Саша и Сирожа
Анастасiя ЗЕЛЯНКОВА, Ян КРУПНIК

Апошняя мера

Адной з форм пратэсту, да якіх прыбягаюць беларусы, з’яўляюцца галадоўкі. Найбольшы розгалас атрымалі акцыі, што адбыліся ў Ваўкавыску і Жодзіна.

Кіраўнік фірмы “Радыётаксі 22222” Мікалай Аўтуховіч цяпер галадае трэці раз. У пазамінулым годзе ён разам з 30 супрацоўнікамі пратэставаў супраць арышту падатковай інспекцыяй аўтамабіляў, якія належалі прадпрыемству. Тады таксоўцы дамагліся свайго: машыны ім вярнулі. Але падатковая ад сваіх прэтэнзій на 273 мільёна рублёў не адмовілася і нават значна павялічыла суму. Таму сёлета ў сакавіку Аўтуховіч ізноў абвесціў галадоўку, да якой далучыліся ўжо 40 чалавек. Улады чарговы раз мусілі саступіць прадпрымальніку, але не даравалі яму гэтага. У кастрычніку Аўтуховіча арыштавалі па абвіна-вачаннi ва ўхіленні ад сплаты падаткаў. За кратамі ён ізноў распачаў галадоўку, якая на момант падпісання гэтага нумару “Салідарнасці” у друк доўжылася 68 дзён. Аўтуховіч саслабеў да такой ступені, што не ў стане знаёміцца з матэрыяламі сваёй крымінальнай справы. Прадпрымальнік папрасіў, каб да яго на сустрэчу прыехаў святар з Брэста…

Вясною ў Жодзіне шэсць юнакоў галадалі ў знак пратэсту супраць выключэння моладзі па палітычных матывах з навучальных устаноў. Удзельнікі акцыі, сярод якіх былі і два непаўнагадовыя, патрабавалі спыніць уціск на навучэнцаў за іх палітычную дзейнасць і аднавіць на вучобе адлічанага з Жодзінскага палітэхнікума за ўдзел у «Чарнобыльскім шляху» Сяргея Мурашку і навучэнца Плешчаніцкага вучылішча алім-пійскага рэзерву Паўла Каранюхіна.

Галадоўка доўжылася адзінаццаць дзён і была перапыненая па прычыне істотнага пагаршэння стану зда-роўя яе ўдзельнікаў.

— Пэўных вынікаў мы ўсё ж дамагліся, — кажа кіраўнік акцыі пратэсту, лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Павел Красоўскі. — Пераслед дзвюх вучаніц Жодзінскай жаночай гімназіі — Наталлі Максімавай і Вольгі Галубец — быў спынены, і яны змаглі без перашкод працягнуць навучанне. Да таго ж за гэты год у Жодзіне не было адлічана ніводнага члена нашай арганізацыі, што сведчыць пра тое, што нас пачалі ўспрымаць усур’ёз.

Аднак далейшы лёс навучання Сяргея Мурашкі і Паўла Каранюхіна застаецца дагэтуль не вырашаным. Іх бацькі спрабуюць праз суд даказаць незаконнасць адлічэння.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)