Филин

Вікторыя Захарава

Апейкін: «Яма для беларускага спорту»

Беларусь і Расію могуць не дапусціць на Алімпійскія гульні-2024. Па меркаванні чальца Міжнароднага алімпійскага камітэту, экс-кіраўніка Сусветнага антыдопінгавага агенцтва Крэйга Рыдзі, агульны настрой МАК, верагодна, будзе такім, што атлеты з краін-суагрэсараў наогул не мусяць кваліфікавацца.

Филин пагаварыў з выканаўчым дырэктарам Фонду спартыўнай с*лідарнасці Аляксандрам Апейкіным, ці гэта ўжо канчатковае рашэнне, як перанясе такі ўдар беларускі спорт і што адкажуць улады, калі ў іх забяруць адну з улюбёных забаў.

— Я думаю, што забарона здарыцца ўжо амаль дакладна, але ўсё ж будуць віды спорту, дзе зборныя з Расіі і Беларусі могуць адабрацца на Алімпіяду, — мяркуе спартыўны менеджар. — Нават незалежна ад гэтых кваліфікацый, усё будзе залежаць ад рашэння МАК. Бо можа ўзнікнуць прэцэдэнт, калі міжнародныя атлеты з розных краін не захочуць выступаць разам б расейскімі і беларускімі атлетамі, будуць адмаўляцца ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Проста будзе байкот, і МАКу давядзецца адлучыць абедзве краіны ад Гульняў.

Разам з экспертам паспрабавалi прыкінуць: ці ёсць наогул у Беларусі медальныя шансы на летняй Алімпіядзе? Як лічыць Аляксандр Апейкін, сітуацыя мала адрозніваецца ад папярэдніх Гульняў у Токіа: 1-2 медалі ў барацьбе, 1-2 — у мастацкай гімнастыцы, магчыма, яшчэ ў веславанні.

— Калі б удзельнічаў у 2024 годзе Максім Недасекаў (бронзавы прызёр АГ-2020 па скачках у вышыню — Ф.), таксама мог бы быць медаль. Але я бачу, што адрозненне будзе ў горшы бок, і ў параўнанні з Токіа, дзе беларусы паставілі антырэкорд — 7 узнагарод, Парыж мог бы прынесці альбо столькі ж, альбо меней.

Натуральна, пра рэпутацыю Беларусі ў вялікім спорце гаворкі няма, але што будзе азначаць невыступ у Алімпіядзе для канкрэтных спартсменаў, ці многія з іх завершаць кар’еру, так і не спраўдзіўшы свае шматгадовыя высілкі і абміцыйныя надзеі? Эксперт адказвае на гэта пытанне станоўча, і дадае яшчэ некалькі рысак да негатыўнага прагнозу:

— Справа не толькі ў тых, хто завершыць кар’еру. Сітуацыя такая, што маладыя спартсмены прапускаюць алімпійскі цыкл і губляюць вельмі вялікі перыяд у падрыхтоўцы. Маладыя атлеты, якія маглі б атрымаць практыку ў кваліфікацыі, у выступу на Алімпійскіх Гульнях, нават калі не зоймуць там высокіх месцаў, цяпер гэты досвед не атрымаюць. І далей у кар’еры ім будзе ўжо вельмі складана выступаць паспяхова.

Калі Беларусь і Расію адлучаць ад хаця б аднаго алімпійскага цыклу, выпадае цэлае пакаленне. Атлеты, якім крыху за 30 гадоў, могуць ужо сканчаць кар’еру.

Атлеты, якім 25-27 — гэта ідэальны ўзрост — недазарабляюць, бо не выступаюць на міжнародных спаборніцтвах, не ўдзельнічаюць у камерцыйных стартах, не атрымоўваюць прызавыя, і губляюць стымул працаваць на такім узроўні, каб дасягаць нейкага выніку.

А тыя, каму 20-23 гады, губляюць вельмі важны этап у сваёй падрыхтоўцы і далей не змогуць выступаць на высокім узроўні.

Гэта нават не страта — гэта вельмі сур’ёзная яма для беларускага спорту. І расцягнецца яна на дзесяцігоддзі. Мяркую, усе адмыслоўцы, трэнеры гэта разумеюць, проста не агучваюць.

Афіцыйныя прадстаўнікі проста не хочуць палохаць атлетаў, але тыя і самі разумеюць сітуацыю — я мяркую па Фонду, у нас зараз ідзе вельмі шмат адваротнай сувязі знутры Беларусі.

Але ж пад забарону трапілі не толькі лаяльныя ўладам спартсмены ці тыя, хто ўпарта працягвае лічыць, што спорт па-за палітыкай, але і тыя атлеты, хто выступіў у 2020-м супраць гвалту, пацярпеў ад рэпрэсій, быў вымушаны з’ехаць з краіны.

