Беседка
Кацярына Карпіцкая, Наша Ніва

Алеся Чонг: «Хачу стварыць у Інданезіі беларускую вёску!»

Вандроўніца, за фотаблогам якой сочыць 20 тысяч чалавек, Алеся Чонг — у мінулым праграмістка ў другім пакаленні, а сёння — заўзятая вандроўніца — належыць да тыпу людзей, якім сумна сядзець на месцы.

На мапе куткоў свету, якія яна наведала, — дзясяткі краін, аднак сярод любімчыкаў, канешне, азіяцкі напрамак. Свае ўражанні жанчына фіксуе на камеру і выкладвае іх у інстаблог.

З «НН» Алеся падзялілася гісторыямі з падарожжаў, якія ледзь не каштавалі ёй жыцця, ды расказала, што замінае большасці людзей у Беларусі выйсці з зоны камфорту.

Фота з архіваў гераіні

— Алеся, у вас за плячыма шмат вандровак, а памятаеце сваё першае падарожжа?

— У мяне з дзяцінства перад вачыма быў натхняльны прыклад: мой бацька — таксама праграміст (яны з маці ўвогуле былі аднымі з першых беларускіх матэматыкаў-праграмістаў) па рабоце шмат паездзіў па сацыялістычных краінах. А дзед Максім у маладосці, адразу пасля вайны, служыў на Чарнаморскім флоце. З калегамі яны дужа паплавалі па розных марах і акіянах, пра ўсё гэта ён распавядаў фантастычна цікавыя гісторыі. Таму, як толькі з’явілася магчымасць, я таксама адправілася глядзець свет.

Амаль што без грошаў у 1996 годзе з мужам мы накіраваліся ў Францыю аўтаспынам да сяброў. Нам было гадоў 20, на руках мы мелі толькі мапы і кантакты знаёмых. Добра, што Марк размаўляў па-французску, інакш перасоўвацца было б складаней.

На шляху нам сустрэлася мноства файных людзей, якія, ведаючы што мы едзем з мінімальным бюджэтам, часам адвозілі нас на 50 кіламетраў далей, чым ім было па дарозе. Аднойчы быў прыкольны выпадак: француз падвозіў нас да вёскі, дзе якраз жылі нашы сябры, і гасцінна запрасіў на яго яхту ў Бардо, калі мы там выпадкова будзем: расказаў, пад якой анучай ляжыць ключык, дазволіў частавацца віном, каньяком. На жаль, нам гэта было не па маршруце.

— Ваш муж — англічанін, як вы пазнаёміліся?

— Я працавала ў Беларускім сацыяльна-экалагічным саюзе «Чарнобыль». Да 10-й гадавіны Чарнобыля мы рыхтавалі кніжку з эсэ школьнікаў, дзе тыя апісвалі, якім чынам аварыя паўплывала на іх жыццё. Невялікі зборнік найлепшых гісторый планавалася выдаць і па-англійску, яго рыхтавалі супрацоўнікі Лінгвістычнага ўніверсітэта. Нечакана высветлілася, што кніжку прыйдзецца перарабляць нанава, таму што ў некаторых месцах яны не толькі «забыліся» нешта перакласці, але і нават нешта дадалі ад сябе.

Тэрміны падціскалі, прыйшлося працаваць па начах. Пераклад даверылі майму мужу, які быў лінгвістам: ён праходзіў у Мінску практыку, а потым прыехаў сюды на работу. Мы з ім начамі сядзелі над зборнікам, каб яго выдалі своечасова: ён перакладаў, а я адразу вярстала. Так і пазнаёміліся.

У 1996 годзе мы страцілі апошнія ілюзіі наконт нашай будучыні ў Беларусі, страцілі надзею на яе адэкватнае развіццё і пераехалі ў Англію.

Там я падвучыла ангельскую, але сама краіна мне не спадабалася: усё занадта цывілізаванае, ад’ехаць у дзікі лес, такі, як у нас хаця б, амаль немагчыма: усе яны ў сцежках, знаках, папярэджаннях пра небяспеку… Дзяржава спрабуе клапаціцца пра сваіх жыхароў, але некаторым гэта перашкаджае. Муж таксама ніколі не хацеў жыць у Англіі, таму мы аселі ў Польшчы: тым больш што ў 90-я там была вельмі вялікая беларуская супольнасць, гэта цяпер у Польшчы украінцаў значна больш, па вядомых прычынах.

Спачатку здавалася, што мы там часова і хутка вернемся ў Беларусь. Верылася, што палітычныя змены, якія адбываліся ў нас у канцы 90-х — гэта нейкі анахранізм, непаразуменне, якое хутка скончыцца, і краіна працягне развівацца нармальна. Але ў выніку ўсё зацягнулася, і цягнецца да гэтага часу.

