Политика
Мікола Чарняўскі, фота Юліі Аляксандравай

Апазіцыя: расклад сілаў перад бойкай

Аб тым, як у беларускай апазіцыі можа ўзнікнуць новы цэнтр, што адбываецца ўнутры БНФ і кім насамрэч з’яўляюцца маладыя апазіцыянеры «Салідарнасці» расказаў палітычны актывіст, які аддаў барацьбе за дэмакратычную Беларусь значную частку жыцця.

Апазіцыя

- Чаму я вырашыў расказаць тое, пра што вы зараз даведаецеся? Бо бачу, што нават палітычныя актывісты (асабліва з рэгіёнаў), не кажучы ўжо пра шараговых выбаршчыкаў, не ведаюць, якія працэсы зараз адбываюцца ўнутры апазіцыі, не разумеюць, у які бок вядуць іх лідэры.

Не лічу, што я самы разумны, проста аддаўшы шмат год працы ў апазіцыі, я добра арыентуюся ў яе падводных цячэннях. Імя сваё не называю, бо ў адваротным выпадку працаваць з людзьмі, якія ўваходзяць у ніжэйпералічаныя структуры, стане значна складаней.

Расклад сіл унутры апазіцыі

На дадзены момант раскладка сіл у апазіцыйным коле такая. Першую частку складаюць рух «За свабоду» і тыя, хто зараз па розных прычынах далучаюцца да Аляксандра Мілінкевіча – перш за ўсё, Беларуская хрысціянская дэмакратыя і ў нейкай ступені «Малады фронт». Другую частку прадстаўляюць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС), дзе найбольш важнымі гульцамі з’яўляюцца Партыя БНФ, АГП і ПКБ. Трэцяя частка – гэта менш вядомая «Еўрапейская Беларусь», што ўключае ў сябе «Хартыю'97» і некалькі моладзевых груп, кіраўнікі якіх складалі ў свой час аснову «Зубра».

Да чацвёртага буйнога суб’екта апазіцыі можна было б аднесці «Еўрапейскую кааліцыю», якую прадстаўляюць палітыкі Мікола Статкевіч, Сяргей Скрабец і Вячаслаў Сіўчык са сваім рухам «Разам». Але, на маю думку, калі ў іх і ёсць нейкія сілы, то яны не могуць параўнацца з сіламі АДС, руху «За свабоду» і «Еўрапейскай Беларусі». Таму спынюся менавіта на першых трох суб’ектах апазіцыйнага палітычнага поля.

Што адбываецца з БНФ

Калі коратка, то усе буйныя суб’екты апазіцыі зараз заклапочаны альбо высвятленнем адносінаў паміж сабою і пошукам сродкаў на існаванне. Найбольш актыўным гульцом у апошні час выступае Аляксандр Мілінкевіч, які спрабуе стварыць новы цэнтр апазіцыі замест АДС.

Мілінкевіч прадстаўляе тыя сілы, якія можна назваць «канструктыўнай апазіцыяй», ён заняў сваю нішу памяркоўнага дэмакрата і трымаецца за яе. Напэўна, лідэр Руху “За свабоду” разумее, што прэзідэнтам яму ўжо не стаць, але нейкага выніку можна дасягнуць. Напрыклад, патрапіць у парламент.

Відавочна, што сёння Мілінкевіч і рух «За свабоду» маюць за сабой нейкі рэсурс. Таксама відавочна, што АДС у адрозненне ад іх яго не мае. Адсюль спрыяльныя ўмовы для магчымага перацягвання Партыі БНФ на свой і бок і, як вынік, аўтаматычнага развала АДС і стварэння новага цэнтра апазіцыі.

Мілінкевіч спрабуе паставіць лаяльных да яго людзей на чале БНФ шляхам розных сродкаў, у тым ліку і праз разнастайную дапамогу ім. Да таго ж трэба помніць праблемы БНФ з аплатай за арэнду сваёй сядзібы – фактычна адзінай вялікай легальнай пляцоўцы апазіцыі ў Мінску. Наколькі я чуў, пры змене ўлады ў БНФ на лаяльных яму людей, Мілінкевіч абяцаў дапамагаць партыі з аплатай.

Але пакуль у БНФ супраць Мілінкевіча негатыўна настроена старая гвардыя на чале з старшынёй Баршчэўскім. Лявон Баршчэўскі, які папярэдне быў вылучаны сходам актыву партыі БНФ на прэзідэнцкае крэсла, пайшоў на гэты крок, каб не дапусціць вылучэння лаяльнага Мілінкевічу чалавека і самаму мець пасля магчымасці зняць сваю кандыдатуру на карысць таго, чыя перадвыбарчая пазіцыя будзе найбольш блізкай для партыі.

