Комментарии
Адам Глобус, facebook.com/adam.hlobus

Антысавецкі беларус

Вакол яго поўна саўкоў. Ты можа іх і не заўважыш, а ён іх бачыць паўсюль. Яны для яго ворагі, з якімі трэба змагацца, біцца да смерці, ваяваць да поўнай і канчатковай перамогі. Антысавецкі беларус агрэсіўны. Ён – баец.

Сучасная Беларусь для яго саўковая, савецкая і мярзотная.

Свае заробкі антысавецкі беларус лічыць у далярах і еўра, а не ў беларускіх рублях. Гэты рублі для яго “зайцы”, “ваверкі”, “тысячы”.

Беларускі пашпарт ён не любіць, бо на ім малавыразны герб падобны, як ён кажа – да каравяка, што пакідае на вясковай дарозе карова.

Дзяржаўны сцяг ён успрымае як краявід з пажарам на балоце.

“Балота” ягонае ўлюбёнае слоўца, якое часцяком ужываецца да ўсяго сучасна беларускага. Універсітэт – балота. Акадэмія – балота. Урад – балота, як і парламент, як і ўсе рухі ды партыі.

Антысавецкі беларус – адзінец.

Ён, зазвычай, паходзіць з камуністычных і камсамольскіх асяродкаў. Сваіх былых таварышаў і сябрукоў ён называе “камунякамі”, “камуніздамі”, “камунабальшавікамі”. “Камуняка толькі і глядзіць, каб што скамуніздзіць (чытай – скрасці)!” – як мантру паўтарае і паўтарае антысавецкі беларус.

Ён любіць дэманстраваць сваю веру ў Бога. Большасць антысавецкіх беларусаў каталікі і грэкакаталікі. Праваслаўных сярод іх мала, бо антырускасць ў антысавецкім берарусе займае важкую і вызначальную частку.

Так, як і ў Бога, антысавецкі беларус верыць ва ўсемагутнасць КГБ. Ён верыць, што “гэбісты” ўсё пра ўсё ведаюць. Ён верыць, што яны і падобныя да іх, вінаватыя ва ўсіх злыбедах і гаротах беларусаў. Каб не “гэб’ё” дык наша старонка заквітнела б усімі краскамі, што ёсць на белым свеце.

Падтрымкі антысавецкі беларус шукае ў ЗША, Чэхіі, Швецыі. Ён думае, што возьме ў якой Германіі грошы, створыць баявыя атрады і здзейсніць рэваюцыю, як некалі здзейсніў Ленін. Антысавецкага беларуска не бянтэжыць той факт, што Ленін, як Колас з Купалам, быў савецкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)