Некаторыя польскія сябры нават сёння думаюць, што, калі яны паедуць у Беларусь, іх адразу схопяць на мяжы і пасадзяць у турму. Мы ўсё гэта, канешне, аспрэчваем, але мясцовыя медыя даюць мала пазітыўных момантаў пра Беларусь. Яны глядзяць на гэта праз сваю прызму, не ўлічваючы мясцовую спецыфіку і здольнасць любога чалавека, не толькі беларуса, адаптавацца пад існуючыя ўмовы, калі ён не можа іх змяніць. Гэта агульнасусветны феномен: проста камусьці больш пашчасціла, камусьці менш.

Хаця ў апошнія гады бачна, што як мінімум культурная сфера ў Мінску вельмі паправілася, у параўнанні з тым, што было раней. Шмат цікавых мерапрыемстваў праходзіць нават на некалі забытых богам хутарах.

— Муж ваш вывучыў і беларускую мову?

— І беларускую, і польскую мы разам ведаем. Але я сама прыйшла да мовы толькі ў канцы 80-х: бацькі былі рускамоўнымі, я хадзіла ў школу з рускай мовай навучання. А потым пачаліся мітынгі з удзелам Талакі, зараджэнне БНФ… Плюс у Чарнобыльскім саюзе ў мяне адбылося знаёмства з Васілём Якавенкам: ён заўсёды быў беларускамоўным і вельмі моцна паўплываў на маё жыццё ў пазітыўным сэнсе.

Натуральна, што, калі мы сям’ёй прыязджалі ў вёску, то там людзі зусім не па-руску размаўлялі, хаця некаторыя былі упэўненыя ў зваротным. Дарэчы, з гэтым «недарускамоўем» звязаная вельмі цікавая гісторыя. Мой сябра Бэн з Англіі толькі-толькі скончыў Оксфард, дзе вывучаў французскую і рускую.

Ён першы раз прыехаў у Беларусь, а я яго адразу ў вёску Чэрнеўка да родных пацягнула. Машыну трэба было паркаваць на пачатку вёскі, а далей 1,5 кіламетры ісці пешшу да маіх сваякоў, бо дарога там была такая, што толькі трактар мог праехаць. Каля хаты, дзе мы паркаваліся, за сталом сядзела ўся вёска: нагодай была гадавіна са смерці нейкай мясцовай кабеты. Нас таксама паклікалі за стол: людзей растасоўвалі так, каб галоўныя п’яніцы не сядзелі побач. І так аказалася, што адзін з найгоршых алкаголікаў сеў разам з Бэнам: першы ўсё яму нешта расказваў ды падліваў. А Бэн зусім нічога не разумеў, мне прыйшлося перакладаць.

Пасля ён здзіўлена пытаўся: дык на якой мове яны ў вёсцы размаўляюць? Я пажартавала, што гэта сумесь рускай з мясцовым дыялектам ды з алкагольным акцэнтам.

— У вашай сям’і вы з'яўляецеся ініцыятарам вандровак?

— Мы абое гэта любім. Цікаўнасць да свету — тое, што ва ўсіх ёсць першапачаткова, толькі ў некаторых людзей яна чамусьці знікае. Ёсць, канечне, розныя тыпы людзей: адным, як мне, не сядзіцца на месцы, а ёсць тыя, для каго адпачынак, калі ніхто не чапае. Мы з мужам жартавалі, што нашы вандроўкі — гэта насамрэч цяжкая праца, якая патрабуе шмат эмоцый і фізічных намаганняў. Аднак, калі заўсёды сядзіш за камп'ютарам, пераключацца на нешта іншае вельмі важна.

Я заўважыла, што ў многіх беларусаў цікаўнасць да свету хоць і захавалася, але яны баяцца. Таму што не ведаюць іншую мову, не ведаюць, што іх за мяжой чакае… Яны перастрахоўваюцца і набываюць пуцёўкі за велізарныя грошы ў такія месцы, куды ўвогуле не варта ехаць, бо для іх гэта гарантыя, што з імі нічога не здарыцца. Але гэта няпраўда, бо натоўпы турыстаў утойваюць у сабе больш небяспекі, чым рэгіёны, дзе іх няма.

— Калісьці вы расказвалі чытачам «НН», як на Мадагаскары вас уджаліў скарпіён, што яшчэ пагражала вам падчас падарожжаў?

