Арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроці наведаў Курапаты (фота)

Пасланьнік Ватыкану, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроці наведаў месца пахаваньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты.

Кляўдыё Гуджэроці быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусі ў 2011 годзе.

Да гэтага Гуджэроці быў Апостальскім нунцыем у Грузіі, Армэніі і Азэрбайджане.

Арцыбіскуп нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 году ў Вэроне, Італія. На сьвятара высьвячаны 29 траўня 1982 году.

Скончыў факультэт усходніх моваў і літаратуры пры Вэнэцыянскім дзяржаўным унівэрсытэце «Ca’ Foscari». Навуковую ступень магістра навукі Сьвятой літургіі атрымаў пры Папскім літургічным інстытуце Сьв.Анзэльма ў Рыме.

У 1985 г. паступіў на служэньне ў Ватыкан у Кангрэгацыю па справах усходніх Касьцёлаў.

Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку-траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзеныя парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах.

У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінулых.

Каб ушанаваць памяць ахвяраў, пастаўленыя крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)