Политика
Алег Грузьдзіловіч, «Радыё Свабода»

Аляксандру Фядуту стала блага падчас допыту ў КДБ

Жонка лідэра АГП напісала скаргу ў пракуратуру адносна умоваў утрыманьня мужа і ліставаньня зь ім. Сям'я Мікіты Ліхавіда атрымала ліст ад экс-прам'ера Бэльгіі спадара Мартэнса. Аляксандру Фядуту падчас допыту стала блага.

Сьвятлана Лябедзька накіравала скаргу ў пракуратуру Менску, якая назірае за турмой КДБ, дзе трымаюць яе мужа, лідэра АГП Анатоля Лябедзьку.

– Прашу праверыць умовы ўтрыманьня мужа ў СІЗА КДБ і прыняць захады пракурорскага ўзьдзеяньня адносна выяўленых парушэньняў, – піша Сьвятлана Лябедзька ў скарзе. Жонку палітыка непакоіць тое, што ў яго рэзка стаў пагаршацца зрок.

– У яго пагаршаецца зрок. Мяне гэта вельмі непакоіць, асабліва пасьля таго, што распавядаў Алесь Міхалевіч. Мяркую, ня ўсё ў яго гэтак добра, як ён піша. Да арышту ён акулярамі не карыстаўся, а зараз піша, што цяжка стала чытаць.

Сям'я Мікіты Ліхавіда атрымала ліст са словамі падтрымкі ад экс-прэм'ер-міністра Бэльгіі, лідэра Эўрапейскай народнай партыі Вільфрэда Мартэнса. Маці вязьня Алена Ліхавід зачытала Свабодзе вытрымку з ліста.

– Хацеў бы праявіць салідарнасьці і падтрымаць вас ў гэты цяжкі час, пакуль ваш сын знаходзіцца ў турме. Падзеі ў Беларусі 19 сьнежня 2010 году шакавалі ўсё дэмакратычнае грамадзтва сьвету. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі яшчэ раз паказаў свой сапраўдны твар, пацьвердзіў, што беларуская дзяржава ёсьць апошняй дыктатурай ў Эўропе. На жаль, ваш сын з-за сваіх палітычных поглядаў ёсьць адным з закладнікаў у беларускіх уладаў.

Мікіта Ліхавід – адзін з фігурантаў справы 19 сьнежня, якога трымаюць на «Валадарцы». Ягоная справа ўжо расьсьледаваная, перададзеная ў пракуратуру і неўзабаве можа патрапіць у суд.

11 сакавіка з палітолягам Аляксандрам Фядутам, якога трымаюць ў турме КДБ, быў допыт, які перарваўся з-за стану здароўя вязьня. Учора ўвечары жонка вязьня Марына Фядута патлумачыла, што здарылася.

– Падчас допыту яму паведамілі, што Навумава памерла і яму стала дрэнна. Таму спынілі допыт і перанесьлі на 12 сакавіка. Магчыма, у суботу дапытаюць зноў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)