Калі супрацьстаянне паміж рухам «За свабоду» і АДС яшчэ саспявае, то ў лідэраў «Еўрапейскай Беларусі» стасункі з усёй апазіцыяй дастаткова даўно не самыя лепшыя. Памкнення да супрацоўніцтва даўно ўжо няма ні з аднаго, ні з другога боку, што, канешне, кепска. Свае старыя забабоны можна было б ужо пераадолець.

На дадзены момант «Еўрапейская Беларусь» не ўяўляе з сябе тую сілу, якая магла б цалкам самастойна правесці паспяховую кампанію, да прыкладу, прэзідэнцкую. Таму рана ці позна яна вымушана будзе шукаць саюзнікаў. Найбольш верагодна, у выглядзе Казуліна і партыі БНФ, пры ўмовах перамогі там «старой гвардыі».

Чаму апазіцыя слабая

Калі выкінуць за дужкі нястачу рэсурсаў, то агульнай праблемай для ўсёй апазіцыі з’яўляецца недахоп людзей. І гэтаму ёсць канкрэтная, незалежная ад яе прычына – людзі баяцца. Дыктатура паступова пранікае ў свядомасць людзей. Яны бачаць рэпрэсіўную машыну: звальненне палітычных актывістаў з працы , выключэнне з навучальнай установы, ціск на сваякоў.

А ў апазіцыі тым часам вельмі мала магчымасцяў для абароны сваіх людзей. Калі з выплатай штрафаў яшчэ могуць дапамагчы праваабарончыя арганізацыі, то калі чалавек застаецца без працы, то яму наўрад ці хто-небудзь нешта прапануе. Асабліва праблема звальнення па палітычных матывах востра стаіць у рэгіёнах: там са сваім «дасье» уладкавацца хоць куды-небудзь практычна немагчыма.

Стан апазіцыі ўскладняецца сёння яшчэ і тым, што Лукашэнка скраў у яе ідэю збліжэння з Еўропай. І для апазіцыі паўстае пытанне – што прапанаваць людзям?

Калі б у нас былі сумленныя выбары ўсё, канешне, было б па-іншаму. Упэўнены, што нават пры сённяшніх сваіх праблемах апазіцыя змагла б заняць у парламенце мінімум трэцюю частку крэслаў. А так мы маем апазіцыйныя партыі, якія выключаны з нармальнага палітычнага працэсу, і маладых людзей на вулічных акцыях.

Моладзевы супраціў за апошнія гады фактычна ператварыўся ў дысідэнцтва. І кошт удзелу ў ім з кожным годам падвышаецца. На Дзень салідарнасці некалькі дзесяткаў чалавек выходзяць з партрэтамі зніклых і палітзняволеных, іх арыштоўваюць, а пасля караюць штрафамі – чыстае дысідэнцтва! Толькі што ў Савецкім Саюзе іх адправілі б у псіхушку, а зараз адпраўляюць у войска. Часам складаецца ўражанне, што калі б не моладзь, пра супраціў у Беларусі маглі б ужо забыцца.

Падставы для аптымізму

На што сёння можа ўплываць апазіцыя? На колькасць і інтэнсіўнасць рэпрэсіяў у адносінах да сябе, на тое, ці ёсць палітвязні. Сёння яна не здольная сама стварыць момант, калі ўзнікне магчымасць змены сітуацыі, змены ўлады. Спадзеваў на крызіс таксама няма – рабочыя не выйшлі на вуліцы і наўрад ці ўжо выйдуць.

Але моманты для магчымых пераменаў прызначае сама ўлада – перш за ўсё я маю на ўвазе прэзідэнцкія выбары. Для гэтага патрэбна сур’ёзная палітычная кампанія, у якую будзе ўключана шмат людзей. Калі людзям з тэлевізара кажуць «выбары!», яны адразу расплюшчваюць вочы, пачынаюць звяртаць увагу на вуліцы на палітычныя налепкі і бачаць «о, там нейкую газету раздаюць, напэўна апазіцыйную, пайду вазьму».

Калі агулам казаць пра апазіцыю, дык па-мойму праблема не ў ёй, а ў грамадстве. У іншых краінах прынята лаяць уладу і далучацца да апазіцыі, а ў нас чамусьці лаюць апанентаў рэжыма. Гэта пры тым, што большасць беларусаў уладу ненавідзіць. Апазіцыя мусіць вырашыць гэтую праблему, і лепшы момант для гэтага – прэзідэнцкая кампанія.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)