Общество

Апошняе слова палітзняволенай шматдзетнай маці: «Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце»

Вользе Залатар, маці пяцёх дзяцей, пагражае 5 год зняволення ў калоніі. Жанчыну абвінавачваюць у стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання».

Апошняе слова Вольгі Залатар на судзе публікуюць праваабаронцы:

— Я тут, бо я неабыякавы чалавек. Я тут, бо жыву па божых запаветах. Я тут, бо я мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама, як каталічка, я стаю на варце чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні прадыктаваны любоўю да людзей і нянавісцю да хлусні і гвалту.

Мы ўсе дзеці божыя. Кожны з нас мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да ўладарства божага, дзе пануе любоў. Ва ўладарстве божым няма месца нянавісці, хлусні, зайздрасці, помсце і страху.

Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходна пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітічны крызіс у краіне.

У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе, і звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі, пачуцці крыміналізаваны.

У матэрыялах справы ёсць фота з плакатам, на якім напісана: «Мір, любоў, свабода». І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міра для сваёй роднай краіны. Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару.

Архіэпіскап Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, які ўзначальваў камісію ісціны і прымірэння, Дэзманд Туту, выказаўся так: «Пан бог стварыў нас і сказаў: «Ідзіце, дзеці мае». Зараз вы вольныя, І ён так паважае нашу свабоду, што гатовы дазволіць нам па ўласнай волі выправіцца ў пекла, чым пад прымусам зганяць нас у рай».

У другім пасланні святога Пятра так сказана: «Бог доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў. Але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння».

Я хачу закончыць словамі Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі бог жыве». Жыве бог. Жыве вечна.

Вольга Залатар з мужам і дзецьмі. Фота з сямейнага архіву

Паведамляецца, што пасля выступу Вольгі Залатар прысутныя ў судовай залі пачалі апладыраваць. Суддзя адрэагавала папярэджаннем, што «пры парушэнні парадку на судовым паседжанні вы можаце быць прыцягнутыя да адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасці».

Прысуд Вользе Залатар будзе агучаны ў пятніцу, 3 снежня.