнуўся да беларускага народу

Аргкамітэт па правядзеньню акцыі “Чырнобыльскі шлях” зьвярнуўся да беларускага народу з нагоды 21-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Нагадаем, што заяўка на правядзеньне традыцыйнай акцыі “Чарнобыльскі шлях” была пададзеная ў Менскі гарадскі выканаўчы камітэт. Плануецца, што акцыя пачнецца 26 красавіка ў 18.00 на плошчы Якуба Коласа. Далей – шэсце па праспекце Незалежнасьці да Нацыянальнай бібліятэкі і мітынг.

«Прайшоў ужо 21 год пасьля трагічнай для Беларусі даты – 26 красавіка, -- адзначаецца ў звароце, надрукаваным на сайц «Хартыі». -- Найбуйнейшая ў гісторыі тэхнагенная катастрофа нанесла непапраўныя страты нашай краіне. Прыкладна 2/3 радыеактыўных выкідаў аселі на нашай зямлі, забрудзіўшы прыкладна пятую частку тэрыторыі з 20% насельніцтва. Амаль усю Беларусь накрыла першая хваля кароткажыцьцёвых радыенуклідаў, частку якіх асаджалі на нашай тэрыторыі прымусова, каб не пайшлі на Маскву. Усё рабілася пад прыкрыцьцём злачыннай сакрэтнасьці, і людзі не маглі абараніцца ад гэтага ўдару».

Аўтары сьведчаць, што праз намаганьні дэмакратычных сілаў з канца 80-х гг. пачалі рабіцца захады дзеля зьніжэньня рызыкі для людзей і стварэньня сыстэмы рэабілітацыі:

завоз прадуктаў з чыстых зонаў, грашовая кампэнсацыя для закупу прадуктаў, адсяленьне значнай часткі людзей i iнш. Аднак па меры зацісканьня дэмакратыі кіраўніцтва краіны памяняла стаўленьне да нацыянальнай бяды.

«Асноўны развал усіх сыстэмаў абароны і рэабілітацыі людзей адбыўся пры цяперашнім кіраўніцтве дзяржавы, якому чарнобыльская праблема перашкаджае імітаваць працьвітаньне краіны, -- адзначаецца щ звароце. -- Сваімі ўказамі А.Лукашэнка адмяніў вялікую частку артыкулаў закону, пазбавіўшы бязьвінна пацярпелых людзей усякай падтрымкі. Былі зьліквідаваныя спэцыялізаваныя мэдычныя ўстановы, уведзены дзяржаўна-бюракратычны, палітычна матываваны кантроль над гуманітарнай дапамогай, і яна спынілася. Спынілі дзейнасьць фондаў, што ажыцьцяўлялі аздараўленьне дзяцей за мяжой, каб дзеці не змаглі бачыць іншы ўзровень жыцьця і палітычны лад».

Паводле падпiсантаў, вынік такой палітыкі пагібельны для беларускага народу, якi ўжо ў 1993 годзе ўступіў у паласу дэмаграфічнай катастрофы і страціў каля 500 тыс. насельніцтва.

У сувязi з гэтым аўтары звароту патрабуюць:

1. Адмяніць усе ўказы, супярэчныя Закону "Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС", і аднавіць усе правы на ільготы.

2. Аднавіць грашовую кампэнсацыю ахвярам Чарнобылю ў даляравым эквіваленце да савецкага рубля 1990 г.

3. Аднавіць усё спэцыялізаваныя мэдычныя ўстановы, у т.л. Інстытут радыяцыйнай мэдыцыны і эндакрыналёгіі, стварыўшы яго філіі ва ўсіх абласьцях.

4. Правесьці дыспансэрызацыю ўсяго насельніцтва краіны. Аднавіць у поўным аб`ёме сыстэму радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчаваньня і навакольнага асяродзьдзя.

5. Правесьці атэстацыю незалежнымі экспэртнымі камісіямі ўсіх працаўнікоў сыстэмы Дзяржкамчарнобылю наконт прафэсіяналізму і добрасумленнасьці.

6. Зьвярнуцца ў адпаведныя органы ААН з просьбай разглядзець пытаньне правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з дзяржаўнай палітыкай фізычнага вынішчэньня ўласнага народу, якая тут праводзіцца.

7. Уключыць пытаньне пра чарнобыльскую кампэнсацыю для Беларусі ў парадак дня перамоваў з Расейскай Фэдэрацыяй як спадкаемцай СССР.

8. Адмяніць усе абмежаваньні на гуманітарную дзейнасьць грамадзкіх аб`яднаньняў і фондаў.

9. Спыніць крымінальны і адміністрацыйны перасьлед нязгодных з палітыкай уладаў, якая парушае канстытуцыйныя правы людзей. Адмяніць дазвольны прынцып рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў і аб`яднаньняў.

10. Неадкладна даць пазытыўны адказ на прапановы Эўрапейскага Зьвязу, зрабіць канкрэтныя крокі дзеля дэмакратызацыі, пачатку сыстэмнай супрацы з Аб’яднанай Эўропай у эканамічнай, энэргетычнай, чарнобыльскай ды іншых галінах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)