Апублікаванае ліставаньне КДБ, Генпракуратуры і Дзяржкантролю ў справе Бяляцкага

На сайце праваабарончага цэнтру зьявілася стэнаграма выступу Алеся Бяляцкага на судовым паседжаньні 4 лістапада. Зьняволены віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека цытуе ліставаньне паміж сілавымі структурамі па ягонай справе.

Першы зачытаны дакумэнт — зварот Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ад 3.11.2010 на адрас намесьніка генпракурора старшага саветніка юстыцыі Андрэя Шведа.

"Паважаны Андрэй Іванавіч,

28.10.10 у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі паступіла ананімная заява № АБ (?) 1776 ад 28.10.10 пра тое, што прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі "Праваабарончы цэнтар "Вясна" (ПЦ "Вясна") з мэтай фінансаваньня радыкальнай апазыцыі выкарыстоўваюць грашовыя сродкі, якія паступаюць з-за мяжы.

Так, на імя кіраўніка ПЦ "Вясна" Бяляцкага Аляксандра Віктаравіча (...) зарэгістраваны рахунак (...) у банку AB DnB NORD Bankas (Вільнюс, Літва). На імя намесьніка кіраўніка ПЦ "Вясна" Стэфановіча Валянціна Канстанцінавіча (...) зарэгістраваны рахунак у банку AB SEB Bankas.

Заяўнікам прадстаўлены ксэракопіі дакумэнтаў пра зарэгістраваныя на імёны Бяляцкага і Стэфановіча рахункі ў названых банках, а таксама рух грашовых сродкаў (прыкладаюцца). Названыя грашовыя сродкі ўвозяцца наручным шляхам прадстаўнікамі ПЦ "Вясна" ў аб'ёмах, дапушчальных заканадаўствам, і выкарыстоўваюцца ў супрацьпраўных мэтах, а таксама для асабістых патрэбаў Бяляцкага і Стэфановіча.

Акрамя гэтага, заяўнікам прадстаўлены асобныя копіі расьпісак грамадзянаў Рэспублікі Беларусь пра прадстаўленьне Бяляцкім і Стэфановічам грашовых сродкаў прадстаўнікам ПЦ "Вясна" (прыкладаюцца). Разам з тым прыняць законнае абгрунтаванае рашэньне па матэрыялах не зьяўляецца магчымым праз адсутнасьць афіцыйных дадзеных пра факты рэгістрацыі Бяляцкім і Стэфановічам банкаўскіх рахункаў у Літве, а таксама руху грашовых сродкаў па ўказаных рахунках.

З улікам выкладзенага просім у максымальна сьціслыя тэрміны аформіць міжнароднае сьледчае даручэньне для яго накіраваньня ў кампэтэнтныя органы Літвы. Намі дасягнутая дамоўленасьць з кіраўніком НЦБ Інтэрполу МУС Рэспублікі Беларусь пра неадкладнае накіраваньне міжнароднага сьледчага даручэньня па каналах Інтэрполу ў Літву.

Для атрыманьня дадатковай інфармацыі просім зьвязацца па тэлефоне 2 199 551 (Дзьмітры Аляксандравіч) або 2 199 525 (Аляксандар Мікалаевіч).

З павагай,

Першы намесьнік старшыні, генэрал-маёр Вягера В.П.".

Далей Бяляцкі зачытаў даручэньне Шведа, накіраванае намесьніку старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь:

"Дырэктару Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Вяромка Г.І. накіроўваецца зварот Камітэту дзяржаўнай бясьпекі адносна кіраўнікоў ПЦ "Вясна" для арганізацыі праверкі і прыняцьця рашэньня ў парадку артыкула 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу сумесна з супрацоўнікамі КДБ. Пра прынятае рашэньне прашу паведаміць на наш адрас".

5 лістапада Бяляцкі ў судзе зачытаў яшчэ адзін дакумэнт — гэта зварот КДБ ад 21.12.10 да старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця:

"Паважаны Зянон Кузьміч,

20.12.10 СУ ПР ГУУС Менгарвыканкаму па факце масавых беспарадкаў узбуджана крымінальная справа № 10011110362 па частцы 1, 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

У рамках справы па месцы разьмяшчэньня офісу незарэгістраванай арганізацыі "Праваабарончы цэнтар "Вясна" (г. Менск, пр-т Незалежнасьці 78А-48) Першамайскім РУУС г. Менску праведзены ператрус, у выніку якога канфіскаваная аргтэхніка і дакумэнтацыя, якая мае дачыненьне да матэрыялаў праверкі ў дачыненьні да кіраўніка ПЦ "Вясна" (знаходзіцца ў 4-м аддзеле УДФР па Менскай вобласьці і г. Менску). Агляд канфіскаваных прадметаў і дакумэнтаў будзе зьяўляцца легалізацыяй доказнай базы ў дачыненьні да згаданых асобаў. Аргтэхніка знаходзіцца ў Першамайскім РУУС г. Менску.

Інфармуем для вырашэньня пытаньня пра ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні да функцыянэраў ПЦ "Вясна".

З павагай,

Старшыня камітэту В.Ю. Зайцаў".

Суд над Алесем Бяляцкім пачаўся 2 лістапада. Наступнае паседжаньне — 10-га.

Дзень першы

Дзень другі

Дзень трэці

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Яго ўтрымліваюць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)