Общество
Віталь ГАРБУЗАЎ, «Народная воля»

Алег Волчак «знаходзіцца ў шоку ад таго, што з ім адбылося» (фота)

«За 9 дзён у ізалятары на свежае паветра вывелі толькі два разы і два разы дазволілі прыняць душ», – кажа праваабаронца.

Вядомага праваабаронцу каля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна сустракалі бацькі, родны брат, сябры і карэспандэнт “Народнай Волі”.

Трымаўся Алег бадзёра. Пра тое, што 9 сутак правёў за кратамі гаварыла шчацінне на твары і крыху заўважная стомленасць у позірку.

– Умовы жахлівыя, – расказаў Алег. – Амаль што за паўгода ў ізалятары нічога не змянілася. Вільготна, холадна, брудна. Ежа дрэнная, асабліва – хлеб. Кожны дзень пісаў заявы, каб дазволілі прагулку і лазню. Але за 9 дзён на свежае паветра вывелі толькі два разы і два разы дазволілі прыняць душ.

– Алег, часу паразважаць, чаму цябе зноў кінулі за краты, у ізалятары хапала…

– Насамрэч, я дагэтуль знаходжуся ў шоку ад таго, што са мной адбылося. Відавочна, што затрымалі мяне абсалютна беспадстаўна. Навошта гэта было патрэбна? Каму гэта было выгадна? Адказаў я не знаходжу. Хутчэй за ўсё гэты тэрмін я атрымаў з-за сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі і праваабарончай дзейнасці...

Адразу пасля затрымання ў мяне не было ніякіх ілюзій наконт таго, што хутка апынуся на свабодзе. Пасадзілі ў машыну. А там ляжаць пісталеты ды бронекамізэлькі… Вось і думай што хочаш… Ад суда я таксама нічога добрага не чакаў. Абвінавачанне ў лаянцы – беспадстаўнае. Дарэчы, я вельмі ўдзячны свайму адвакату Дар’і Ліпкінай. Яна зрабіла ўсё, што змагла, каб выкрыць фарс і абсурднасць самога абвінавачання. Калі суддзя Таццяна Ткачова папрасіла сведкаў – супрацоўнікаў міліцыі Дзмітрыя Тукайлу і Андрэя Каніна, на паперцы напісаць канкрэтныя выразы, якімі я быццам бы аблаяў міліцыянераў, дык ніводнае брыдкае слова ў паказаннях сведкаў не супала. Пра якую аб’ектыўнасць і праўдзівасць доказаў можна гаварыць?... Таму вынесены мне прысуд я не прызнаю законным. Але ж гэтае зняволенне мяне не зламала…

Як вядома, праваабаронца Алег Волчак быў асуджаны да дзевяці сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за тое, што лаяўся на вуліцы. Суддзя суда Цэнтральнага раёна сталіцы Таццяна Ткачова, даверыўшыся паказанням супрацоўнікаў палка міліцыі асаблівага прызначэння Дзмітрыя Тукайлы і Андрэя Каніна, прызнала Волчака вінаватым у дробным хуліганстве. Гэта быў ужо другі арышт Алега Волчака ў гэтым годзе нібыта за лаянку ў грамадскім месцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)