Общество
Мікола Чарняўскі

«Акудовіч пазбавіў беларускую філасофію цнатлівасці і зрабіў яе сэксоўнай»

На святкаванне 60-га Дня народзінаў філосафа Валянціна Акудовіча вечарам 18 чэрвеня ў галерэю «Ў» прыйшлі яго калегі, паэты, мастацтвазнаўцы. Не прыйшоў толькі сам юбіляр. Святочны вечар ператварыўся ў парад жартаў і анекдотаў.

Чаму аўтар вядомых эсэ «Мяне няма. Роздум на руінах чалавека», «Дыялогі з Богам», «Разбурыць Парыж» і інш. не з’явіўся на сваім свяце?

– Акудовіч – філосаф, якога няма. Некалькі дзён таму ён не спыніўся на гэтым дасягненні і вырашыў праігнараваць каляндар. 14-га чэрвеня ён паспяхова сышоў у водную вандроўку, свята перакананы, што без яго не настане ягонага юбілею, – патлумачыў прычыну Андрэй Хадановіч, вядучы імпрэзы ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Аднак яго сябры сабраліся на святкаванне і з задавальненнем падкрэслілі значнасць Валянціна Акудовіча для беларускай гісторыі.

– Акудовіч амаль у адзіноце з невялічкай суполкай хаўруснікаў па партызанску зрабіў неверагодна істотную рэч – я кажу пра рэанімацыю беларускага мыслення. Акудовіч зрабіў для беларускай філасофіі тое, што зрабіў Хадановіч для беларускай паэзіі – ён зрабіў яе хітовай. Стылёвай, празрыстай, драйвовай, вострай. Акудовіч канчаткова пазбавіў беларускую філасофію цнатлівасці і зрабіў яе сэксоўнай, – адзначыў культуролаг Максім Жбанкоў.

У адсутнасць юбіляра святочны вечар у яго гонар ператварыўся ў парад жартаў і анекдотаў пра філосафа.

Андрэй Хадановіч працытаваў эсэмэску ад знаёмай з кампаніі філосафа і пасля не ўстрымаўся, каб скласці вершаваныя радкі: «Першы дзень падарожжа прайшоў выдатна. Байда Акудовіча перакулілася двойчы, акуляры Акудовіча згублены. Усё ў парадку, усё як мае быць… Заснула ў спальніку адна, бо Акудовіча няма».

Літаратуразнаўца Пятро Васючэнка: «Усе мы ведаем эсэ Акудовіча «Разбурыць Парыж». Пару год таму пад Парыжам знішчалі і падпальвалі аўтамабілі – гэта матэрыялізацыя філасофіі спадара Валянціна Акудовіча. Я вельмі ўдзячны яму, што ён не напісаў эсэ «Разбурыць Полацак» – пра мой родны горад».

Літаратар, «хросны сын» Акудовіча (маюцца на ўвазе мафіёзныя сувязі) Юрась Барысевіч: «Тэзіс Акудовіча «мяне няма» – гэта значыць, што не толькі яго няма. Маецца на ўвазе ўсіх нас няма. Ёсць аўтары, якія хварэюць на зоркавую хваробу. Акудовіч, відаць, гэта аўтар, які хварэе на чорнадзіркавую хваробу».

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч: «Я з’яўляюся сведкам, што Акудовіч ёсць! Я з ім піў».

Максім Жбанкоў: «Акудовіч усюды. Уключаеш «Радыё Свабода» – Акудовіч каментуе строі ўдзельнікаў «Еўрабачання». Збіраешся з сябрамі на лецішча, яшчэ не паспелі дамовіцца, а Акудовіч ужо купляе лепшую гарэлку».

Напрыканцы вечара Андрэй Хадановіч узгадаў неверагодна глыбокую філасофскую думку, якую некалі пачуў з вуснаў Валянціна Акудовіча, калі той адкрываў банку тушонкі: «Еш – не еш – усё адно памрэш».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)