Общество

Андрэй Клімаў, які 10 гадоў таму сышоў з палітыкі, даў дэпрэсіўнае інтэрв’ю

Бізнэсовец і палітык Андрэй Клімаў распавёў Радыё Свабода пра сваё жыццё.

У 90-х пасьпяховы бізнэсовец пайшоў у палітыку і стаў апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі. «Турэмныя ўнівэрсытэты» Андрэя Клімава склалі чатыры крымінальныя справы: яго судзілі за нібыта эканамічныя злачынствы, акцыі пратэсту і арктыкулы. Больш за дзесяць гадоў Андрэй Клімаў не займаецца актыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю.

– У зьвязку зь непрыстойнасьцю некаторых асоб, якія арганізоўвалі выбары ад апазыцыі, я больш ня маю зь імі ніякіх агульных спраў, – сказаў былы палітык.

– Дзеці мае вырасьлі — іх трое. Напачатку яны зьяжджалі вучыцца ў Эўразьвяз, а пазьней там і засталіся, бо гэта рай для моладзі.

Тут мы з жонкай Тацянай — яна працуе, і я спрабаваў уладкавацца адвакатам. Але прыходжу ў адну «кантору», у другую, у трэцюю, а мне кажуць: вы ж зразумейце нас правільна — у нас ёсьць свае дзеці... Вось і ўсё. А я маю вялікі досьвед эканамічны і юрыдычны, таму абсалютна бясплатна дапамагаю людзям, калі зьвяртаюцца.

…Што тычыцца бізнэсу, то бізнэс-імпэрыю будаваць не зьбіраюся, але ў мяне вельмі шмат сяброў ва ўсім сьвеце, і я даю ім кансультацыі па інвэстыцыях: кітайцам — у Расею і Эўропу, эўрапейцам — у Расею, расейцам — у Эўропу, амэрыканцам — у Расею і Эўропу. Таму ў гэтай сувязі шмат вывучаю мовы.

— У вас ёсьць досьвед эканамічны, юрыдычны, палітычны і шматмоўнасьць. Ці не было спакусы эміграваць зь Беларусі?

— Была, спрабаваў зьяжджаць і нават жыў некалькі месяцаў у той жа Літве і Польшчы. Але я не Пазьняк і ня Саньнікаў, таму гэткі расклад не для мяне. Я выпеставаў, паліў крывёю гэтую краіну — яна стваралася і маімі рукамі ў тым ліку. Я выхоўваў тут дзяцей, выхоўваў грамадзтва і хацеў бы дажыць і памерці тут.

— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?

— Як выявілася, Гандзі меў рацыю: толькі застаўшыся бяз грошай, пачынаеш разумець, што такое сапраўднае шчасьце і галоўныя жыцьцёвыя каштоўнасьці. Вось у гэты момант я пачуваюся шчасьлівым, бо ў мяне хапае грошай на тэлефоне, каб весьці з вамі гаворку — я ня ведаю, колькі іх там — магчыма 5, магчыма, 10 рублёў. І таксама я шчасьлівы ад той колькасьці грошай, якія патраціў на сьняданак, каб мець сілы весьці гэтую гаворку. Шчасьце для мяне ня грошы, а праход праз багну: іду па купінах, мой шлях дрыготкі, і калі я правільна ступіў — я шчасьлівы.

Андрэй Клімаў зрабіў несуцяшальны прагноз:

– Пасьля ягонай (Лукашэнкі) сьмерці ўвядуць войскі, і тут будзе крымскі сцэнар на сто адсоткаў — я ў гэтым не сумняюся ні хвіліны. У нашай краіны будучыні няма. І самае страшнае, што гэта віна не Лукашэнкі, а нашая: мы самыя — нікчэмнасьць! Мы нават ня маем сумленьня ўзяць на сябе за гэта адказнасьць, а звальваем яе на кагосьці…

Адзінае, пра што я мару — памерці раней, чым перастане існаваць нашая краіна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)