І калі Крысціна Ціманоўская атрымала ліцэнзію на спаборніцтвы ў Польшчы, то многія іншыя дагэтуль у стане няпэўнасці. Ці магчыма, што яны выступяць на Алімпіядзе пад нейтральным сцягам, і як гэтаму спрыяе Фонд спартыўнай салідарнасці?

— У гэтым кірунку вядзецца даволі вялікая праца, і хутчэй за ўсё, пэўны вынік з допускам беларускіх спартсменаў мы атрымаем, — зазначае Аляксандр Апейкін. — Тая ж самая Антываенная дэкларацыя — магчыма, адзін з інструментаў, якія дазволяць спартоўцам, хто выступае супраць рэжыму і супраць вайны, браць удзел у міжнародных спаборніцтвах.

На жаль, гэта не такая хуткая справа, бо спачатку прымяняюцца агульныя санкцыі, а потым ужо распрацоўваюцца інструменты выключэння, і гэта патрабуе пэўнага часу. Але мы гэтым займаемся, вельмі дапамагаюць калегі з Польшчы, таксама будзем супрацоўнічаць па гэтым пытанні з калегамі з Украіны.

Але канчатковае рашэнне, зноў жа, за МАК. Яны валодаюць сітуацыяй і разумеюць, што ў Беларусі ёсць прарэжымныя атлеты, а ёсць тыя, хто выступае супраць рэжыму Лукашэнкі. Таму, мяркую, могуць зрабіць выключэнні і дапусціць выступіць пад нейтральным сцягам — але тых атлетаў, якія дакладна выказалі сваю антываенную і антыдыктатарскую пазіцыю.

То-бок, ніякага статусу «спорт па-за палітыкай» у сучасным свеце ўжо не будзе. Фарміруецца новы партрэт спартсмена, які ўлічвае ў тым ліку грамадскую і чалавечую пазіцыю.

Калі Беларусь не дапусцяць да ўдзелу ў Алімпіядзе, чым могуць адказаць улады, акрамя афіцыйных пафасных заяваў на ўсіх узроўнях, маўляў, гэта парушае правы спартсменаў? Магчыма, зладзяць альтэрнатыўныя спаборніцтвы ў межах СНД і паспрабуюць раздзьмуць з гэтага вялікую падзею. Але, падкрэслівае спартыўны эксперт, усё гэта будзе «штучным і самапальным».

— Супрацьпаставіць Алімпійскім гульням не атрымаецца ні-чо-га. Разумееце, яны проста блытаюць сітуацыю з той, што была ў Савецкім Саюзе. У СССР былі вялікія рэсурсы, была ідэалогія, якая дазваляла ствараць моцныя спартыўныя школы, і савецкія спартоўцы былі больш прафесійнымі, чым у іншых краінах свету, дзе прафесійным, сур’ёзным спорт стаў пасля 1980-х. І насамрэч тады ўнутраныя турніры СССР были па ўзроўні мацнейшымі, чым першынства Еўропы ці нават першынства свету.

Але зараз зусім іншая сітуацыя. Няма ні школ, ні трэнерскага складу, парушаны спартыўныя традыцыі пераемнасці пакаленняў. Спорт у асноўных накірунках, напрыклад, у гульнявых, значна саступае еўрапейскаму. Ёсць, канешне, асобныя віды, дзе расейскія і беларускія спартоўцы выступаюць на высокім узроўні, але ў масавых відах мы знаходзімся, паўтаруся, вельмі нізка.

Атрымліваецца, працягвае думку эксперт, што «вымыванне» перспектыўных спартсменаў з Беларусі працягнецца — і, магчыма, з восені нас чакае новая, вялікая хваля спартыўнай эміграцыі.

— Я даволі спакойна пра гэта кажу — як ёсць, бо шмат людзей выходзіць на сувязь і агучвае свае намеры. Які настрой у беларускіх спартоўцаў? Вельмі скептычны.

Разумееце, спартовец — гэта чалавек, які паклаў на свой занятак усё жыццё. І калі малады чалавек, які год 15 трэніруецца і выступае прафесійна, разумее, што ніякага развіцця кар’еры, ніякіх перспектыў у яго не будзе, альбо будзе вельмі вялікая паўза, — трэніравацца ўхаластую яму не мае сэнсу. Гэта вельмі цяжка псіхалагічна, трэніравацца без спаборніцтваў — а ніякіх гарантый, што там будзе праз год, два, пяць, наўпрост няма.

Спартыўныя санкцыі, хутчэй за ўсё, скончацца праз два гады пасля заканчэння вайны. Але калі скончыцца вайна? Па сённяшніх меркаваннях, гэта таксама, магчыма, не адзін год.

Таму шмат хто са спартсменаў, якія хочуць працягваць кар’еру, разумеюць: у Беларусі заставацца немагчыма, трэба з’язджаць на Захад. Пакуль не апусцілася «жалезная заслона» і не адбылося канчатковае вяртанне ў таталітарны СССР.