Андрэй Бандарэнка атрымае 100 млн за незаконнае зьняволеньне

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» атрымае кампэнсацыю за амаль двухгадовае незаконнае зьняволеньне ў калёніі.

Бандарэнка ацэньваў памер маральнай шкоды ў 400 мільёнаў рублёў. У судовай скарзе ён абгрунтаваў сваё патрабаваньне тым, што яго двойчы асудзілі, што ў зьняволеньні ён правёў 1 год і 10 месяцаў і пры гэтым ня меў магчымасьці кантактаваць з роднымі.

Андрэй Бандарэнка нарадзіўся ў 1973 годзе ў Ваўкавыску Гарадзенскай вобласьці. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. Працаваў перакладчыкам у Міністэрстве спорту і турызму. Пасьля заснаваў уласнае прадпрыемства, якое займалася будаўніцтвам і пастаўкай будаўнічага абсталяваньня. У 2006 годзе ўступіў у АГП.

У 2008-м удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў. Не пагадзіўся з афіцыйным вынікам выбараў, згодна зь якім прайграў. Пратэсты скончыліся тым, што супраць Бандарэнкі завялі крымінальную справу — нібыта ён абакраў былую ўласную фірму. На час зьехаў зь Беларусі. Вярнуўшыся, быў арыштаваны 22 траўня 2009 году. Абвінавачаны ў крадзяжы ў буйных памерах, злоўжываньні службовым становішчам і махлярстве.

9 кастрычніка 2009 году судзьдзя Першамайскага суду Менску Леанід Ярмоленкаў прызнаў Бандарэнку вінаватым у тым, што ён нібыта абакраў сваю фірму праз службовыя злоўжываньні, і асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня. Бандарэнка адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі № 2 узмоцненага рэжыму.

22 сакавіка 2011 году быў апраўданы Менскім гарадзкім судом.

Жанаты, мае дачку.

Сябра Нацыянальнага камітэту АГП.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)