Актывіста хацелі пакараць за «вуліцу Васіля Быкава»

У будынку адміністрацыі Ленінскага раёну Мінска адбылося пасяджэнне камісіі па разглядзе справы актывіста кампаніі “Гавары праўду!” Юрыя Ганчара.

У будынку адміністрацыі Ленінскага раёну Мінска адбылося пасяджэнне камісіі па разглядзе справы актывіста кампаніі “Гавары праўду!” Юрыя Ганчара.

Яму інкрымінавалі артыкул 21.14, частка 1 КаАП РБ – “парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў”. Верагодна таму, што сваімі дзеяннямі Юрый загрувашчваў вуліцы, плошчы, двары ды іншыя землі агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі і іншымі прадметамі. Пад “іншымі прадметамі” мелася наўвазе налепка “Вуліца Васіля Быкава”, якую актывіст прыстасаваў на фасадзе дома нумар 30 па вуліцы Ульянаўская акурат у Дзень народзінаў Васіля Уладзіміравіча 19 чэрвеня бягучага года.

Падтрымаць свайго сябра па грамадзянскай кампаніі прыйшоў яе лідар Уладзімір Някляеў і актывісты з Мінска. У знак салідарнасці з Юрыем яны сёння зноў вывесілі шыльды “Вуліца Васіля Быкава” уздоўж Ульянаўскай.

А вось што адзначыў сам Юрый перад пачаткам пасяджэння камісіі:

- Канешне, на першы погляд можа здацца, што ва ў бягучых умовах валютнага крызіса, перабояў з прадуктамі харчавання, маланкавым збядненнем большасьці насельніцтва Беларусі такія пытанні, як барацьба за перайменаванне вуліц, гэта простае марнаванне часу, але насамрэч гэта зусім не так. Бо, па майму разуменню, вонкавыя змены не пачнуцца, пакуль спачатку не зменіцца свядомасць чалавека, свядомасць народа.

Пакуль, перафразуючы словы героя кнігі Міхаіла Булгакава прафесара Прэабражэнскага, “разруха у нас не в подъездах, разруха у нас в головах”, і таму, пакуль беларусы не пачнуць па сапраўднаму паважаць сваю гісторыю, ушаноўвываць памяць сваіх лепшых сыноў, такіх, якім, безумоўна, з’яўляецца паважаны Васіль Уладзіміравіч, пакуль нашыя ўлады не перастануць дзяліць народ на сваіх і чужых, да гэтага часу мы будзем не жыць, а існаваць. І што можна чакаць ад чалавека, якого атачаюць сімвалы ды імёны Ульянава-Леніна, Свярдлова, Кірава, Дзяржынскага? Імёны людзей, знішчыўшых цвет інтэлектуальнай эліты нацыі, раіўшых “шире применять расстрелы” дзеля ўсталявання сваёй асабістай улады, рабаваўшых храмы і руйнаваўшых манастыры?

На жаль, мне здаецца, што гарадское чынавенства, якое папросту летась адмахнулася ад 50 тысячаў подпісаў мінчукоў пад ініцыятывай “Гавары праўду!” аб перайменаванні вуліцы Ульянаўскай у вуліцу Быкава, з’яўляецца прамымі духоўнымі нашчадкамі “крывавага Ільіча”. Такім чынам, імя Васіля Быкава робіцца своеасаблівым сімвалам супраціву рэжыму, які да гэтага часу здольны толькі на дробную помсту вялікаму пісьменніку. Але я ўсе ж такі веру: з’явіцца, абавязкова з’явіцца ў нашым горадзе, дзе доўгія гады жыў і працаваў Быкаў, дзе ён знайшоў апошні прытулак, вуліца яго імя. І кампанія “Гавары праўду!” будзе рабіць усё магчымае, каб гэта адбылося як мага хутчэй”. Пасяджэнне пачалося ў 14.20. Някляеву дазволілі прысутнічаць пры разглядзе справы. Старшыня камісіі зачытаў правы і абавязкі правапарушальніка Ганчара. Аднак у ходзе справы высветлілася, што з моманту правапарушэння прайшло больш, чым два месяцы, і такім чынам, згодна з дзеючым заканадаўствам, Юрый вызваляецца ад пакарання.

На заканчэнне Юрый падараваў старшыні камісіі і адказнаму сакратару кнігі Васіля Быкава з сімвалічнай назвай “Знак бяды” і “Ваўчыная яма”.

На пытанне карэспандэнта zapraudu.info пра адзнаку вынікаў дадзенага пасяджэння, Някляеў адказаў:

- На маю думку, гэта было зроблена ўладамі наўмысна, каб не быць абвінавачанымі ў нелюбові да Васіля Уладзіміравіча. Бо ў іншых выпадках яны реагуюць імкліва і жорстка. А кампанію за перайменаванне мы працягнем, бо гэта для нас справа годнасці і гонару.

Каб словы не разыходзіліся са справай, Уладзімір Пракопавіч напісаў зварот да галавы адміністрацыі Ленінскага раёну з прапановай разгледзець пытанне аб ушанаванні памяці Васіля Быкава.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)