Общество
Зміцер Лукашук, «Еўрарадыё»

Амерыканскі дыпламат прачытаў па-беларуску «Зорку Венеру»

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч распавёў, чаму пачаў вывучаць беларускую мову і навошта беларусам ведаць біяграфію Франкліна.

Стэнд «Кніг, якія зрабілі Амерыку» ў межах Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша прадстаўляў асабіста кіраўнік амерыканскай дыпламатычнай місіі Ітан Голдрыч. Паводле яго слоў, змешчаныя на стэндзе 88 кніг адмыслова для прадстаўлення беларусам сабралі куратары і спецыялісты бібліятэкі Кангрэса ЗША. Творы розныя: ад «Хаціны дзядзькі Тома» да дзіцячай кніжкі аб’ёмам усяго 220 словаў.

Ітан Голдрыч запрасіў да ўдзелу ў конкурсе «Кніга, якая вызначыла маё жыццё», які ладзіць амбасада. Што тычыцца сваіх любімых кніг, то Ітан Голдрыдж назваў «Вялікага Гэтсбі» Скота Фіцжэральда, «Аднесеныя ветрам» і «Ноч, якую трэба памятаць», прысвечаную катастрофе «Тытаніка».

На заканчэнне прэзентацыі стэнда спадар Голдрыч пагаджаецца адказаць на пытанні карэспандэнта «Еўрарадыё».

«Еўрарадыё»: Ці хапае ў вас зараз часу на мастацкую літаратуру? Можа нават паспелі пазнаёміцца з беларускімі аўтарамі?

Ітан Голдрыч: Я заўсёды імкнуся да таго, каб у мяне быў вольны час на тое, каб пачытаць. На жаль, пакуль у мяне не было часу, каб прачытаць раман альбо вялікае апавяданне беларускага аўтара, але я чытаў вершы. І адзін з гэтых вершаў — «Зорка Венера» Багдановіча.

«Еўрарадыё»: Вы чыталі верш у арыгінале ці ў перакладзе?

Ітан Голдрыч: У арыгінале, але з вялікай дапамогай маёй настаўніцы па беларускай мове.

«Еўрарадыё»: Вы вывучаеце беларускую мову?!

Ітан Голдрыч: Пакуль што гэта толькі вельмі простыя фразы. Апроч таго, зусім нядаўна я скончыў чытаць “Майстра і Маргарыту” Булгакава, але ў перакладзе на англійскую мову. І зараз я чытаю кнігу на англійскай мове амерыканскага аўтара. Гэта кніга па гісторыі, можна сказаць, па гісторыі XX стагоддзя, але гэта мастацкі твор пад назвай “Зіма свету”.

«Еўрарадыё»: Што вас падштурхнула да вывучэння беларускай мовы?

Ітан Голдрыч: У нас была сустрэча з беларускімі выкладчыкамі англійскай мовы і яны спыталі ў мяне, што я магу сказаць па-беларуску. Мяне вельмі не ўсцешыла тое, што я мог сказаць усяго адну ці дзве фразы. І з таго часу я папрасіў сваю настаўніцу, каб яна дапамагала мне практыкавацца больш. І магчыма, пры наступнай сустрэчы я здолею з вамі размаўляць па-беларуску. Але, на жаль, не гэтым разам!

«Еўрарадыё»: Ці плануеце вы працягваць даўнюю традыцыю і праводзіць на тэрыторыі амбасады музычны фестываль “Амбасовішча”?

Ітан Голдрыч: Так, мы плануем працягваць гэтую традыцыю і ўлетку зладзіць чарговае “Амбасовішча”.

«Еўрарадыё»: Што з амерыканскай літаратуры вы параіце прачытаць беларусам?

Ітан Голдрыч: Беларусь — маладая краіна, перад вамі стаіць шмат пытанняў, на якія трэба шукаць і знаходзіць адказы. І таму, магчыма, беларусам ёсць сэнс чытаць кнігі пра станаўленне нашай нацыі. Адной з такіх прац маглі б стаць “Федэралісцкія паперы” — кніга, якая распавядае пра тое, што прывяло да стварэння Канстытуцыі Злучаных Штатаў. А таксама — біяграфія аднаго з бацькоў-заснавальнікаў Бенджаміна Франкліна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)