Политика

Андрэй Дзмітрыеў: «Мая будучая жонка была арыштавана КДБ»

Адзін з лідараў кампаніі «Гавары праўду» распавёў, што яго прымусіла пасля Плошчы агучыць па тэлебачанні падрыхтаваны беларускімі спецслужбамі тэкст.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і журналіст Аляксандр Тамковіч запрашаюць на прэзентацыю кнігі «Жыццё пасля кратаў», якая пройдзе на офісе партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3-39) 26 лютага ў 18.00.

Тым часам на Zapraudu.info быў надрукаваны адзін з артыкулаў кнігі, прысвечаны Андрэю Дзмітрыеву. Прыводзім урывак з яго.

***

«Андрэй Дзмітрыеў нарадзіўся 12-га траўня 1981-га года ў Мінску. Вучыўся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на факультэце філасофіі. У 2000-2001-ым гг. служыў у войску. З 2001-га года да 2011-га года – сябра АГП.

У 2005-2009-ым гг. меў свой бізнес, з’яўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі. З 2010-га года – намеснік кіраўніка грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”. Падчас выбараў-2010 кіраваў штабам кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20-е снежня пасля акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска, змешчаны ў СІЗА КДБ.

Абвінавачваннне прад’яўлена па чч. 1 і 2 арт. 293 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). 3-га студзеня 2011-га года адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. 30-га сакавіка абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт.342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 20-га траўня 2011-га года асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам на 2 гады.

Шчыра кажучы, пасля таго як Андрэй Дзмітрыеў агучыў па тэлебачанні падрыхтаваны беларускімі спецслужбамі тэкст, я думаў, што на яго палітычнай кар’еры можна ставіць «крыж». Памыліўся. Андрэй знайшоў у сябе мужнасць не толькі на судзе папрасіць прабачэнне ў паплечнікаў, але і працягнуць даволі актыўную палітычную дзейнасць.

Такое сустракаецца вельмі рэдка.

Адразу прашу не шукаць у гэтых словах нешта парадаксальнае, бо па сутнасці з парадоксаў і складаецца нашае жыццё. А «пачаць з канца» вырашыў не толькі для парушэння нейкіх канонаў. Проста я ўпэўнены, што ў некаторых выпадках клічнікі трэба ставіць не толькі ў канцы сказа, але і ў яго пачатку…

- Канешне, калі прымаў рашэнне выступіць перад тэлекамерамі, цалкам разумеў, якімі будуць наступствы…

- Мабыць, гэта стала вынікам моцнага ціску?

- Безумоўна. У тым ліку і фізічнага, але справа тут не толькі ва мне асабіста. Пад пагрозай знаходзілася мая сям’я.

Мала, хто ведае, што мая будучая жонка таксама была арыштавана КДБ і правяла там цэлы дзень. Але гэта толькі «штрых». Сёння я хачу распавесці, чаму раней публічна не выступаў з тлумачэннямі таго, што адбылося.

Якімі б ні былі прычыны майго ўчынку, гэта МОЙ учынак. І я буду несці за яго адказнасць. У тых абставінах я палічыў яго правільным. Няправільным з пункту гледжання ўсяго жыцця, але тады іншага выйсця не бачыў. Я добра разумеў, што мне за яго прыйдзецца адказваць, расплочвацца.

Лічу слабымі тых людзей, якія спрабуюць знайсці для сабе нейкае апраўданне. Маўляў, гэта адбылося па адной прычыне, а тое — па іншай. Я прыняў СВАЁ рашэнне. Я не стаў ад гэтага горшым чалавекам. Як мне тады здавалася, тое, што тады зрабіў, я ПАВІНЕНбыў зрабіць.

Добра разумеў, што, калі «выйду», што называецца, «адграбу» за гэта па поўнай. Аднак, калі адрынуць усе эмоцыі, бачна, што я нічога такога там не сказаў. Больш за тое, калі ішла падрыхтоўка да суда, я асабіста займаўся падборам сведак з боку абароны, каб кожнае маё слова, сказанае на камеру, кожны эпізод былі абвергнутыя сведкамі, якія выступалі з нашага боку.

