Общество
Вадзім Ліўнеў

Анекдот ад Чаргінца

Саюз пісьменнікаў Беларусі выступае з прапановай больш актыўнага перакладу твораў венесуэльскіх літаратараў на рускую (!!! – «Салідарнасць») мову.

Пра гэта паведаміла «Звязда». Ідэю пачалі прасоўваць падчас ХІХ Міжнароднай кніжнай выставы, што адбылася на мінулым тыдні.

Самае смешнае і адначасова сумнае, што венесуэльскія літаратары падышлі да гэтай ініцыятывы з іншага боку. У размове са “Звяздой” пісьменнік Раберта Эрнандэс Мантоя казаў:

— Нам варта было б прысвяціць сябе абмену. У першую чаргу — літаратурнымі творамі, каб венесуэльскія творы перакладаліся на вашу мову, а беларускія пісьменнікі друкаваліся ў Венесуэле.

Можна паспрачацца наконт таго, наколькі вершы і проза з далёкай лацінаамерыканскай краіны будуць запатрабаваныя нашым чытачом. Але Мантоя, прынамсі, гаворыць пра пераклады на беларускую мову. А вось Саюз пісьменнікаў Беларусі трансфармаваў гэтую ідэю, прапанаваўшы адмовіцца ад роднага слова на карысць “великого русского языка”. Вось такі невясёлы анекдот ад Чаргінца і Co.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)