Скандалы

«Амапаўцы ў масках моцна білі». Магілёўскія цыганы пра допыты пасьля забойства міліцыянта

У Магілёве выйшлі на свабоду затрыманыя ўвечары 16 траўня прадстаўнікі цыганскай меншасьці, паведамляе Радыё Свабода.

Па словах вызваленых, ім інкрымінавана дробнае хуліганства, але нагодаю для зьняволеньня стала расьсьледаваньне справы аб выкраданьні і забойстве супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгенія Патаповіча. Кожны затрыманы быў дапытаны ў гэтай справе.

Сваіх мужчын жанчыны сустракалі са сьлязамі

Дакладная колькасьць цыганоў, якія трое сутак няволіліся ў мясцовым ізалятары, застаецца невядомай. Тых хто вызваліўся лічаць, што праз ізалятар маглі прайсьці ня меней за 100 чалавек.

Как в Могилеве прощались с убитым милиционером

Сын барона: «У ізалятары абыходзіліся цярпіма. У міліцыі і пры затрыманьні зьбівалі»

У ізалятары ўтрымліваліся толькі цыганы-мужчыны, але 16 траўня разам з імі затрымлівалі і жанчын. Іх вызвалілі а 5-й гадзіне раніцы 17 траўня. У няволі яны прабылі блізу сямі гадзінаў.

Усе затрыманыя — жыхары магілёўскіх пасёлкаў Чапаеўка і Грабянёва, у якіх кампактна пражываюць цыганы.
19 траўня жанчыны сустракалі сваіх мужчын са сьлязамі. Гаварыць з журналістамі наважваліся нямногія. Тыя, хто адмаўляліся, лічылі, што інтэрвію стане нагодай для паўторнага затрыманьня. Усім, хто выйшаў на волю, інкрымінавалася дробнае хуліганства: «спраўлялі патрэбу ў неналежным месцы».

Ці будуць іх за гэта «правапарушэньне» судзіць, невядома. Копіі пратаколу на рукі нікому не далі.

«У ізалятары з намі абыходзіліся цярпіма, а вось, калі „заскочылі“ у мой дом амапаўцы ў масках, то моцна білі. Зьбівалі прыкладам аўтамата, рукі вывернулі. Зьбівалі маіх сыноў», — згадвае падзеі вечара 16 траўня жыхар Чапаеўкі Раман. Ён сын мясцовага барона.

Па словах суразмоўцы перад уварваньнем амапаўцаў да яго прыяжджалі супрацоўнікі ДАІ і міліцыянты з наркакантролю. Іх цікавіла, ці бачыў ён на Чапаеўцы чорную машыну. Пасьля затрыманьня амапаўцамі чапаеўскіх цыганоў завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, дзе дапытвалі. Трымалі ў спартовай залі.

«Гэта генацыд»

Двое раманавых сыноў Іван і Раман таксама ўтрымліваліся ў ізалятары. Старэйшы сын Раман кажа, што яго зьбівалі на допыце. Дамагаліся, каб сябе агаварыў. Па словах хлопца, сьледчыя спачатку запыталі ў яго, чаму ён затрыманы, калі адказаў, што ня ведае, заявілі: «забіты людзьмі вашай нацыянальнасьці супрацоўнік ДАІ і падазрэньне на вас».
У ізалятары хлопцу выклікалі хуткую дапамогу, бо падскочыў ціск. Далі пігулку і перавялі ў адзіночную камэру. Цяпер ягоны бацька зьбіраецца весьці сына здымаць пабоі. А таксама высьвятляць, хто скраў у яго ў міліцыі тэлефон.

«Я разумею, калі чалавек учыніў нейкае злачынства, то з ім абыходзяцца жорстка, а што мы зрабілі? Гэта ж генацыд», — кажа Раман-старэйшы.

Па яго падліках, з чапаеўскіх цыганоў затрымалі блізу 40 чалавек. Разам з грабянёўскімі колькасьць сягае 100. Ува ўсіх затрыманых сьледчыя перагледзелі зьмесьціва тэлефонаў. Кожны прайшоў асабісты дагляд з распрананьнем да галізны. Выпусьцілі з ізалятара нечакана. Затрыманым сказалі: «з рэчамі на выхад».

Грабянёўскі цыган: «Мяне не наважыліся біць, бо я інвалід І групы»

Грабянёўскія цыганы таксама на волі. Тутэйшаму жыхару Пятру Леанідавічу«пашанцавала» ня трапіць у ізалятар. Ён інвалід І групы і ў Кастрычніцкім аддзеле міліцыі з ім абыходзіліся ня так жорстка, як з іншымі. У няволі ён прабыў сем гадзінаў. Паводле яго супрацоўнікі міліцыі «атачылі пасёлак а 23 гадзіне 16 траўня і пачалі ўсіх хапаць». Пад зьняволеньне падпалі жанчыны, мужчыны, інваліды, дзеці.