Лічу гэта вялікім поспехам, бо зразумела, што рана ці позна гэтыя справы будуць пераглядацца ўжо нармальным судом. Сыходзячы з матэрыялаў, якія мы змаглі сабраць, і з паказанняў тых сведак, якіх я асабіста ўгаварыў выступіць (многія баяліся прыйсці на суд), абвергнута ўсё, што было сказана пад прымусам. Тое, што тады прагучала, нікому не пашкодзіла і не было накіравана ні на каго асабіста. Па сутнасці, гэта быў паклёп на сябе самога.

Наконт прабачэнняў у судзе.

Лічу, што проста ПАВІНЕН быў так зрабіць. Гэта абавязак перад камандай, перад людзьмі, якія нас падтрымлівалі. Разумеў і разумею іх эмацыйны стан.

Іншая справа, што сёння той выступ для многіх не больш, чым нагода яшчэ раз штурхнуць і асабіста мяне, і арганізацыю, у якой працую. І ўжо няважна, што і ў якіх абставінах тады прагучала.

Надзвычай спакойна да гэтага стаўлюся. Калі на мяне намаўляюць, значыць, іду правільным шляхам і раблю тое, што трэба.

Адносна таго, чаму не сышоў з палітыкі. Адказ просты: я веру ў тое, што раблю. Канешне, часам слухаць папрокі ў свой бок даволі балюча. Асабліва, калі ведаеш некаторыя рэчы… Але, калі ты не ўмееш «трымаць» такі «ўдар», то відавочна займаешся нечым не тым… Палітыку быць нелюбімым наканавана лёсам. Мы бачым, што адбываецца з палітыкамі, якія гэтага не хочуць зразумець і чапляюцца нават за ілюзію народнай любові.

Нармальны дэмакратычны палітык добра разумее, што ніколі не будзе любімым усёй нацыяй. Заўсёды будуць тыя, хто лічыць, што «ён усё сапсаваў». Галоўнае, каб твае выбаршчыкі бачылі паляпшэнне свайго жыцця. Усё астатняе, як кажуць, «мы перажывем…»

Для мяне галоўнае, што вельмі моцна падтрымала сям’я, што я ніколі не чуў ніводнага папроку ад людзей, якіх паважаю. Канешне, думкі былі розныя, што і як рабіць надалей, і ідэя проста сысці таксама прыходзіла ў галаву. Але Уладзімір Някляеў і каманда проста сказалі: “Нават і не думай, трэба працягваць працаваць дзеля нашай мэты, ісці далей”.

Даволі часта чую, што ён (Някляеў) вельмі добры, а я вельмі кепскі. Дрэнны «падзел», бо трэба разумець, што, калі б не падтрымка Някляева і ўсёй каманды, Дзмітрыева ў «Гавары праўду» ужо не было б.

У мяне сяброўскія адносіны са многім былымі палітвязнямі, напрыклад, з Ірай Халіп. Для чалавека разумнага, чалавека, які думае, гэта гаворыць шмат аб чым…

- Атрымліваецца, што гаварыць пра тое, што Вас «зламалі», не выпадае?

- Ні ў якім разе.

Калі чалавек гаворыць на камеру: «Мяне білі, прэсавалі, і таму я так зрабіў», значыць, яго «зламалі», таму што ён не можа несці адказнасць за тое, што зрабіў. А калі ты разумееш, якія будуць наступствы ад зробленага, усё перажыў і можаш ісці далей, бо ведаеш пра сваю невінаватасць, — цябе не зламалі.

Я сёння захапляюся Зміцерам Дашкевічам, Міколам Статкевічам, Алесем Бяляцкім, якія знаходзяцца за кратамі і не ідуць ні на якія кампрамісы. Гэтыя людзі могуць прыняць ТАКОЕ рашэнне.

Я абараніў блізкіх, і гэта не зламала мяне, а зрабіла больш моцным, і мне не трэба ні перад кім апраўдвацца.»

Таксама на гэтую тэму:

Андрей Дмитриев: «В Беларуси качественная президентская кампания должна стоить не менее 10 миллионов»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)