Общество

Анкалягічны дыспансэр перапрафілююць «пад каранавірус»?

Пацыенты Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэра і іхныя сваякі 29 красавіка зьвярнуліся на Радыё Свабода і паведамілі, што іх тэрмінова выпісваюць. Нават тых, каму на сёньня былі прызначаныя апэрацыі.

— Мы на шпіталізацыі ў анкалёгіі ў 1-й лякарні. Тут паступіла распараджэньне зь Міністэрства аховы здароўя, каб нас усіх выпісалі. Мне няма калі чакаць, апэрацыя трэба тэрмінова, рак жа, а нас выпісваюць, бо аддаюць корпус пад каранавірус (Свабода раней пісала пра тое, што ў дыспансэры лякуюць пацыентаў з COVID-19. — РС), — са сьлязьмі расказвае адна з пацыентак.

Жанчына зусім нядаўна даведалася пра свой анкалягічны дыягназ. Гэтая апэрацыя мусіць выратаваць яе жыцьцё.

— Я маладая, апэрацыя ў мяне складаная, усё хутка распаўсюджваецца, я нічога ня ведала пра гэта, а цяпер такая няпэўнасьць, — плача жанчына.

Паводле пацыентаў, ім дадуць накіраваньне ў Бараўлянскі РНПЦ анкалёгіі.

— Але ж вы разумееце, якія там чэргі, а пры анкалёгіі час мае такое значэньне, — тлумачыць жанчына. — Дактары тут вельмі добрыя, вельмі клапоцяцца пра нас, але яны ж паднявольныя людзі.

Галоўны доктар Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэра Віктар Кандратовіч адмовіўся даць камэнтар Свабодзе аб гэтай сытуацыі.

Прадстаўніца прэс-службы Міністэрства аховы здароўя абяцала адказаць на афіцыйны запыт.

Радыё Свабода накіравала ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя афіцыйны запыт з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю і адказаць на наступныя пытаньні:

У сувязі з чым і як надоўга перапрафілюецца Менскі гарадзкі клінічны анкалягічны дыспансэр?

Чаму гэта адбываецца настолькі тэрмінова?

Як будзе арганізаваная мэдычная дапамога анкалягічным хворым у Менску?

Колькі пацыентаў і ў якім рэжыме можа абслугоўваць у такіх умовах Бараўлянскі РНПЦ анкалёгіі?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(18)