— З Мадагаскарам нам увогуле не шанцавала: былі там з мужам чатыры разы, і кожны з іх ці я, ці ён, ці мы разам, баяліся, што памром. У большасці выпадкаў гэты было звязанае з вандроўкамі па моры. Так, аднойчы мы хацелі трапіць на пірацкую выспу Сант-Мары. Чатыры дні чакалі, пакуль мора супакоіцца, каб паром мог нас давезці. Адлегласць там невялікая: у звычайны дзень дарога займае не больш за гадзіну. Аказалася, што паром, на якім нас будуць перапраўляць, — насамрэч, карабель часоў Другой сусветнай вайны з плоскім дном пад назвай «Самсанэт».

Тое месца, трум, якое мусіла заставацца пустым, каб карабель не пераварочваўся, абслугоўваючы персанал ушчэнт забіў рэчамі пасажыраў. У мясцовых жыхароў да ўсяго трошкі пафігісцкае стаўленне: лічыцца, што лёс залежыць ад нейкіх вышэйшых сіл, толькі не ад самога чалавека. На борце было турыстаў 70 і джып. Пачаліся велізарныя хвалі, капітан рабіў усё, каб судна не перакулілася, але яго кідала то налева, то направа. Вада ляцела ўнутр, усе стаялі бледныя, ванітавалі, развітваліся з жыццём… Але мы выжылі!

На наступны год, за месяц перад нашым прыездам, «Самсанэт» патануў разам з мясцовай футбольнай камандай, а на мяне напаў скарпіён. А яшчэ праз год мы зноў трапілі на «лодку з пекла», на борце якой здарыўся пажар.

У Кеніі мяне ўразіла бедната і стаўленне да мясцовых жыхароў дырэктараў фірм, што нажываюцца на турыстах. Яны атрымліваюць ад прыезджых вялікія грошы, а так званыя абарыгены не толькі пазбаўленыя права на сваю зямлю, дык яшчэ і атрымліваюць за працу на кухні ці ў якасці ахоўнікаў 3—4 даляры на месяц.

Першая парада, якую мы атрымалі, калі прыехалі ў Кенію, была наступнай: ніколі не пакідайце гатэль самастойна, перасоўваецеся толькі на таксі.

За вячэрай іншыя турысты распавялі нам гісторыю, як адзін з хлопчыкаў, што спыніўся тут за тыдзень да нас, усё ж вырашыў самастойна пайсці у парк, што знаходзіўся побач. З сабой ён узяў толькі мапу. Вярнуўся вельмі хутка, увесь у сіняках і адных майтках.

Да парку ён дайшоў без праблем, але, як толькі апынуўся ў межах, на яго накінулася група маленькіх дзяцей, па 5—6 гадоў. Яны, як ліліпуты Гулівера, павалілі яго на зямлю і ўсё, што здолелі, паздзіралі.

Там шмат бяздомных дзяцей, і гэта культурны шок — назіраць, як малое дзіця нюхае клей, напрыклад… Пры гэтым Кенія зусім не бедная краіна, яны шмат экспартуюць.

У 2002 годзе з Беліза я прывезла трапічную хваробу.

Першыя сімптомы ў мяне былі страшныя: вялікая тэмпература, балелі косці, я памірала. Наступныя некалькі дзён усё было акей, пасля паўтарылася зноў. Калі я ўжо дабралася да шпіталя ў Польшчы, дактары нічога не знайшлі ў мяне, для прафілактыкі назначылі антыбіётыкі. Але апошнім часам хвароба пачала праяўляць сябе раз на тры месяцы і цягнуцца ўсё даўжэй — гэта стала замінаць нармальна функцыянаваць, а ў шпіталях нічога вызначыць зноў не маглі.

Таму я сама пачала чытаць тэматычныя форумы, шукаць парады ад людзей, якія былі у падобных краях: усё сведчыла пра барэліёз. Пазней я знайшла ў Варшаве спецыяліста, які ведае гэтыя хваробы: выпрацоўваем з ім стратэгію лячэння, што грунтуецца на антыбіётыках і рэчывах, разбураючых цысты, у якіх бактэрыі праводзяць большую частку часу, хаваючыся ад імунітэту і ад любых лекаў.

— І не страшна пасля гэтага наведваць экзатычныя краіны?

— Рызыка захварэць яна заўсёды ёсць, нават у Беларусі. Калі нехта ў лес любіць хадзіць, то падхапіць заразу ад кляшчоў даволі проста. Таму галоўнае — заўсёды загадзя рыхтавацца да вандровак, здабываць веды наконт таго месца, куды едзеце.

— Многім будзе цікава даведацца, як зарабляць грошы такім чынам, каб мець магчымасць пастаянна вандраваць, як вы?