«Мяне хацелі біць, але жонка пасьпела сказаць амапаўцу, што я інвалід. Тады мне загадалі хуценька ісьці ў машыну. Ля яе зноў зьбіраўся біць, але не наважыўся», — згадвае суразмоўца.

Па яго словах з іншымі цыганамі не цырымоніліся. Тых, хто знаходзіўся ў дамах, амапаўцы клалі на падлогу разам зь непаўналетнімі. Ён сьцьвярджае, што на ўнучку ягонай сястры міліцыянт наступіў. Ягоная праўнучка цяпер адразу хаваецца, як грукацяць дзьверы. Затрымалі сына, які трое сутак адседзеў у ізалятары.

«Хіба зьдзекавацца так з нацыянальнай меншасьцю ў эўрапейскай краіне?»

Па словах суразмоўцы, звозілі затрыманых грабянёўскіх цыганоў у актавую залю Кастрычніцкага аддзелу міліцыі Магілёва. Калі яго прывезьлі, там ужо знаходзілася пад 50 затрыманых. Сярод зьняволеных было 12-гадовае дзіця і хворая жанчына, якую прывялі пад рукі.
Пятру Леанідавічу ўдалося пераканаць сьледчых, каб яны дазволілі жонцы перадаць яму інсулін, бо ён хворы на цукровы дыябэт.

Ён сьцьвярджае, што ў райаддзеле зьняволеным заявілі, што «цыганоў вінавацяць у забойстве супрацоўніка ДАІ». Забраўшы ўва ўсіх тэлефоны пачалі дапытваць. Суразмоўца кажа, што ня бачыў, каб некага білі, але пратэсты зьняволеных сьледчыя не ўспрымалі.

«У міліцыі казалі, што цяпер цыганам жыцьця ў Беларусі ня будзе», — настойвае ён.

Перажытую сытуацыю параўноўвае з тым, што бачыў у фільмах пра вайну. Пётар Леанідавіч перакананы: беспадстаўныя абвінавачваньні цыганоў у забойстве міліцыянта вядуць да міжнацыянальнага напружаньня.

«Цяпер страшна за дзяцей. Улада ня мусіла так паступаць, бо мелася прадбачыць наступствы. Цяпер мы ворагі і людзі на нас абазьляцца. Будзе больш непрыязьні. Хіба зьдзекуюцца зь меншасьці так у эўрапейскай дзяржаве?», — падсумоўвае ён.

Пра гвалтоўныя затрыманьні паведамілі Свабодзе 17 траўня цыганы з Чапаеўкі. Паводле іх у зьняволеньні сьледчыя патрабавалі, каб яны «выдалі тых хто датычны да выкраданьня міліцыянта». Патрабавалі, каб «цыганскай поштай» тыя перадалі пра гэта цыганам з іншых гарадоў. Нагодай для гвалту стала, нібыта, тое, што машыну выкрадальнікаў бачылі на вуліцах Чапаеўкі.

Сьледчы камітэт: «Дапытваюцца сьведкі»

Афіцыйнай інфармацыі пра датычнасьць прадстаўнікоў цыганскай меншасьці да забойства супрацоўніка ДАІ не агучвалася. 

У Сьледчым камітэце не камэнтуюць інфармацыю пра масавыя затрыманьні цыганоў у Магілёве. Паводле СК, «сумесна з апэратыўнымі супрацоўнікамі міліцыі і экспэртамі працягваецца высьвятленьне абставінаў зьдзяйсьненьня злачынства».

«Праводзяцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні і апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, дапытваюцца сьведкі. Ідзе плянавая работа ў рамках крымінальнай справы, ніякай надзвычайшчыны ў дачыненьні да мясцовых жыхароў няма», — сказала 17 траўня прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.

Міліцыянт крымінальнага вышуку, які займаецца расьсьледаваньнем гэтай справы, на пытаньне наконт затрыманьня цыганоў адказаў Свабодзе: «Мы ніякіх камэнтароў не даем, ёсьць тайна сьледзтва».

Вэрсія пра «чорную машыну» не прыярытэтная

Супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгенія Патаповіча 18 траўня пахавалі на могілках вёскі Вішоў, што ў Бялыніцкім раёне. Як паведамляў днём раней Сьледчы камітэт, сьмерць міліцыянта наступіла ў выніку агнястрэльнага раненьня ў галаву. Ягонае цела было знойдзена ў Магілёўскім раёне.

Сьледчыя разглядаюць некалькі вэрсій здарэньня, у тым ліку правяраецца вэрсія аб выкраданьні міліцыянта невядомымі асобамі на аўтамабілі чорнага колеру, аднак, зыходзячы з атрыманых у ходзе расьсьледаваньня зьвестак, яна, паводле СК, «не зьяўляецца прыярытэтнай».

Правозащитник: Так можно спровоцировать и цыганские погромы