— Зараз мы працуем як фрылансеры, займаемся перакладамі. Натуральна, гэта не прыносіць шалёных грошай. Аднак у нас ніколі не было мэты купіць дарагі аўтамабіль, яго няма да гэтага часу.

Мы эканомім на шмат якіх рэчах: напрыклад, усё адзенне, акрамя абутку і джынсаў, я набываю ў сэканд-хэндах. Навошта марнаваць грошы на шмоткі, калі іх можна адкласці на падарожжа?

Калі мы ў 20 гадоў праехалі амаль усю Францыю аўтаспынам, у нас таксама амаль не было грошаў, але гэта не стала перашкодай. Можна падарожнічаць і з досыць абмежаваным бюджэтам. А калі ёсць час, зарабляць на жыццё наўпрост на месцы. Так, у Мексіцы, каля Паленкі, звычайныя турысты плацілі за бунгала і ежу каля 10 даляраў на месяц. Але існавала опцыя жыць там зусім бясплатна: для гэтага ты мусіў нечым дапамагаць уладальнікам чатыры гадзіны ў дзень: падмесці лісце, папрацаваць на кухні ці падрыхтаваць бунгала для новых гасцей.

У Камбоджы трое амерыканцаў, што падарожнічалі па Азіі, жылі бясплатна, дапамагаючы гаспадарам тым, што балбаталі з гасцямі ды рабілі ім кактэйлі. Такія мажлівасці ёсць паўсюль: чым больш ты размаўляеш з людзьмі, тым больш магчымасцяў адкрываецца.

— Якая краіна для вас стала самай любімай, куды хочацца вяртацца і, можа, нават жыць?

— Любімай краінай для мяне стала Інданезія. Туды я прыязджала ўжо разоў пяць: там вельмі танна і не так шмат турыстаў (калі не лічыць Балі, канечне). Акрамя таго, інданезійцы — вельмі файныя людзі.

Палітычна краіна даволі стабільная. Цэнтральная ўлада амаль не ўмешваецца у лакальныя справы, таму там моцна развітае самакіраванне і мясцовы бізнэс, і гэта вельмі добра.

На выспачцы, дзе мы апошні раз былі з сяброўкай, у дзвюх вёсках жыве 400 чалавек. Цікава, што ў кожнай з іх свой дыялект, які суседзі з іншага сяла не разумеюць. Мы вырашылі, што гэта для таго, каб спакойна пляткарыць адзін пра аднаго (смяецца).

Што мяне здзівіла, дык гэта развітая інфраструктура на гэтыя некалькі кіламетраў. Там стаяць тры школы, ёсць шпіталь з хуткай лодкай, якая за гадзіну даставіць цябе ў лепшы шпіталь, маецца свая пажарная служба, але няма паліцыі.

Мы запыталіся: «А чаму так?». На што пачулі адказ: «У нас усе баяцца старшыні вёскі». А старшыня ў іх — гэта жанчына, сталая ўжо. І мы яшчэ раз пытаемся: «Дык а што яна вам можа зрабіць»?. На што мясцовыя кажуць: «Яна будзе незадаволеная».

Нам так там спадабалася, што мы з сябрамі марым заснаваць у Інданезіі беларускую вёсачку. Амерыканская там, дарэчы, ужо ёсць.

На Мадагаскары таксама вельмі крута, але ў тых месцах, дзе я б хацела жыць, усё вельмі нестабільна па прычыне надвор’я. Кожны год рознымі шляхамі там праходзяць цыклоны, разбураючы ўсё. Няважна, што ў цябе ў маёмасці: праз некалькі гадоў усяго гэтага можа не быць.

— Сваімі ўражаннямі ад паездак вы дзеліцеся ва ўласным фотаблогу, раскажыце пра яго падрабязней.

— Так, я маю інстаблог, які з’явіўся пасля таго, як сябры пачалі сароміць мяне, маўляў, маю шмат фотаздымкаў, з якімі нічога не раблю. Арганізоўваліся ў мяне аднойчы паказы слайдаў ў Польшчы, але не больш за тое. Адзін з сяброў вызваўся дапамагчы стварыць фотаблог і пачаў яго раскручваць. Але нешта ў яго не атрымалася ды і часу не хапала, таму я пачала займацца ім сама.

У нейкі момант на блог пачалі падпісвацца па 300 чалавек у дзень. Сёння я маю амаль 20 тысяч падпісантаў. Можа, калі-небудзь блог стане адной з дадатковых крыніц заробку, але спачатку мне трэба крышачку гэтаму ўсяму павучыцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)